Авторизация
 

Адведзіны Язненскай сярэдняй школы

 Намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Язненскай сярэдняй школы Ірыну КУХЦІНСКУЮ застала за падвядзеннем вынікаў конкурсу чытальнікаў. Разам з калегамі вырашалі, хто са школьнікаў лепш прадэкламаваў вершы аб прафесіях. Гэта адно з мерапрыемстваў тыдня прафарыентацыі, што нядаўна праходзіў ва ўстанове.

ЗНАЙДЗІ любімую справу — і не будзеш працаваць ніводнага дня, раіў старажытны кітайскі філосаф Канфуцый. Праз стагоддзі словы не страцілі актуальнасці. Калі на працоўным месцы займаешся тым, што падабаецца, то слова “работа” не становіцца сугучным слову “рабства”. Асабліва пры своечасовай і прыстойнай аплаце.


 Іншае пытанне, як выбраць сваю прафесію. Адказ на яго адны шукаюць з малых гадоў, а хтосьці прымае рашэнне, трымаючы на руках сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання.


У ШКОЛАХ са светам прафесій вучняў знаёмяць педагогі. Наладжана справа ў Язненскай СШ.
— Прафарыентацыйнай работай ахоплены ўсе класы, — заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Кухцінская. — На працягу навучальнага года праходзяць тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны. Два разы на год арганізоўваем агульнашкольныя мерапрыемствы. Большы акцэнт на вучняў 9-га і 11-га класаў. З імі класныя кіраўнікі штомесяц праводзяць заняткі па прафарыентацыі.
НАСЫЧАНЫМ атрымаўся тыдзень “Сем крокаў да прафесіі”, што праходзіў з 28 студзеня да 2 лютага. У школьнай бібліятэцы дзейнічала выстава рэкламнай прадукцыі навучальных устаноў. З буклетаў і брашур вучні маглі даведацца, дзе атрымаць прафесіі, што іх цікавяць. У вышэйназваным конкурсе чытальнікаў паўдзельнічалі школьнікі з 2-га па 9-ы класы. Пераможцамі сталі вучні-пачаткоўцы. З дапамогай камп’ютарных тэстаў правялі прафесійную дыягностыку для васьмі—адзінаццацікласнікаў. Таксама школьнікі рыхтавалі малюнкі, творчыя праекты “Падарожжа ў краіну прафесій”. Вучні выпускных класаў разам з равеснікамі з іншых школ раёна пабывалі ў Полацкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці.


 — На беларускім рынку працы запатрабаваны рабочыя спецыяльнасці. Маем гэта на ўвазе, праводзячы прафарыентацыю сярод школьнікаў,— гаворыць Ірына Захараўна. — Апошнія гады большасць нашых выпускнікоў паступае ў сярэднія спецыяльныя ўстановы. Іх навучэнцамі ў мінулым годзе сталі дзесяць з васямнаццаці адзі- наццацікласнікаў. Пяцёра пайшлі ў прафесійныя ліцэі. Двое паступілі ва ўніверсітэты. Прафесіі выбралі розныя — педагог, выхавальнік, бухгалтар, фельчар, медсястра, сакратар, зваршчык. Дзявяты клас скончылі таксама васямнаццаць вучняў. З іх дзевяць працягваюць вучобу ў дзясятым класе. Астатнія асвойваюць будучыя прафесіі — педагога, праграміста, тэхніка лясной прамысловасці, электраманцёра, ткача, бетоншчыка — у тэхнікумах, каледжах, ліцэях.


ДЗЯСЯТЫ клас у гэтым навучальным годзе ў школе эксперыментальны. Пяцёра вучняў на павышаным узроўні вывучаюць беларускую мову і хімію. Трое наведваюць факультатыў “Увядзенне ў аграрныя прафесіі”. Адна вучаніца асвойвае прафесію швачкі, у яе раскладзе — шэсць гадзін працоўнага навучання на тыдзень. Скончыўшы школу, разам з атэстатам атрымае дакумент, які будзе пацвярджаць набытыя прафесійныя ўменні.


 Нярэдка людзі, якія сцвердзіліся ў абранай справе, заўважаюць, што вызначыцца з выбарам ім дапамаглі менавіта педагогі.
— Гэта не дзіўна. Часам настаўнікі ведаюць дзяцей лепш за іх бацькоў, — гаворыць Ірына Кухцінская. — Мы знаёмім школьнікаў з прафесіямі і навучальнымі ўстановамі, дзе іх можна атрымаць. І ўсё ж канчатковае рашэнне, куды пайсці вучыцца, прымаецца ў сям’і. Адыгрываюць ролю адлегласць, наяўнасць інтэрната пры навучальнай установе і іншыя фактары.


СЁЛЕТА ў Язненскай сярэдняй школе дванаццаць адзінаццацікласнікаў. Здалі пробнае тэсціраванне, прааналізавалі, над чым трэба працаваць. Хтосьці дакладна вызначыўся з будучай навучальнай установай, іншыя пакуль у развагах. Выбар прафесіі — адзін з самых галоўных у жыцці. Прымаць яго трэба абдумана. 

У ТЭМУ
Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у 2018-м годзе найбольш запатрабаванымі былі вадзіцелі аўтамабіляў, медсёстры і ўрачы. Таксама ў гэтым спісе ветэрынарныя ўрачы, інжынеры, бухгалтары, фельчары, фармацэўты, менеджары.
У рабочай сферы акрамя вадзіцеляў карысталіся попытам трактарысты, швачкі, павары, электрагазазваршчыкі, у будаўнічай — муляры, штукатуры, маляры.

Фотаматэрыял прадастаўлены Язненскай СШ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта