Шаснаццаць вучняў аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў суправаджэнні Веранікі Шамінка і Аксаны Няміра накіраваліся на экскурсію ў Віцебск. Прыемныя ўспаміны пра паездку надоўга застануцца ў памяці.
Як жа забыць падарожжа па абласным цэнтры, дзе многія пабывалі ўпершыню. Дзеці разглядалі мясцовыя славутасці: Ратушу, плошчу Перамогі з велічным манументам у выглядзе трох штыкоў, летні амфітэатр. Уразіў помнік самаму высокаму віцябляніну. Аказваецца, па вуліцах горада ў пачатку стагоддзя хадзіў чалавек, рост якога ў 16 год складаў амаль два з паловай метры, а ў старэйшым узросце без малага тры! Сапраўдны велікан.
Зацікавіла квэст-гульня. Дзеці з запалам шукалі зашыфраваныя коды-падказкі на галоўнай гарадской плошчы. Сапраўдныя прыгоды з кладам. Скарб знайшлі і атрымалі сувеніры на памяць.
Пасля такіх забаў трэба было набрацца сіл. Разам скіраваліся ў Макдональдс.
Наведалі прадпрыемства “Віцебскія дываны”. Экскурсавод пазнаёміла з тэхналогіяй вытворчасці. Цікава, аж дух захоплівае! Для аднаго дывана выкарыстоўваецца звыш 10 тысяч катушак нітак. Прычым незвычайных, кожная важыць чатыры кілаграмы. А малюнак на вырабе друкуецца вялізным прынтарам. Ім адначасова можна пафарбаваць чатыры дываны.
Мы наведалі склад, дзе прадукцыя захоўваецца да адпраўлення на продаж, і фірменны магазін. Спадабаліся арыгінальныя і дзіўныя дываны.
За адзін дзень навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі атрымалі шмат прыемных уражанняў. Дадому вярталіся стомленыя, але задаволеныя.
Фота з архіва цэнтра ДіМ.
Вераніка ШАМІНКА, метадыст
раённага цэнтра
дзяцей і моладзі.