Авторизация
 

Камсамольскае юнацтва на Міёршчыне ўспамінае Аляксандр Спірыдовіч

 Аляксандр Спірыдовіч даволі даўно як пенсіянер службы па надзвычайных сітуацыях. Застаць яго ў Міёрах няпроста, бо дапамагае састарэламу цесцю па гаспадарцы ў маленькай вёсачцы, што размяшчаецца на беразе ракі Дзісна ў Пастаўскім раёне. 

Мне пашанцавала: напаткаў былога другога сакратара райкама камсамола па дарозе ў наш райцэнтр, дзе ён планаваў рамантаваць кватэру. З нагоды стагоддзя маладзёжнай арганізацыі мэтанакіравана распытаў яго пра цудоўны час маладосці, калі быць актывістам сярод аднагодкаў было нармальным станам душы, жыццёвай патрэбай. Прапаную вашай увазе маналог Аляксандра Аляксандравіча.

Пра сябе
Нарадзіўся ў вёсцы Пустаселле Докшыцкага раёна ў сям’і калгасных жывёлавода і даяркі 13 красавіка 1962 года. Быў трэцім дзіцём, маю дзвюх старэйшых і адну маладзейшую за мяне сясцёр. На Міёршчыну трапіў у 1984-м па размеркаванні з Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе вучыўся на факультэце электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Самастойную працу пачаў у калгасе імя Кірава (цяперашні ААТ “Узмёнскі край”). Гаспадарку тады толькі ўзначаліў Анатоль Матэленак, самы малады старшыня ў раёне. Сам актыўны, спартыўны, ва ўсім падтрымліваў вясковых камсамольцаў.


У мае абавязкі ўваходзіла надзейнае энергазабеспячэнне найперш вытворчых аб’ектаў: ферм, майстэрняў, сушылак, а яшчэ былі клуб, школа, сталовая, дзіцячы сад, кацельні. Спраў і клопатаў хапала, але і асабісты час заставаўся. Я ў любых умовах знаходжу для сябе занятак і справу па душы. Вось і тады абжывацца ва Узмёнах пачаў з устаноўкі ў сельскім клубе тэніснага стала. Паступова ля яго стала збірацца моладзь, вучылася валодаць ракеткай. І я ўдзельнічаў у спаборніцтвах, якія арганізоўваў Анатоль Мікалаевіч у гаспадарцы, ездзіў з калгаснымі спартсменамі ў раён, на турыстычны злёт. Недзе ў той час па ініцыятыве старшыні пабудавалі спартыўную залу для школы, па вечарах і выхадных у ёй рэгулярна збіраліся на трэніроўкі і спаборніцтвы калгасныя юнакі і дзяўчаты.


Не менш актыўна моладзь збіралася ў сельскім Доме культуры, дзе танцавала пад баян дырэктара Уладзіміра Маскалёва. Мастацкі кіраўнік Марына Рамза арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, канцэрты, “агеньчыкі”. Свежы павеў ва ўсе гэтыя мерапрыемствы ўнёс і я ўжо як сакратар калгаснай пярвічнай камсамольскай арганізацыі, у якую ўваходзілі больш за два дзясяткі юнакоў і дзяўчат. Памочнікаў было шмат, шкада, што цяпер прыгадваю толькі Сашу Рамзу і Уладзіміра Фукса, усё рабілі ўласнымі сіламі. Асабліва моладзі падабаліся”агеньчыкі” з займальнай праграмай, тортамі і дыскатэкай.


Найбольшым святам запомнілася 9 Мая. У клубе, здавалася, сабралася ўся вёска, глядзельная зала паўнюткая, адчуваліся агульны ўздым, прыўзняты настрой. Мы, камсамольцы, падрыхтавалі канцэрт. Аказалася, што яго паглядзеў тагачасны старшыня райвыканкама, які ў той дзень наведваў гаспадарку. Потым ён прайшоў за кулісы і падзякаваў маладым самадзейным артыстам.


Кіраўніцтва калгаса з увагай ставілася да моладзі. Пры падтрымцы прафкама восем чалавек наведалі на поездзе з Віцебска праз Кіеў, гарады Закарпацця, Кішынёў і Валгаград. Як мяне падвяло здароўе, атрымаў санаторную пуцёўку ў Ялту.


Партыйную арганізацыю калгаса ўзначальваў Мілецій Паўлавіч Шугальскі, цудоўны чалавек і добры арганізатар. Ён сагітаваў мяне ўступіць у члены КПСС. Гэтая акалічнасць, і тое, што справы ўзмёнскіх камсамольцаў “прагрымелі” ў раёне, паўплывала на мой далейшы лёс: у калгасе імя Кірава адпрацаваў толькі паўтара года.


Пра іншых
Летам 1986 года ў Міёрскім райкаме камсамола адбыліся вялікія кадравыя перамены. На павышэнне ў вобласць пайшоў першы сакратар РК ЛКСМБ Віктар Сівакоў. Лідарскую пасаду заняў Васіль Мядзюха, другім сакратаром абралі мяне. За школы адказвала трэці сакратар Антаніна Кляшчонак. Сяргей Кавалёнак быў інструктарам, крыху пазней ім стаў Георгій Бушуноў. Арганізацыйны аддзел узначальвала Таццяна Калапетка. Яшчэ ў апараце райкама на розных пасадах працавалі Валя Арафценьева (Ярахновіч), Галіна Кліманская і Галіна Гернат, тэхработніца Зоя Шук, вадзіцель Іван Нікалаёнак. Усе прыкладна аднаго ўзросту, па большай частцы нядаўнія вяскоўцы. А галоўнае — аднадумцы, жылі амаль што адной сям’ёй, хаця сярод нас былі і сямейныя. Шчыра верылі, што робім патрэбную і важную справу, таму за ўсё браліся разам, не дзяліліся на маё і тваё. Збліжалі дзяжурствы ў ДНД, паездкі ў калгасы, дзе вырошчвалі буракі, касілі зялёнку ў Чэрасах, шэфствавалі над фермамі “Дрыгучы” і “Масаніха” — там праводзілі суботнікі…


Вядома, на першым месцы ў нас была работа з моладдзю. Яе планавалі, імкнуліся выканаць намечанае, праводзілі шмат цікавых мерапрыемстваў, акцый, важныя пытанні абмяркоўвалі на сходах у пярвічках, на бюро РК ЛКСМБ, канферэнцыях. Хапала і руціны, асабліва з наладжваннем уліку, зборам узносаў…


Запомнілася стварэнне кафэ “Маладзёжнае”. Георгій Бушуноў, напрыклад, паяў для яго ілюмінацыю. Там пачалі праводзіць маладзёжныя вечары, “агеньчыкі”, што карысталіся вялікай папулярнасцю, бо праходзілі весела і цікава. Моладзь сама падтрымлівала парадак, вырашала ўсе арганізацыйныя пытанні. Было гэта няцяжка, бо ў райцэнтры налічвалася нямала моцных, баявітых пярвічных камсамольскіх арганізацый. Напрыклад, на вузле сувязі, хлебазаводзе, мясакамбінаце, у аўтапарку. Былі яны і на сяле. Так, усю душу аддавала камсамольскай рабоце ў калгасе “Рассвет” культработнік з Волкаўшчыны Таццяна Драба. Такіх актывістаў мелі нямала.


У абавязкі другога сакратара РК ЛКСМБ уваходзілі пытанні ідэалагічнай работы і камсамольскай палітасветы, культуры, спорту. Арганізоўваў паездкі за рубеж, мерапрыемствы з дапрызыўнікамі і прызыўнікамі. Мне доўга расказвалі пра эфект, як на чыгуначным вакзале пры провадах юнакоў у армію ўпершыню праз рэпрадуктар загучаў славуты марш “Развітанне славянкі”.


Мы, райкамаўцы, разам з культработнікамі рыхтавалі Купалле. Аматар тэатра Віталь Варонька з РДК сагітаваў не толькі мяне і Валю Арафценьеву стаць артыстамі. Падрыхтавалі спектакль, з якім пацвярджалі званне народнага ў Віцебску, потым выступалі ў Міёрах і па раёне, выязджалі ў Шаркаўшчыну. Удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах па футболе, валейболе, тэнісе...

Рамантыка
Пасля тыднёвай адсутнасці на рабоце з-за хваробы восенню 1986 года калегі-райкамаўцы адразу папярэдзілі мяне, што ў кабінеце з’явілася суседка, новы трэці сакратар Святлана Лысёнак. Яна працавала настаўніцай біялогіі ў Цвецінскай школе, станоўча праявіла сябе ў камсамольскай рабоце. І вось — павышэнне, замяніла Антаніну Кляшчонак.


Сумесная работа дазволіла высветліць, што мы не толькі аднагодкі, маем шмат агульнага. У жніўні наступнага 1987-га згулялі сціплае, але вясёлае вяселле. Маладая сям’я пасялілася ў пакоі №77 на чацвёртым паверсе інтэрната на доўгія сем гадоў, на 18-ці “квадратах” яна падвоілася. За гэты час усе суседзі сталі новай сям’ёй, з імі разам святкавалі, дзялілі бытавыя цяжкасці, дапамагалі і падтрымівалі адзін аднаго.

Час перамен
Ён наступіў у 1991-м з распадам вялікай дзяржавы. Пачаліся скарачэнні, ірванулі ўгору цэны. Я, інструктар аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі, застаўся без працы, не атрымаў абяцаную кватэру. Трэба было выбіраць уласную дарогу, гадаваць сям’ю. Тады выручылі мяне аптымізм, здольнасць не апускаць рукі, заўсёды знаходзіць сабе справу і інтарэс. Быў інжынерам па тэхніцы бяспекі, надоўга затрымаўся інспектарам дзяржпажнагляду, і пасля выхаду на пенсію шэсць гадоў працаваў на раённым вузле паштовай сувязі. Рады, што вартымі людзьмі вырасціў сыноў і дапамог ім выйсці ў самастойнае жыццё. І цяпер лічу сябе ў душы маладым, умею працаваць і арганізаваць вясёлы адпачынак, не так даўно выступаў на спартыўных спаборніцтвах за каманду паштавікоў. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 769
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 57 583
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 25 655
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 702
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 24 512
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 21 336
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 701
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 августа 2018
Василий, Иван, Кирилл, Платон, Роман, Степан, Тарас, Федор

Именины 14 августа 2018
Александр, Дмитрий, Леонтий, Тимофей, Федор, Софья

Госці краін
free counters
Партнеры сайта