"Марш лягушат" в Миорской СШ №2

 Міёрская СШ №2 ўдзельнічае ў кампаніі па змяненні клімату па праграме ENO. ENO — навакольнае асяроддзе Online — глабальная віртуальная школа для ўстойлівага развіцця. Яна дзейнічае ў 150 краінах. Арганізатар экалагічнай кампаніі па захаванні біяразнастайнасці, эканоміі энергарэсурсаў, захаванні клімату — лаўрэат Нобелеўскай прэміі, заснавальнік і выканаўчы дырэктар экалагічнага праекта ENO Міка Ванханен з Фінляндыі. 

Змяненне клімату — глабальная праблема. Аднак кожны з нас можа дапамагчы папярэдзіць распаўсюджванне парніковага эфекту.


 19 сакавіка ў рамках экалагічнага тыдня ў школе прайшоў "Марш жабянятак". Яго асноўная мэта — адказаць на пытанне: што канкрэтна я магу зрабіць для прыроды? Хлопчыкі і дзяўчынкі з пачатковых класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Галіны Урбановіч кармілі жабяня Фрэнка абяцаннямі. Але ў добрым сэнсе. У прыватнасці, абяцалі эканоміць электраэнергію. Сачыць, каб гэта рабілі і бацькі. Прапаноўваць ім замяніць звычайныя лямпачкі на энергазберагальныя і дабірацца на работу на веласіпедзе або пешшу. Абяцалі разам з роднымі і сябрамі саджаць дрэвы, аддаваць перавагу экалагічна чыстым прадуктам і есці менш мяса.


Фрэнк — талісман кампаніі. Ён галадае, калі яму не даюць абяцанні. Дзеці з ахвотай кармілі стылізаванае жабяня пластыкавымі коркамі і агучвалі свае добрыя справы.


 — Я выключу святло, калі яно мне не патрэбна будзе, — абяцаў трэцякласнік Яраслаў.
У акцыі паўдзельнічалі вучні адзінаццаці пачатковых класаў, адзінаццаць настаўнікаў і іншы персанал школы. За першыя дзесяць хвілін Фрэнк з'еў 187 абяцанняў!


"Марш жабянятак" — толькі адна прыступка экалагічнай накіраванасці. У школе дзейнічае клуб англійскай мовы "Wizkids'Club", (англ. дзяцей-чараўнікоў). Працуе ў трох секцыях: краязнаўчая, экалагічная і майстэрня. Майструюць падзелкі да святаў, звязаных з англамоўнай культурай: Дня падзякі, Дня Маці, Калядаў. Удзельнічаюць у міжнароднай алімпіядзе. У апошняй зімовай серыі атрымалі звыш 10 дыпломаў. Пераможцамі сталі Ксенія Пупіна, Анастасія Батура, Варвара Пяткевіч, Мацвей Кузьміч, Данііл Маскаленка, Ульяна Емельянава, Максім Пальчэх, Яраслаў Рачыцкі, Захар Унучак, Яўген Франскевіч.


Галіна Аляксандраўна прысвяціла 30 гадоў СШ №3. Пад яе кіраўніцтвам у школе праходзіла міжнародная алімпіяда па пасадцы дрэў. Так з'явіўся яблыневы сад. Школьнікі атрымалі сертыфікат. Цяпер настаўніца дапамагае маленькім эколагам з СШ №2.
Згадзіцеся, няцяжка выключыць святло, калі яно не патрэбна. Прайсціся пешшу нават карысна. Гэта маленькі ўнёсак у агульную вялікую справу. Галоўнае — не толькі карміць абяцаннямі, але і выконваць іх. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.