Авторизация
 

На ўроках у Новапагосцкай школе і "вечар-сустрэчы" праз апытанне

 У школах паўсюль прайшлі незвычайны вечар. Цёплы, шчыры, напоўнены ўсмешкамі і светлымі ўспамінамі. Па добрай традыцыі, у першую суботу лютага настаўнікі і класныя кабінеты чакаюць былых вучняў. Каб парадавацца за іх дарослыя поспехі, каб даць магчымасць зноў адчуць сябе дзецьмі.

Хацелі б, хоць ненадоўга, вярнуцца ў свае школьныя гады? На любімы ўрок, на шумны перапынак, на абед у сталоўку з салодкім кампотам і пульхнай булачкай. Каб у спартзале трапіць баскетбольным мячом у кольца, пасакрэтнічаць з сяброўкамі на лавачцы ў школьным двары, спісаць у аднакласніцы дамашняе заданне па алгебры і пакінуць у яе сшытку запіску з прызнаннем у каханні.

 Арганізацыйны момант

Дзверы Новапагосцкай школы адчыняю з прыемным хваляваннем. Зараз гэта ўваход з цяперашняга ў мінулае. У мяне два ўрокі — беларуская літаратура і беларуская мова. Буду вучаніцай 10 класа. Напярэдадні перачытала першы раздзел рамана "Людзі на балоце" І. Мележа і паўтарыла спосабы ўтварэння слоў. Планіроўка школы такая ж, як і ў роднай Сіцькоўскай. Таму адчуць сябе вучаніцай прасцей.
З ветлівай усмешкай сустракае "новенькую" настаўніца Таццяна Янушонак. Восьмы год яна выкладае родную мову і літаратуру. Вядзе творчы гурток "Зараначка" і разам з юнымі карэспандэнтамі выпускае школьную газету.


Да ўрока ўсё гатова. Запісаны дата і заданні на дошцы, відэапраектар пакажа прэзентацыю і эпізоды з фільма на белым экране мультымедыаўстаноўкі.


З калідора даносіцца шум перапынку. Чакаю "аднакласнікаў". У дзясятым класе дзевяць вучняў. Сёння — пяцёра. Дзве дзяўчыны хварэюць, двое хлопцаў паехалі на спартыўныя спаборніцтвы ў Міёры. Знаёмімся — Аня Матруненкава, Ілья Курэц, Дзіма Сухоўскі, Ксюша Багданава, Жэня Мураўскі. Настаўніца прапаноўвае сесці за трэцюю парту разам з Дзімам.
Звініць званок.

 Ход урока

"Я вітаю тых, хто прыйшоў на ўрок, каб папрацаваць і атрымаць добрую адзнаку. Падыміце рукі, калі такія ёсць", — звяртаецца да класа Таццяна Фёдараўна. Дружна ўздымаюцца шэсць рук.


Вызначаем, што мы ведаем пра раман Івана Мележа "Людзі на балоце" і што трэба высветліць. Настаўніца цікавіцца ўражаннямі пра твор.
— Кніга захапляе, за некалькі дзён прачытаць можна, — гаворыць Ілья.
— Дыялектная лексіка крыху чытанне ўскладняе, — заўважае Аня.
— Звяртаеш увагу на быт і лад жыцця лю-дзей, якія большую частку часу адрэзаны балотамі ад навакольнага свету, — далучаюся я да размовы.


Далей Ксенія выступае з паведамленнем пра гісторыю напісання рамана. Інфармацыю знайшла на інтэрнэт-рэсурсах.
"Каця, калі ласка, да дошкі!" — нібы праз гады даносіцца фраза настаўніцы. Мне трэба ахарактарызаваць герояў рамана — Васіля, Ганну і Яўхіма. Для каго больш важныя матэрыяльныя каштоўнасці, для каго духоўныя. Спачатку адказваю з хваляваннем. Пакрысе голас становіцца ўпэўненым. Калі пераходзім да віктарыны па змесце першага раздзела, ужо смела цягну руку, бо дакладна ведаю правільныя адказы.
 На экране ўстаноўкі ідзе эпізод з фільма, які зняў па рамане рэжысёр Віктар Тураў. Мімаволі пераводжу позірк за вакно. Там шэры дзень, прыцярушанае снегам наваколле. Можа быць, якраз у гэты момант хтосьці тэлефануе на мой мабільны па якім-небудзь рабочым пытанні. Але абанент часова недаступны. Ён знаходзіцца ў зоне свайго школьнага мінулага, калі мабільнікаў не было, а час да канца ўрока паказвалі наручныя гадзіннікі. Здаралася, мы ўсім класам пераводзілі іх хвілін на дзесяць уперад, каб скараціць апошні ўрок. Калі-нікалі гэта ўдавалася.


З успамінаў у клас вяртае голас настаўніцы. Таццяна Фёдараўна ставіць адзнакі. Я атрымліваю "10". І цяпер гэта нават прыемней, чым пятнаццаць год таму.

На перапынку

Пакуль ёсць дзесяць хвілін да наступнага ўрока, знаёмлюся бліжэй са сваімі часовымі аднакласнікамі. Цікава, як яны праводзяць вольны час, чым захапляюцца. З расповядаў разумею, што сучасныя школьнікі не вельмі адроз-ніваюцца ад сваіх "калег" з пачатку нулявых. Калі старанна, а калі і не вельмі рыхтуюцца да ўрокаў, вечарамі бавяць час з сябрамі на вуліцы, адных цікавіць тэхніка, іншых кнігі.
— Люблю чытаць. "Людзі на балоце" яшчэ мінулай вясной прачытала,—гаворыць Аня.— Са школьных прадметаў асабліва падабаецца гісторыя. Мару сама яе выкладаць.
— А я думаю аб прафесіі чыгуначніка, — кажа Ілья. — Можа быць, і прадоўжу сямейную дынастыю.
— Я перакладчыкам хачу стаць,—далучаецца Ксенія.


Жэню са школьных прадметаў больш вабіць матэматыка, а з прафесій — справа электраманцёра. Дзіма пакуль не вызначыўся, кім хоча быць.


Штодня ў раскладзе дзесяцікласнікаў шэсць-сем урокаў. Па суботах факультатыўныя заняткі. Часам урокі пралятаюць як імгненне. Бывае, цягнуцца, нібы навучальны год. У адрозненні ад заўсёды незаўважных перапынкаў.

Словаўтварэнне з мёдам

На ўроку беларускай мовы застаёмся з Аняй і Ксюшай. Дзяўчаты вывучаюць прадмет на павышаным узроўні. Хлопцы ідуць на такі ж урок да іншага настаўніка.


Запісваем тэму — "Словаўтварэнне. Спосабы словаўтварэння". На стале ў настаўніцы марфемны і словаўтваральны слоўнікі, слоічак з мёдам і чайныя лыжкі на сурвэтцы. Апошнія атрыбуты нездарма.


Без памылак выканалі тэст з дзесяці заданняў. Працуем з тэкстам сучаснага беларускага пісьменніка Анатоля Крэйдзіча "Баравы мёд". Пра дарослую дачку, якая жыве ў камфортнай гарадской кватэры, і яе бацьку, што прывёз вясковыя гасцінцы. У тым ліку мёд. Пра вечныя клопат і неспакой бацькоў і пра тое, што дзеці не заўсёды бываюць за гэта ўдзячныя.


Вось чаму Таццяна Фёдараўна на пачатку ўрока прасіла дзяўчат прыгадаць, што раніцай сказалі ім бацькі на развітанне. "Пажадалі добрага дня", — адказалі Аня і Ксюша. Успамінаю пра мамін загад апранаць шапку. З гадамі ён не стаў гучаць менш строга.


Прачыталі тэкст, растлумачылі значэнне выдзеленых слоў, разабралі па саставе падкрэслены сказ. На дошцы некалькі марфемных схем, трэба адшукаць у тэксце адпаведныя ім словы. У дзяўчат гэта атрымліваецца хутчэй, чым у мяне. Адчуваю, што стамілася, і ўжо без ранейшага імпэту выконваю заданні.


Пачастунак настаўніцы — салодкі мёд — вельмі дарэчы. Усе разам спрабуем ласунак і, адпачыўшы хвілінку, зноў прымаемся за работу.


Рэфлексія

Вучыцца — гэта таксама праца. За два ўрокі стамілася не менш, чым за работу на мерапрыемстве працягам у такі ж час. Напэўна, на сем урокаў энтузіязму не хапіла б. Гэта на мове і літаратуры адчуваю сябе "ў сваёй талерцы". З хіміяй, матэматыкай ці геаграфіяй наўрад ці цяпер склаліся б цёплыя адносіны. Хоць і па гэтых прадметах былі добрыя адзнакі.


Школьныя веды забываюцца. І, напэўна, гэта адзінае, што сцірае з памяці час. Усё астатняе — хваляванне ля дошкі, смех на перапынках, добрыя парады і строгія заўвагі настаўнікаў, схаваныя пад партай шпаргалкі, пажаданні для сяброў у спецыяльна заве-дзеных для гэтага сшытках — застаецца. Яно тоіцца ў глыбіні душы і час ад часу паўстае перад вачыма яркімі карцінкамі.

БЛІЦ-АПЫТАННЕ

Празвінеў званок з урока. Усё вярнулася на свае месцы. Ужо не крэйдай на дошцы, а ручкай у штодзённіку запісваю ўспаміны супрацоўнікаў Новапагосцкай ДС-СШ пра іх школьныя гады.

 Людвіга Мікалаеўна МАРАТ, дырэктар школы:
"Самыя светлыя, цёплыя і яркія ўспаміны звязаны са школьнай парой. Сёлета сорак год, як скончыла Новапагосцкую школу. Мы хадзілі на ўрокі ў карычневых сукенках і чорных фартухах. Толькі ў святочныя дні апраналі белыя. На базе школы дзейнічаў вучэбна-вытворчы камбінат, і ў старэйшых класах мы асвойвалі кіраванне трактарам. На канікулах ездзілі на экскурсіі. Былі ў Пецярбургу (тады яшчэ Ленінград), на Нарачы. Зімой каталіся на лыжах і каньках, летам гулялі ў класікі. Любілі шахматы і даміно, збіралі маркі і паштоўкі з вядомымі акцёрамі, зачытваліся раманамі Івана Шамякіна і вершамі Максіма Багдановіча. Пабачыцца з аднакласнікамі рэдка ўдаецца, падтрымліваем адносіны праз сацсеткі".

 Вольга Вайцехаўна УСЦІНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

"Міёрскую СШ №2 скончыла ў 1995 годзе. Нашым класным кіраўніком была Ірына Чаславаўна Мятла. А яе мужа Леаніда Леанідавіча мы звалі класным татам. Разам хадзілі ў паходы на вясенніх і летніх канікулах. Гатавалі ежу на кастры, спявалі песні. У 11 класе ў нас была традыцыя — раз на месяц наведвалі кінатэатр. Выбіралі фільм, і ўсе разам адпраўляліся на сеанс. На хлебазаводзе асволі справу повара-кандытара. Спачатку выпякалі ласункі, а затым на смак спрабавалі".

 Наталля Уладзіміраўна МАРКЕВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
"З ахвотай вярнулася б у сваю школьную пару. Лепш у сярэднія класы, калі да выпускных экзаменаў яшчэ далёка. Успамінаю піянерскія зборы. Рыхтаваліся і праводзілі іх самастойна. Яркай падзеяй была ваенна-спартыўная гульня "Зарніца". Акрамя ўрокаў у школе наведвалі гурткі ў Доме піянераў. Бавілі час з сябрамі ў двары за рухомымі гульнямі і дома за кнігамі. Вучылася старанна. Міёрскую СШ №2 скончыла ў 1988 го-дзе. Сёлета юбілей выпуску".

 Жанна Алегаўна Свідэрская, педагог сацыяльны:
"У 1990 годзе скончыла Новапагосцкую сярэднюю школу. Прыйшла сюды з Каўшэлеўскай базавай, што ў суседнім Шаркаўшчынскім раёне. Адлегласць ад дома да школы — каля пяці кіламетраў. Цёплай парой на веласіпедах дабіраліся. На зіму бацькі здымалі нам з сяброўкай пакой у мясцовай гаспадыні. Памятаю гульню палітбой паміж 10 і 11 класамі. Да гэтага мерапрыемства выпускалі тэматычныя насценгазеты, вучылі сімволіку іншых дзяржаў, па фота пазнавалі палітычных дзеячаў. Самі сачылі за чысцінёй у класным кабінеце, пасля ўрокаў дзяжурныя наводзілі парадак".

 Марына Чаславаўна Мышкоўская, сакратар:
"Новапагосцкая школа — мая родная. Скончыла ў 2002 годзе. У класе было трынаццаць вучняў. Любіла маляваць, была адказнай за насценгазеты. Падабалася беларуская літаратура. І цяпер чытаю творы нашых класікаў. З хіміяй мне было складана. Урокі рыхтавала гадзіну-дзве. Вольны час бавілі на вуліцы, чакалі школьныя дыскатэкі. Знаходзілі новых сяброў праз папулярную ў той час газету "Пераходны ўзрост", перапісваліся. Тыя пісьмы пасля доўга захоўвала". 

P.S. Шчыры дзякуй адміністрацыі Новапагосцкай школы за магчымасць вярнуцца ў светлую пару школьнага юнацтва. Настаўніцы Таццяне Янушонак — за цікавыя творчыя ўрокі. Вучням 10 класа — за цёплую сяброўскую кампанію.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 83 518
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 49 456
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 21 841
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 21 150
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 20 027
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 18 837
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 11 645
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 19 февраля 2018
Александр, Анатолий, Арсений, Василий, Дмитрий, Иван, Максим, Севастьян, Юлиан, Кристина, Мария, Марфа

Именины 18 февраля 2018
Антон, Макар, Михаил, Александра, Василиса

Госці краін
free counters
Партнеры сайта