Авторизация
 

Адзін дзень у Міёрскім карэкцыйным цэнтры

 Карэкцыйны цэнтр у Міёрах размяшчаецца пад адным дахам з яслі-садам №3. Установу спецыяльнай адукацыі наведваюць дзеці, якія па стане здароўя не могуць хадзіць у звычайныя садок ці школу. З васьмі раніцы да пяці вечара з імі займаюцца педагогі і выхавацелі. Адзін дзень у цэнтры правяла наш карэспандэнт. 

НА ПАРОЗЕ сустракае дырэктар установы Святлана Бакевіч.
— Спачатку завітаем у спецклас, затым наведаем дашкольную групу, — прапаноўвае Святлана Віктараўна і знаёміць з укладам жыцця карэкцыйнага цэнтра:—У спецкласе дзеці ад васьмі да васемнаццаці год. У нас сем вучняў 1, 3, 4 і 5 класаў. Дзетак ад трох год прымаем у дашкольную групу. Цяпер пяць выхаванцаў. На першы погляд, няшмат. Аднак гэта перавышае прадугледжаную норму напаўняльнасці. Яшчэ з чатырма падапечнымі спецыялісты цэнтра займаюцца на даму.


 У ПЕРШАЙ палове дня заняткі па праграме. Пасля абеду адпачынак, прагулкі на свежым паветры, развівальныя гульні. Стан здароўя дзяцей штодня кантралюе медсястра Наталля Зінкевіч. Педагогам і выхавацелям дапамагаюць памочнікі Наталля Альхімовіч, Іна Драгун і Галіна Вайдашэвіч..

Узяць запалку ў рукавіцах

ВУЧНЯЎ класа застаём за круглым сталом у кабінеце сацыяльна-бытавой адаптацыі. Дзеці снедаюць. За імі сочыць выхавацель Надзея Урбанская. У другой палове дня яе зменіць Валянціна Пахірка.


Для дарослага чалавека есці відэльцам, піць чай з кубка, прыбраць са стала — рэч звычайная, часам аўтаматычная. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — цэлая навука.
— Умець карыстацца сталовымі прыборамі, чысціць зубы, зашпільваць гузікі... Каб гэтаму навучыцца, дзецям трэба прыкласці шмат намаганняў,—гаворыць педагог Лія Трызна і праводзіць паралель: — Надзеньце тоўстыя рукавіцы і паспрабуйце ўзяць імі запалку. Складана і атрымаецца не адразу. Так нашы выхаванцы вучацца самастойнасці.


 АДУКАЦЫЙНЫЯ задачы цэнтра адрозніваюцца ад школьных. У раскладзе заняткаў — камунікацыя, сацыяльная адаптацыя, сэнсаматорыка і іншыя спецыяльныя прадметы. Ёсць музыка і выяўленчае мастацтва. Часта малююць пальчыкамі і далонямі. Урок доўжыцца 45 хвілін з перапынкамі на адпачынак за гульнёй. З пятага класа пачынаецца прадмет "Гаспадарча-бытавая праца". Дзеці вучацца гатаваць бутэрброды, мыць посуд, падмятаць падлогу і выконваць іншыя хатнія справы.

Алгарытм па картках

РАСПАРАДАК дня дапамагае арганізаваць камунікацыйны стэнд. Насупраць свайго фотаздымка дзеці прымацоўваюць карткі з выявай, якая абазначае пэўнае дзеянне. На першай картцы — далонь. Гэта азначае пры-вітанне. Становімся ў карагод, бяромся за рукі, ідзём па крузе. Настаўніца чытае вершаваныя радкі з заданнямі: пахлопаць у далоні, патупаць нагамі, паціснуць адзін аднаму руку, усміхнуцца. З вершаванкамі дапамагае Міша. Ён можа размаўляць, крыху чытае.


 — Карагод дапамагае ўстанавіць больш блізкі фізічны і эмацыянальны кантакт, — тлумачыць Лія Феліксаўна.
ПЕРШЫ занятак — камунікацыя. Васьмігадовая Ксюша бярэ мяне за руку і вядзе на месца побач са сваім. Урок пачынаецца з эмацыянальнай гімнастыкі. Затым настаўніца раздае карткі з рознымі выявамі, ставіць кожнаму на парту маленькі пластмасавы сподачак і з дапамогай жэстаў тлумачыць, што сюды трэба пакласці карткі, на якіх намалявана ежа.


— Гэта складанае заданне. Дзеці справіліся, малайцы, — падводзіць вынік Лія Феліксаўна.
Разам з агульнымі прадугледжаны індывідуальныя практыкаванні. З Мішам ідзём да дошкі, дзе напісаны адна- і двухскладовыя словы. Называю слова — хлопчык яго паказвае.


— А цяпер напішыце такія ж простыя словы, каб Міша прачытаў, — дае нам заданне настаўніца.
Дынаміку ўроку надае гульня-імітацыя. Адзін удзельнік коціць калабка (невялікі мячык), а другі ў масцы лісы павінен яго злавіць. Па чарзе мяняемся ролямі. На перапынку выхавацель праводзіць рухомую гульню.


НА СТЭНД прымацоўваюцца наступныя карткі, якія абазначаюць маляванне. Дзеці дастаюць альбомы і гуаш. Настаўніца паказвае карцінку з савой. Будзем маляваць начную драпежніцу. Перш-наперш трэба пафарбаваць у карычневы колер далонь. З адбітка атрымаецца сава. Настаўніца дамалюе пэндзлікам вочы, вушкі. Затым — галінку дрэва. Дзеці, змыўшы карычневую фарбу, абмакнуць пальчыкі ў зялёную і дабавяць лісточкі.


НАВЫКІ малявання вучні замацуюць пасля абеду на гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Два разы на ты-дзень творчыя заняткі праводзіць спецыяліст раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Алена Немянёнак.

Абдымкі і хованкі

У ДАШКОЛЬНАЙ групе займаюцца з дзеткамі выхавацелі Марыя Трубач і Святлана Рубанік.
— Нашым дашкольнікам ад чатырох да васьмі год, — расказвае Марыя Генрыкаўна. — Кожная раніца пачынаецца з зарадкі. Затым сняданак. Пасля заняткі і развівальныя гульні.


 ЗНАЁМІМСЯ з пяцігадовым Ромам. Хлопчык сам падбягае да мяне і кажа "Привет!", абдымаемся. Маленькі ахвотна паўтарае за выхавацелем рухі танцаў. Адрознівае колеры, умее лічыць. Гэтымі навыкамі валодаюць і іншыя выхаванцы. З імі займаецца дэфектолаг Марыя Мяніцкая. Дзеці выконваюць развівальныя практыкаванні. І любяць гуляць.
ЛЮБІМАЯ гульня чатырохгадовага Максіма — хованкі. Ён сядзіць у палатцы. Мы з Ромам і Марыяй Генрыкаўнай бяромся за рукі і ідзём шукаць. Так паўтараем некалькі разоў.


— Максім любіць увагу да сябе. Калі яе не хапае, капрызнічае,—расказвае выхавацель. — Часта ў такія хованкі гуляем.

Зносіны на ўніверсальнай мове

ПЕДАГОГІ цэнтра, выхавацелі, іх памочнікі разумеюць настрой сваіх падапечных, умеюць ствараць для іх камфортную псіхалагічную атмасферу, захапіць цікавым заняткам. Зносіны паміж дарослымі і дзецьмі адрозніваюцца ад звыклых нам пытанняў-адказаў, дыскусій, размоў. Зразумець адзін аднаго дапамагаюць жэсты. І дабрыня. Можна сказаць, гэта абавязковая прафесійная якасць для тых, хто працуе ва ўстанове спецыяльнай адукацыі.


ДАБРЫНЯ — гэта мова, на якой можа размаўляць нямы і якую чуе і разумее глухі. Выказванне амерыканскага пісьменніка стала прафесійным крэда спецыялістаў карэкцыйнага цэнтра.


— Нашы дзеці такія ж, як звычайныя школьнікі ці выхаванцы дзіцячага садка, толькі ім патрэбны асаблівая ўвага і спецыяльныя ўмовы для развіцця, — гаворыць дырэктар цэнтра Святлана Бакевіч. — У ліку задач установы — сфарміраваць талерантныя адносіны ў соцыуме да дзяцей-інвалідаў. Ім патрэбны не столькі шкадаванне, колькі прыняцце і клопат.
***
Цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі — гэта таксама маленькая краіна дзяцінства. Светлая, сонечная, са сваімі радасцямі і адкрыццямі. Тут усмешлівыя, рухавыя, цікаўныя дзеці, якія лёгка ідуць на кантакт. Як і ўсе, яны заслугоўваюць любові і цеплыні. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 631
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 95 019
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 707
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 660
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 725
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 772
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 927
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 декабря 2020
Александр, Алексей, Борис, Григорий, Иван, Митрофан, Федор

Именины 5 декабря 2020
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта