Праздник учителей прошёл в Миорском РДК
gazeta 5-10-2017, 08:00 3 373 Адукацыя і выхаванне
У мінулую пятніцу, 29 верасня, у раённым Доме культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Свята сабрала педагогаў з усіх куточкаў раёна. У некаторых прафесійны стаж — месяц, у многіх — не адзін дзясятак год. Паважаныя і жаданыя госці — ветэраны педагагічнай працы.
Неад'емны атрыбут настаўніцкай прафесіі — кветкі. У фае вабіла позірк выстава асенніх кампазіцый. Іх змайстравалі ў школах і дзіцячых садках.
У глядзельнай зале амаль дзве гадзіны слухалі добрыя словы, атрымлівалі пазітыўныя ўражанні і прыемныя падарункі. З прафесійным святам настаўнікаў Міёршчыны павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Заўважыла, што настаўніка з вялікай літары адрозніваюць мужнасць, стойкасць і адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Уручыла заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана плённая праца намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3 імя Я. Томкі Алены Панізнік і педагога сацыяльнага Дзісенскай СШ Мікалая Пацеенка. Удзячнасць аб'яўлена матэматыку Язненскай школы Наталлі Жойдзік. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагародзілі дэфектолага Дзісенскай СШ Алу Майсяёнак.
— Перад педагогамі пастаўлена задача не толькі даць веды. Яны вучаць дзяцей творча мысліць, выхоўваюць годных грамадзян сваёй краіны, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Жук. Нагадаў, што настаўнік адыгрывае галоўную ролю ў адукацыйным працэсе, нягледзячы на развіццё тэхналогій. За віншавальнымі словамі — узнагароджанне.
Граматы Міністэрства адукацыі папоўнілі скарбонку поспехаў настаўніцы працоўнага навучання Дворнасельскай школы Жанны Пушкель, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ №3 імя Я.Томкі Наталлі Гагалінскай, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Узмёнскай школы Людмілы Малец і бібліятэкара ўстановы Людмілы Арцімовіч. Узнагароды ад абласнога ўпраўлення атрымалі выхавальнік дзіцячага сада №1 Ірына Пальчэўская і яе калега з садка №2 Наталля Мізер, дэфектолагі Язненскай і Дзісенскай школ Наталля Морхат і Лідзія Дуброўская, настаўніцы пачатковых класаў Дворнасельскай і Павяцкай школ Таццяна Лісічонак і Наталля Шокель, настаўніца выяўленчага мастацтва і сусветнай мастацкай культуры Завуццеўскай школы Наталля Бельская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Узмёнскай школы Таццяна Сіўко, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Валянціна Рымдзёнак.
Яшчэ большы пералік педагогаў, адзначаных узнагародамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, райкама прафсаюза. Маладым супрацоўнікам ёсць да чаго імкнуцца. Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава заўважыла, што моладзі ў раёне рады і ўручыла маладым спецыялістам прафсаюзныя білеты. Асобныя словы ўдзячнасці адрасавала ветэранам. Сёлета трыццаць пяць настаўнікаў упершыню сустрэлі сваё свята на заслужаным адпачынку. Кожнага павіншавалі сувенірам.
Святочны настрой дарылі артысты Дзісенскага гарадскога Цэнтра культуры на чале з кіраўніком Аляксеем Астукевічам і настаўніца Сіцькоўскай школы Марыя Арцімёнак. Гучныя працяглыя апладысменты і букеты ад гледачоў сведчылі, што з музычнымі падарункамі ўгадалі.
На здымках: Ганаровай граматай ацэнена праца Алы Майсяёнак. Грамату Міністэрства адукацыі ўручаюць Жанне Пушкель. Артысты Дзісенскага ГЦК.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.