Пляжный волейбол все больше набирает обороты и в Миорах
gazeta 27-07-2016, 16:53 0 Спорт і турызмПляжны валейбол усё больш набірае абароты ў свеце, не стаў выключэннем і наш раён. Летась нашы спаборніцтвы насілі ранг раённых, цяпер статус перарос у міжнародны. Паболела гасцей з суседніх рэгіёнаў і нават абласных цэнтраў. Таму ўзровень і відовішчнасць істотна павялічыліся, як і колькасць пляцовак, што дазволілі прыняць шмат удзельнікаў.
За гэта асаблівая падзяка кіраўнікам ПМК-55 В.М. Брылю, ДРБУ-203 А.А. Сівіцкаму, УП ЖКГ У.І. Мяцеліцу, электрасетак У.П. Пяткевічу, якія дапамаглі ў будаўніцтве і абсталяванні пляцовак для пляжнага валейбола, тым самым зрабілі немалы ўнёсак у развіццё спорту, узнялі турнір на новы ўзровень .
Пасля абмеркавання асноўных гульнёвых момантаў і жараб'ёўкі адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднага жаночага турніру па пляжным валейболе. Пазмагаліся Даўгаўпілс (Латвія), Мінск, Віцебск, чатыры дружыны з Наваполацка, дзве з Міёрскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, тры з мясцовага валейбольнага клуба "Чайка". Галоўны суддзя—Уладзімір Шумілаў. Традыцыйна цёплыя словы ад прадстаўнікоў улады Таццяны Стальмачонак, Аляксандра Жука, Ларысы Малецкай. Гасціннасць нашага краю пацвердзілася сувенірамі.
Утварыліся тры групы па чатыры каманды. Толькі па дзве дружыны са сваіх груп маглі заскочыць у шчаслівы вагон пад назвай "паўфінал". Гэта і стала першачарговай задачай.
У першы дзень сапраўдная барацьба разгарнулася ў "білетных касах", якімі сталі пляцоўкі. "Касіры"-суддзі: У. Вішнякоў, І. Навіцкі, У. Булаўскі. Гукам свісткоў яны разбаўлялі розныя эмоцыі гледачоў і ігракоў. Сантыментаў хапала спаўна: захапляльныя воклічы ўдзельніц, папрокі саміх сябе пасля "кіксаў", уздыхі здзіўленых балельшчыкаў ад нечаканых удараў, працяглых розыгрышаў і неверагодных "ныранняў", праз якія выцягваліся, як падавалася, безна-дзейныя матчы. Пасля такога запалу прыгадваецца афарызм: на вяселлі валейбалісткі сяброўкі нявесты не давалі ўпасці букету дзве гадзіны. Шчасліўцамі "білетаў" на рэйс "групавы этап-паўфіналы" стала шэсць каманд, з якіх тры міёрскія, а менавіта "Чайка-2" (Вольга Жук і Юлія Грэцкая), "Чайка-3" (Ксенія Алісеенка і Таццяна Арсоба) і ДЮСШ-2 (Крысціна Кузьміна і Ксенія Жук). Зямлячкі паказалі высокі клас, тым самым забраніравалі для сябе білеты ў барацьбе за 1-6 месцы, астатнія пары адправіліся па іншым маршруце "7-12 пазіцыі".
Мінчане, латышы, "Чайкі-2 і 3", Наваполацк-1, мясцовая ДЮСШ-2 высвятлялі, хто працягне змаганні за лідарскія, а хто за 4-6 месцы. Іншыя каманды, нягледзячы на доўгі і няблізкі шлях, па сутнасці ў нічога не вырашальных гульнях за 7-12 месцы, усё ж дабраліся і разыгралі "прыступкі". Менавіта гэты фактар падкрэслівае выдатную арганізацыю турніру, а таксама жаданне і волю ўдзельніц змагацца і ўдасканальвацца праз практыку.
Пасля напружанай барацьбы секстэт паўфіналу ператварыўся ў трыо фіналістаў: Даўгаўпілс, Наваполацк-1 і наша ДЮСШ-2. Заставалася ва ўпартасці размеркаваць медалі. Не было безумоўных фаварытаў, гэта і даказвае выніковая турнірная табліца. Нашым дзяўчаткам Ксеніі Жук і Крысціне Кузьміной дасталася заслужанае 3-е месца. Стаць трэцімі між дванаццаці дасканалых сапернікаў шмат чаго варта, асабліва ў юным узросце. Другімі сталі навапалачане. Яны саступілі латышкам, якія прызнаны чэмпіёнкамі.
Меркаваннем пра турнір падзяліліся ўдзельніцы.
Дзіяна МАЛІНОЎСКАЯ, «Наваполацк-2»: Ваш турнір, як звычайна, прайшоў на вышыні і нават перасягнуў нашы чаканні па ўзроўні каманд. Дзяўчаты з першай шасцёркі вельмі дастойныя, блізкія да прафесіяналаў. Захапляльныя паўфінал, фіналы. Вядома, "хварэлі" за сваіх зямлячак, але латышкі выклікалі ў нас асаблівую сімпатыю. Хоць і юныя, гулялі выдатна.
У кожнай каманды ўласны стыль. Адных адрознівае дынамічнасць, непрадказнасць, эмацыйнасць, іншых—ураўнаважанасць і моцнасць. Для развіцця вельмі важна і каштоўна гуляць з рознымі сапернікамі. Ва ўсіх свае "фішкі", якія можна ўзяць сабе на ўзбраенне. Асобныя словы пра міярчанак. Некалькі гадоў да вас прыяз-джаем і назіраем, наколькі хутка, актыўна падрастае, развіваецца маладое пакаленне. Калі летась яны наступалі на пяткі, то сёлета некаторыя нас апярэджваюць. Безумоўна, праз свой характар, напорыстасць, рызыку, але і, у першую чаргу, дзякуючы старанням трэнера. У пачатку юнай пары міярчанак з другой падгрупы спісвалі перавагу на шанцаванне і рызыку, ды потым зазумелі, што яны выдатна бачаць пляцоўку. А такога можна дасягнуць толькі шляхам рэгулярных трэніровак і працы кіраўніка.
Штораз па прыездзе бачым нейкі сюрпрыз, цяпер ім сталі дзве новыя валейбольныя пляцоўкі! Гэта бліскучая ідэя, дзякуючы якой можна пашыраць рамкі турніраў, запрашаць больш каманд, паралельна гуляць на трох пляцоўках без чаргі. Вялікі дзякуй і павага тым, хто ўвасобіў гэтую задумку. Вы такія малайцы, не стаяце на месцы, пастаянна развіваецеся, вырастаеце і даяце нам магчымасць адводзіць душу, займаючыся любімай справай, пашыраць кола знаёмстваў, знаходзіць больш аднадумцаў, падтрымліваць фізічную форму, развіваць маральныя якасці—сілу волі, імкненне да перамогі, згуртаванасць. Спаборніцтвы выдатна гэтаму спрыяюць.
У турніры ўсё загадзя прадумана. Удзел бясплатны, больш за тое, кожны атрымаў памятныя сувеніры, эксклюзіўны вымпел з камандамі. Паважаю адказных за арганізацыю і правядзенне такіх спаборніцтваў. Адчуваецца, што ўсю душу ўкладаюць. Здароўя вам, невычэрпнай энергіі, энтузіязму, новых ідэй. З павагай, каманда "Наваполацк-2".
Кацярына ЯФРЭМАВА (Ві-цебск): Мы таксама вельмі ўразіліся! Не чакалі такога высокага ўзроўню! І гэтая чароўная атмасфера. Прынялі вельмі душэўна, па-дамашняму.
Крысціна БАРАНОЎСКАЯ (Мінск): Наогул, арганізацыя добрая, суддзі журылі па правілах, без прадузятасці да прыезджых. Сустрэлі нас вельмі цёпла. Прыемна, што ў невялікім мястэчку ёсць энтузіясты, якія арганізавалі і правялі спаборніцтва. Каманды высокага ўзроўню, асабліва дзяўчаты 2000 г.н. (у іх трэцяе месца), маладыя таленты! У латышак адчуваецца прафесійная падрыхтоўка. І нам хацелася прызавога месца, але не ўсё атрымалася, таму прыедзем у наступны раз з новымі сіламі. Рады прыемным сюрпрызам, вымпелам, ужо вісяць на ганаровым месцы. Дзякуй! У Браслаў таксама збіраемся, а яшчэ нас запрасілі ў кастрычніку ў "класіку". Усё "зер гут".
***
Асаблівая падзяка за дапамогу кіраўніку апякунскага савета валейбольнага клуба "Чайка" Валерыю Рабцаву, галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Алене Сівой за арганізацыю медыцынскага абслугоўвання.
Максім ПЛАТОНАЎ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.