12-13 сакавіка пяць каманд цалкам аддалі сябе міні-футболу. У ФСК "Атлант" адбылося першынство сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна ў праграме круглагадовай спартакіяды. Вялікая колькасць галоў, нерэальныя сейвы, відовішчныя гульні напоўненыя адначасова ўпартай барацьбой і сяброўскімі адносінамі, чырвоныя і жоўтыя карткі, горыч паражэнняў і радасць перамог—усё, што трэба балельшчыкам і ігракам.
Для такой колькасці ўдзельнікаў аптымальная сістэма розыгрышу—кругавая. Каб выявіць больш фізічна развітых, каманды ў суботу і нядзелю згулялі па дзве гульні. Яшчэ да пачатку ярка выяўляліся лідары і аўтсайдары. Яркі прыклад фаварыту—мясакамбінат, у складзе два легіянеры, як і дазваляецца, астатнія—работнікі прадпрыемства. І ўсе яны ўдзельнікі ФК "Міёры". Гэтую каманду перамагчы нікому і не ўдалося. Хлебазавод не паклікаў у дапамогу легіянераў, у камандзе—толькі свае, за што і паплаціліся. Леташняму чэмпіёну РАНС заставалася наракаць толькі на няўдачу, пачаткоўцу першынства УП ЖКГ не хапіла супольнага духу, а аддзелу адукацыі так і не ўдалося перамагчы мясакамбінат.
У першы дзень па дзве перамогі ў скарбонцы адукацыі і мясакамбіната вывелі гэтыя каманды ў лідары. Адна вяршыня РАНС пакінула іх у сярэдзіне турнірнай табліцы. Не адчуўшы жаданага смаку, хлебазавод і ЖКГ дзялілі апошні радок. Вынікі першага дня: мясакамбінат - хлебазавод—18:3; ААСіТ - РАНС—6:3; мясакамбінат - ЖКГ—7:1; ААСіТ - хлебазавод—23:3; РАНС - ЖКГ—9:4.
Ярка супрацьстаялі настаўнікі і РАНС. Летась мацнейшымі былі выратавальнікі. Цяпер усё склалася па-іншаму. Былая крыўда—добры стымул для гульні, менавіта затое аддзел адукацыі паімчаў наперад і павёў у ліку, ды радасць доўжылася нядоўга.
Калі адышлі ад шоку, выратавальнікі навязалі барацьбу, і на табло пасля першага тайма стала 3:2 на карысць РАНС. Пасля адукацыя паказала, што значыць згуртаванасць калектыву. 4 неўзаемныя галы—і канчатковы вынік 6:3 на карысць ААСіТ.
Другі дзень павінен быў паставіць усе кропкі над "і". Тэарэтычна шанцы на прызёрства заставаліся ва ўсіх, але ў некаторых зусім мізэрныя. Так што асноўная барацьба за медалі разгарнулася паміж выратавальнікамі, выкладчыкамі і камандай мясакамбіната. З гэтага трыа мацнейшым стаў мясакамбінат, пацвердзіўшы статус фаварытаў. Пасля паражэння настаўнікаў ад гэтага прадпрыемства, у РАНС з'явілася верагоднасць абысці адукацыю, але для гэтага павінны абыграць мясакамбінат. А з яго баяздольным складам зрабіць гэта нялёгка, і таму шанцы на серабро развеяліся, бронза для выратавальнікаў стала выніковай. Лік другога дня: мясакамбінат - ААСіТ—5:2; РАНС - хлебазавод—10:2; ААСіТ - УП ЖКГ—5:4; РАНС - мясакамбінат—3:5; хлебазавод - УП ЖКГ—8:10.
Неабходна вылучыць дзве перамогі мясакамбіната. Упэўненае вяршынства над адукацыяй. Як здавалася б спачатку, мітуслівы матч з РАНС, у якім усё ж прадпрыемству ўдалося лідзіраваць. Вынік: 1-е месца—мясакамбінат, 2-е—аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, 3-е—РАНС, 4-е—УЖ ЖКГ, 5-е—хлебазавод.
Максім ПЛАТОНАЎ.