Узрост: 17 год. Школа: Дзісенская. Від спорту:валейбол, лёгкая атлетыка.Трэнер:В.К. Булаўскі, І.І. Гіржда.
Святлана паспявае праявіць сябе адразу ў двух відах спорту — у валейболе і лёгкай атлетыцы. Здольнасці дзяўчыны трэнеры прыкмецілі рана, таму і займацца яна пачала ўжо з пятага класа. Пастаянна ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах, лёгкаатлетычным кросе і чатырохбор'і, шматбор'і "Здароўе", выязджае на абласныя гульні па валейболе і г.д.
Нягледзячы на добрыя вынікі ў абедзвюх спартыўных дысцыплінах, большую перавагу аддае менавіта валейболу. Яго называе сваім хобі і кажа, што вольны час для яе часцей за ўсё прысвечаны трэніроўкам. Святлана адзначае, што вялікую ролю ў яе спартыўным станаўленні адыграў трэнер — Вячаслаў Казіміравіч Булаўскі — чалавек са шматлікімі ўзнагародамі і каласальным спартыўным вопытам, які ўмела перадае выхаванцам.
Для дзяўчыны спорт — гэта пастаянны рух, яркія эмоцыі. Перад спаборніцтвамі стараецца сабрацца з думкамі, супакоіцца, бо хваляванне — дрэнны спадарожнік. Самыя запамінальныя моманты для яе, як і для большасці спартсменаў, — гэта атрыманне ўзнагарод.
Сур'ёзная і мэтанакіраваная Света не толькі добрая спартсменка, але і выдатніца, стараста класа, пастаянная маміна памочніца.
Лічыць, што заахвоціць моладзь спортам дапаможа толькі добрая матывацыя.