Отметили праздники по-спортивному

Працяглыя навагоднія і калядныя выхадныя дазволілі не толькі добра адпачыць, але нават крыху засумаваць па рабоце і актыўным руху. Па-свойму вырашылі гэтую праблему нашы футбалісты, якія не сталі чакаць прыходу працоўных будняў.

 

Упершыню па ініцыятыве трэнера Міёрскай ДЮСШ Алега Станіслававіча Грыгаровіча быў арганізаваны калядны турнір па міні-футболе, які сабраў ігракоў самых розных узростаў — ад 13 да 62 год. Удзел у ім прынялі цяперашнія і былыя выхаванцы Алега Станіслававіча, а таксама ветэраны.
Да арганізацыі і правядзення турніру аднесліся творча і з гумарам, пяць каманд ігракоў падабралі сабе назвы ў адпаведнасці з навагодняй тэматыкай: "Дзяды Марозы", "Гномы", "Паўночныя алені" і г.д. У кожнай з іх ігралі як футбалісты старэйшага ўзросту, так і самыя маладыя. Адкрыў спартыўнае мерапрыемства былы вучань, а зараз ігрок Маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Юдзіцкі.


— Ідэя правесці турнір узнікла спантанна. Проста захацелася крыху размяцца падчас працяглага адпачынку, убачыцца з сябрамі і вучнямі. Ад сустрэчы ўсе атрымалі вялізную асалоду, а гульні прайшлі ў цёплай сяброўскай атмасферы, — расказвае Алег Станіслававіч. — Ігракі самі выступалі ў якасці суддзяў, замяняючы адзін аднаго. А салодкія прызы сталі прыемным завяршэннем матчаў. Можна сказаць, што на нашым турніры футбол паяднаў усе ўзросты.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.