У Навалукомлі прайшоў фінал вобласці па футболу “Скураны мяч”. Прымала ўдзел у гульнях шэсць каманд—пераможцы зонаў, сярод якіх і міёрская каманда (малодшая ўзроставая група 1998-1999 гадоў нараджэння).
Напачатку нашы гулялі ў групе з лепяльчанамі і дубровенцамі. З першымі атрымалася нічыя—2:2, але па пенальці нашы аказаліся больш трапнымі, другіх абыгралі 2:0. Такім чынам, міёрскія футбалісты ў групе занялі першае месца. Наступны этап, паўфінал, таксама атрымаўся “прыгожым”: выйгралі ў гарадоцкай каманды 2:0. У фінале сустракаліся з Паставамі. І вось доўгачаканая і нялёгкая перамога, з лікам 2:1 юныя міярчане перамаглі саперніка. У склад нашай каманды ўваходзілі Уладзіслаў Ляшук, Аляксандр Зарэцкі, Мікіта Фурс, Валера Крупенька, Яўген Пішчулёнак, Павел Жабёнак, Вадзім Шокель, Алег Януковіч, Аляксей Жураўскі (капітан), Арцём Драздовіч, Дзмітрый Васільеў, Віктар Усовіч, Ігар Чарняўскі і Андрэй Пахірка. Усе яны займаюцца ў секцыі спартшколы. Лепшым абаронцам турніру прызнаны Аляксандр Зарэцкі, а нападаючым—Арцём Драздовіч.
У верасні міёрскую каманду чакае нялёгкае выпрабаванне. Яна будзе абараняць гонар вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболу “Скураны мяч”. Жадаем ім поспехаў.