Более четверти жителей Миорщины занимаются спортом

 У заняткі спортам уцягнута звыш чвэрці жыхароў Міёршчыны, падобныя магчымасці ёсць у кожнага. Так ацанілі работу з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі па арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Для арганізацыі і правядзення работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця людзей, развіцця фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам створаны ўсе ўмовы, заўважыла загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Ларыса Малецкая. Гэты від дзейнасці ажыццяўляе ФСК «Міёры».

Увогуле на Міёршчыне 107 спартыўных збудаванняў, з якіх 50 – на сяле. У тым ліку два спарткомплексы з гульнё- вымі заламі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, два міні-футбольныя полі са штучным пакрыццём, тры пляцоўкі для пляжнага валейболу, стадыён, дзве хакейныя каробкі, чатыры пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі і інш. Працуе два пункты пракату сезоннага спартыўнага і турыстычнага інвентару.
Як заўважыла Ларыса Вячаславаўна, у ФСК «Міёры» арганізавана работа 15-і фізкультурна-аздараўленчых груп: па валейболе, футболе, боксе, атлетычнай гімнастыцы, плаванні, агульнай фізічнай падрыхтоўцы і ёзе. Займаюцца ў іх 189 чалавек, сярод іх 70 дзяцей. Дзейнічаюць яны ў тым ліку ў Дзісне і Язна. Удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах па настольным тэнісе, дартсе, шашках і більярдзе маладыя інваліды. Загрузка спартыўнага комплекса за першае паўгоддзе склала 93 %.

Створаны 32 клубы па фізічнай культуры і спорце ў працоўных калектывах і для членаў іх сем’яў. Займаюцца як ва ўласных памяшканнях, так і на базе ФСК «Міёры». Сёлета спартыўную пляцоўку ў мікрараёне вуліц Дружбы і Партызанскай абсталявала ТАА «Металапракатная кампанія».
Традыцыйна збірае ўдзельнікаў клубаў фізічнай культуры круглагадовая спартакіяда. Летась у ёй задзейнічалі дзевяць калектываў арганізацый і шэсць – сельгаспрадпрыемстваў, сёлета – амаль столькі ж. Збірае працоўную моладзь і працоўныя калектывы раённы турзлёт.

Па словах Ларысы Малецкай, летась на Міёршчыне правялі 53 спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздраўленчыя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел 1 773 чалавекі. Сёлета за восем месяцаў – 35 і 1 204 адпаведна. Запомніліся «ЗакалФэст», лёгкаатлетычная эстафета «Дзень Перамогі», крос на прызы газеты «Міёрскія навіны», раённы турзлёт, адкрытыя турніры па міні-футболе, валейболе і пляжным валейболе. Актывісты спартыўнага руху наведалі ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнага футбольнага стадыёну, дзе адбыўся матч паміж маладзёжнымі камандамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Фізкультурна-спартыўны клуб «Міёры» супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі, праводзіць культурна-спартыўныя мерапрыемствы з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Наладжана міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з установамі фізічнай культуры і спорту суседніх раёнаў, праводзяцца турніры па міні-футболе з удзелам каманд з Расійскай Федэрацыі.

Вядзецца работа па здачы нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь «Гатовы да працы і абароны». Летась у ёй паўдзельнічалі 400 чалавек, 35 з іх атрымалі нагрудныя знакі.

Нагадала Ларыса Вячаславаўна, што прадстаўнікі раёна ў складзе зборнай каманды штогод прымаюць удзел у абласной спартакіядзе сельскіх жыхароў «Сельскія гульні». Летась занялі сёмае месца. Сёлета былі чацвёртыя ў абласным турзлёце сярод працоўнай моладзі.

Футбольны клуб «Міёры» – наймацнейшая аматарская каманда па футболе ў вобласці. Трэці год яна заваёўвае Кубак, а сёлета стала першай у рэгіянальным этапе Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод мужчынскіх каманд другой лігі.

Штогод умацоўваецца і развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ФСК «Міёры».

Разам з тым, начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама акрэсліла і недапрацоўкі. У іх ліку арганізацыя заняткаў з непрацоўнымі пенсіянерамі і асоб з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама дзецьмі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Гэта яшчэ ў планах. 

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий