На международном турнире

На международном турнире У ФСК "Атлант" 31 сакавіка адбыўся міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд. Акрамя тых, хто звычайна да нас прыязджалі на спаборніцтвы восенню і вясной, — Верхнядзвінск, Шуміліна, Віцебск, на гэты раз завітала і расійская каманда з Пскова.

 

На ўрачыстым адкрыцці ўдзельнікаў турніру вітаў старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў. Ён уручыў падарункі і граматы сёлетнім выпускніцам спартшколы Ганне Пірог і Вользе Жук. Права ўзняць сцяг прадастаўлена капітану з Верхнядзвінска. Міярчанкі прыпаднеслі гасцям салодкія падарункі.

 

Каманды былі падзелены на дзве падгрупы. У першую ўвайшлі Верхнядзвінск, Міёры і Шуміліна, а ў другую — Пскоў і Віцебск. Па колькасці набраных ачкоў вызначаліся лепшыя і мацнейшыя, а яны ўжо сустракаліся ў фінале.

У першай падгрупе Міёры набралі найбольшую колькасць ачкоў — 4 і занялі першае месца, на другой пазіцыі з 3 ачкамі — Шуміліна. У другой падгрупе лідзіравала каманда з Пскова, а сталі другімі віцябчанкі.

 

Асаблівае напружанне перажывалі як ігракі, так і балельшчыкі ў фінале. На пляцоўцы сустракаліся аднолькава моцныя і тэхнічна выдатна падрыхтаваныя каманды Пскова і Міёраў за першае і другое месцы, за трэцяе — Віцебск і Шуміліна. У першай партыі перамаглі расіянкі — 22:25. У другой нашы сабраліся і завяршылі партыю з лікам 25:17. Трэцяя і вырашальная засталася за нашымі. Выклаўшыся па поўнай, дзяўчаты з захапленнем і радасцю атрымлівалі віншаванні ад знаёмых, балельшчыкаў і родных, якія шчыра хварэлі і эмацыянальна падтрымлівалі іх на працягу ўсяго турніру. Тут трэба адзначыць нават цэлыя сем'і Аляксандра і Юліі Кліпацкіх, Ігара і Валянціны Алісеенка, а таксама Валерыя Рабцава і Андрэя Чарняўскага, якія самі прыхільнікі гэтага віду спорту.

 

У складзе міёрскай каманды гулялі выхаванкі трэнера Уладзіміра Віктаравіча Вішнякова: Ганна Пірог (капітан), Вольга Жук, Юлія Грэцкая, Рыта Граковіч, Анастасія Грыгор'ева, Дзіяна Дудалева, Ірына Грыгор'ева, Ірына Кубарка, Наталля Мятла. Дарэчы, толькі дзве апошнія працуюць, а астатнія — школьніцы і студэнткі.

За трэцяе і чацвёртае месцы сыгралі каманды з Віцебска і Шуміліна. Апошняя заваявала бронзу.

 

На международном турнире Галоўным суддзёй на спаборніцтвах з'яўляўся Вячаслаў Казіміравіч Булаўскі, вопытны трэнер па валейболе ДЮСШ з Дзісны.

Каманда з Пскова, па словах іх трэнера Валянціна Аляксандравіча Савельева, апошні раз была на спаборніцтвах у Беларусі пяць год таму ў Наваполацку. Ім было прыемна атрымаць запрашэнне на наш турнір, тым больш сустрэцца на пляцоўцы з дастаткова моцнымі і тэхнічна падрыхтаванымі камандамі. Валянцін Аляксандравіч таксама падкрэсліў, што сустрэчы праходзілі цікава і на высокім узроўні, а валейбалісткі паказалі добрую гульню.  

 

Спецыяльна для балельшчыкаў праводзілася спортлатарэя. Трэба было яшчэ ў пачатку турніру адказаць на некалькі пытанняў, скласці своеасаблівы прагноз: якая каманда зойме першае, якая другое і трэцяе месцы. Удзельнічала ў ім і выпускніца ДЮСШ, валейбалістка Ксенія Алісеенка. Яна таксама павінна была гуляць у складзе зборнай Міёр, але якраз перад турнірам атрымала траўму. Яе спортпрагноз апраўдаўся: 1. Міёры, 2. Пскоў, 3. Шуміліна. Ксеніі і малодшым балельшчыкам, а гэта пераважна юныя валейбалісткі і футбалісты, якія наведваюць секцыі ДЮСШ, што шчыра хварэлі за сваю каманду і правільна "прадказалі" фінал, уручылі салодкія падарункі. Лепшым іграком на думку трэнерскага савета прызнана капітан міёрскай зборнай Ганна Пірог. Яна атрымала спецыяльны памятны прыз.

Каманды, якія занялі першае-трэцяе месцы, узнагароджаны граматамі, медалямі і памятнымі падарункамі.

 

На здымках: Каманды Міёраў і Пскова з трэнерамі У. В. Вішняковым і В. А. Савельевым;  І. В. Кузняцоў уручае падарунак выпускніцы ДЮСШ В. Жук.

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.