У Язненскай СШ на пачатку сакавіка прайшла спартландыя. Удзельнічалі ў ёй каманды 5 класа “Дынама” і 6-га—“Класныя дзеці”, узмацнілі кожную яшчэ таты і мамы некаторых вучняў. Судзілі спаборніцтва настаўнікі Л. З. Жойдзік, А. П. Чэпік і дзесяцікласнік П. Карась.
Пачалася спартыўная сустрэча з прывітання. Конкурсы з мячом, эстафеты, скачкі праз вялікую скакалку, адцісканне, прысяданне і іншае — усё на хуткасць і спрыт. Асобныя выпрабаванні для дарослых — забіць цвік, збіць булаву, дартс. Каманды паказвалі і нумар мастацкай самадзейнасці, за што налічваліся дадатковыя балы.
Спартландыя закончылася з лікам 24:21 на карысць “Класных дзяцей”. Трэба адзначыць бацькоў, якія ўдзельнічалі ў спартландыі і тым самым давалі добры прыклад, падтрымлівалі вучняў: за “Дынама” выступалі Дзіна Кавалёнак і Уладзімір Коласаў, а за “Класных дзяцей” — Наталля Корсак і Андрэй Прашкевіч.
Каманды ўзнагароджаны салодкімі прызамі і граматамі.