Имя ФК "Миоры" вписано в историю футбола

Обладатель Кубка Витебской области по футболу, второе место на Чемпионате Беларуси среди команд Второй лиги Витебского дивизиона группы «А», выход в финал Кубка регионов среди любительских команд. С такими результатами ФК "Миоры" завершил сезон-2024. Тренерский состав и игроков почтило руководство района в присутствии их близких, любителей футбола и тех, кто поддерживает футбольное движение.

Уладальнік Кубка Віцебскай вобласці па футболе, другое месца на Чэмпіянаце Беларусі сярод каманд другой лігі Віцебскага дывізіёна групы «А», выхад у фінал Кубка рэгіёнаў сярод аматарскіх каманд. З такімі вынікамі ФК «Міёры» завяршыў сезон - 2024. Трэнерскі састаў і ігракоў ушанавала кіраўніцтва раёна ў прысутнасці іх блізкіх, аматараў футбола і тых, хто падтрымлівае футбольны рух.

Футбольны клуб «Міёры» другі год запар стаў уладальнікам Кубка вобласці, заваяваў другое месца на Чэмпіянаце Беларусі, стаў першай аматарскай камандай Віцебшчыны, якая выйшла ў фінал Кубка рэгіёнаў. Ад імя кіраўніцтва раёна трэнераў і ігракоў павіншавалі са значнымі вынікамі старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Драба і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук.

Аляксандр Іванавіч падзякаваў за прыгожую гульню і выказаў упэўненасць, што поспехі будуць працягвацца. Валерый Анатольевіч запэўніў:

– У нашага ФК «Міёры» ёсць імя, і яно пазнавальнае ў вобласці і нават рэспубліцы. Нас паважаюць, нас баяцца – і гэта вынік вашай стараннай работы. Вы падарылі нам відовішчныя сустрэчы з «Дынама-Мінск» і «БАТЭ». Дзякуй вам! Другія месцы азначаюць, што ў вас ёсць перспектыва. Наступны год юбілейны – клубу споўніцца шэсцьдзясят гадоў. Жадаем вам гуляць без траўм і далей радаваць нас цудоўнай гульнёй. Міёры руляць!

Па меркаванні журы, найлепшым іграком сезона ФК «Міёры» прызнаны Ігар Даўгяла, ён жа ўзяў прыз глядацкіх сімпатый. Найлепшым іграком стаў Іван Канонік. У ФК «Міёры-2» найлепшы ігрок – Вадзім Каранеўскі. З моладзі падае надзеі Дзмітрый Найдзёнак. Усе атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Для развіцця спорту кіраўніцтва раёна падарыла сертыфікаты на 115 базавых велічынь для прэміравання трэнераў і ігракоў, набыцця экіпіроўкі, а таксама абанемент на бясплатнае наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Ларыса Малецкая падзякавала кіраўніцтву раёна за фінансавую падтрымку развіцця футбола, а жыллёва-камунальнай службе, РАНС і РАУС, арганізацыям, дзе працуюць нашы футбалісты, – за падрыхтоўку футбольнага поля і аб’ектаў да матчаў. Сувеніры за ўсебаковую падтрымку ўручыла індывідуальным прадпрымальнікам Юрыю Бураму, Аляксандру Бучынскаму, Леаніду Кулянку, Васілю Мацуку, Аляксандру Дабравольскаму і сям’і Закрэўскіх. Найлепшай з найлепшых назвала каманду:

– Перамогі даюцца нялёгка, але яшчэ цяжэй падтрымліваць статус каманды-пераможцы Кубка вобласці. Вы малайцы, мы ганарымся вамі! Спорт – ваша захапленне, ваша крэда, ваша жыццё. Вы яшчэ не раз пацвердзіце, што «Міёры» – моцная каманда. Выхаванцы ДЮСШ прадоўжаць ісці дарогай перамог нашага ФК і будуць гуляць не толькі на прасторах нашай вобласці і рэспублікі, але і выйдуць на міжнародны ўзровень.

Ад імя трэнерскага саставу падзякаваў за падтрымку кіраўніцтву раёна і яго жыхарам галоўны трэнер Алег Грыгаровіч. Падкрэсліў, што лепшых балельшчыкаў, чым у Міёрах, няма нідзе. Маладыя бацькі з дзецьмі, рабочыя і служачыя, урачы і педагогі ад душы падтрымліваюць каманду. Сувеніры галоўны трэнер уручыў супрацоўнікам ФСК «Міёры».

Ветэран Валерый Закрэўскі заўважыў, ў гэтым сезоне ФК «Міёры» ўнёс сваё імя залатымі літарамі ў сусветную гісторыю футбола і запэўніў, што ён прадоўжыць радаваць усіх, каму неабыякавы гэты від спорту. 

Вераніка і Вадзім Каранеўскія:
– Раней заўсёды прысутнічала на гульнях, а цяпер, калі ў сям’і маленькае дзіця, часта даводзіцца глядзець тэлетрансляцыі. Мерапрыемства выклікала гордасць за мужа – аднаго з самых вопытных ігракоў – і за каманду, – заўважыла Вераніка.
Вадзім дадаў: – Адчуваецца падтрымка на ўсіх узроўнях. Любы від спорту без балельшчыкаў – не спорт. Мы адна вялікая сям’я.

Ірына Чарняўская:
– Мой муж Андрэй – трэнер ФК «Міёры», сын Ігар – капітан каманды. Гэта вельмі хвалюючая падзея для нашай сям’і. Усе мы хварэем за іх – бабулі, старэйшы сын. Мы літаральна жывём футболам, верым і спадзяёмся, што наша каманда будзе перамагаць і далей.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий