У Міёрах 18 сакавіка прайшоў міжраённы турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2001-2002 гадоў нараджэння на прызы ФСК “Атлант”. Змагацца за лідарства прыехалі каманды з Гарадка, Глыбокага і Пастаў, а міярчане былі прадстаўлены выхаванцамі Валянціна Уладзіміравіча Шумілава.
За юных футбалістаў прыйшлі пахварэць балельшчыкі. Трэба адзначыць, што хлопчыкі секцыю па футболе наведваюць у спартшколе ўжо трэці год. За гэты нядоўгі перыяд павысілася майстэрства ігракоў. Калі на самым пачатку ў Гарадку на міжраённым турніры яны занялі трэцяе месца, то мінулай восенню на падобных спаборніцтвах — другое. За два дні да сустрэчы ў Міёрах у таварыскім матчы згулялі з Верхнядзвінскам — і перамаглі з лікам 6:2. Акрыленыя такім поспехам, юныя футбалісты не прамінулі падцвердзіць лідарства і дома ў пачатку вясны. У выніку ўпартай барацьбы адолелі сапернікаў і сталі пераможцамі турніру. У склад каманды ўваходзілі Раман Лявіцкі (капітан), Аляксей Крупенька, Аляксандр Максімаў, Яўген Мароз, Дзмітрый Мізер, Арцём Малюш, Мікіта Панкрат, Дзмітрый Кабёлка, Цімур Гагохія. На другім месца аказаліся гарадчане, а трэцюю пазіцыю занялі пастаўчане.
Вызначаны лепшыя ігракі каманд. Імі прызнаны Раман Лявіцкі (Міёры), Мікіта Шарабайка (Глыбокае), Дзяніс Ласкін (Гарадок), Мікалай Федарчук (Паставы), а лепшым іграком турніру адзінагалосна быў прызнаны Мікіта Панкрат з Міёраў. Усе яны ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.