Каб любіць Беларусь
Любоў да сваёй Радзімы прывіваецца не праз падарожжы па замежных краінах. Яна жывіцца цікавымі вандроўкамі па родным краі, дзе столькі цудоўных мясцін. З такім перакананнем вярнулася з паездкі па Міншчыне намеснік старшыні райвыканкама М. М. Баніфатава.
— Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Міністэрства спорту і турызму, — адзначыла Марыя Мікалаеўна. — Паездку арганізавалі для прадстаўнікоў прыгранічных раёнаў, каб паказаць, як на Міншчыне вядзецца турыстычнае супрацоўніцтва.
Дзе давялося пабываць?
— Праграма была насычанай. На працягу двух дзён мы вандравалі па турыстычных аб’ектах. У Маладзечне наведалі Лядовы палац, дзе прапануецца цэлы спектр спартыўных забаў, і нядаўна пабудаваны краязнаўчы музей, у якім захоўваецца сапраўдны слуцкі пояс. Палюбаваліся архітэктурнымі збудаваннямі Валожына. Прайшліся па экалагічных сцежках Налібоцкай пушчы, паглядзелі на зуброў, што жывуць там у спецыяльным вальеры.
Што запомнілася, уразіла, здзівіла?
— Цікава тое, што ў Маладзечанскім раёне прывабныя для турыстаў пункты размешчаны не толькі ў райцэнтры. Напрыклад, у невялікай вёсцы Красоўшчына дзейнічае Цэнтр рамёстваў. Нельга не захапляцца вырабамі народных умельцаў з саломкі і лёну, уражваюць карціны-выцінанкі. Свае ўменні майстры перадаюць дзецям. У вёсцы Плябань знаходзіцца карцінная галерэя, там размяшчаюцца палотны маладзечанскіх мастакоў.
Запомніліся турыстычныя аб’екты Валожыншчыны. Так, у адной з аграсядзіб размяшчаецца экалагічны музей “Свет пчол”. Стварыў яго сам гаспадар, ён жа і пазнавальныя экскурсіі праводзіць, і мёд набыць можна.
Аграсядзібы там працуюць у комплексе, ёсць у іх свой Савет. А гаспадар аднаго астраўка адпачынку абавязкова раскажа наведвальнікам пра сваіх калег і іх сферу паслуг.
Што можна пераняць з прыведзенага вопыту?
— Цікавая практыка — ствараць ачагі культуры ў сельскай мясцовасці, Саветы аграсядзіб, аб’екты прыдарожнага сервісу. Ёсць чым і нам прывабіць гасцей, але, на жаль, няма такіх турыстычных патокаў, якія праходзяць праз Міншчыну. Зазначу, што ў нас таксама не толькі ў райцэнтры сканцэтраваны культурныя здабыткі. Брэндам раёна з’яўляецца Дзісна — самы маленькі горад у Беларусі. Там знаходзіцца Дом рамёстваў, а само мястэчка цікавае сваёй гісторыяй і архітэктурнымі збудаваннямі. Дзейнічаюць у раёне 23 аграсядзібы. Багацце Міёрскага краю — азёры і рэкі. А гэта таксама добрая аснова для развіцця турызму.
Гутарыла
Кацярына СУРАВЕЦ.