Капітан каманды Славамір КОЛАС: Планы на сёлетнюю спартакіяду – пакінуць кубак у сябе

 Штогод праходзіць спартакіяда сярод работнікаў устаноў адукацыі раёна. Каманда-пераможца атрымлівае кубак, які ў наступным годзе павінен перайсці мацнейшым. На працягу некалькіх гадоў узнагарода застаецца ў СШ № 2. Не стаў выключэннем 2022-гі.

Валейбол, настольны тэніс, стральба, шашкі, шахматы, турыстычны злёт. У гэтых відах спаборніцтваў на працягу года мераюцца спрытам, хуткасцю, вынослівасцю і кемлівасцю супрацоўнікі школ раёна. Для кожнага этапа спартакіяды адводзіцца той ці іншы месяц. У валейбол звычайна гуляюць у студзені, у настольны тэніс – у сакавіку, на турзлёт, зразумела, збіраюцца ў чэрвені.

Капітан каманды СШ № 2 – настаўнік фізічнай культуры Славамір Колас – задзейнічаны ва ўсіх спаборніцтвах, акрамя стральбы. Разам з ім пастаянна гуляюць у валейбол малады калега Дзмітрый Байчук і рабочы Дзмітрый Матэленак. Маральна і на справе падтрымлівае каманду дырэктар установы Уладзімір Ханецкі. Гуляў у валейбол, разам з калегамі пераадольвае паласу перашкод на турзлёце. Спаборнічае ў настольным тэнісе сакратар Валянціна Рудзёнак. У шашкі і шахматы гуляе настаўніца працоўнага навучання Алена Кіслая. У мінулым годзе папоўніла спартыўныя рады школы малады спецыяліст, педагог-арганізатар Святлана Крук. Яна выбрала для сябе стральбу.

– Пераможцаў вызначаюць па колькасці ачкоў, набраных на кожным этапе спартакіяды, – трымаючы ў руках кубак, расказвае Славамір Колас. – Мы ўтрымліваем першыя пазіцыі ў валейболе, тэнісе, на турзлёце. У тройцы лідараў у спаборніцтвах па шашках і шахматах. Наш самы моцны сапернік – каманда СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Па выніках мінулага года розніца ў балах невялікая.

Як заўважыў суразмоўнік, да спартакіяды ўдзельнікі рыхтуюцца загадзя. У школе для супрацоўнікаў дзейнічае секцыя па валейболе. Ёсць магчымасць практыкавацца ў настольным тэнісе. Разам з вучнямі трэніруюцца да турзлёту. На спаборніцтвах імкнуцца не проста паўдзельнічаць, а менавіта перамагчы. У гэтым, на думку Славаміра Міраслававіча, і ёсць сакрэт поспеху. Планы на сёлетнюю спартакіяду – пакінуць кубак у сябе. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий