Деревня с двумя названиями: Пламя и Белица
gazeta 17-02-2023, 10:18 1 948 Спорт і турызм
Чырвоныя серп і молат вышынёй пад тры метры на белым пастаменце заўважылі адразу на ўездзе ў вёску Пламя Сенненскага раёна. Помнік 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі – свайго роду фішка, але далёка не адзіная адмет- насць месцейка. Самы яркі перыяд яго гісторыі звязаны з 19-м – пачаткам 20 стагоддзяў, пра што нагадваюць руіны калісьці шыкоўнага палаца і масіўныя гаспадарчыя пабудовы.
І серп, і молат, і руіны
Напрасткі ад самага вялікага ў Беларусі помніка сярпу і молату крочым па мяккім дыване мінулагодняй травы да пабудоў 19 стагоддзя. Даўно без гаспадара, разбураныя знутры, з праваленым дахам, знешне глядзяцца яны масіўна і ўпэўнена, захоўваючы пачуццё сваёй архітэктурнай годнасці. Дарэчы, у будынку высокага трохпавярховага бровара з каменя і цэглы да 2002 года дзейнічаў спіртзавод, таму яго выгляд значна лепшы ў параўнанні з суседнімі збудаваннямі. Адно з іх чымсьці нагадвае сядзібны дом.
Да руін палаца, што ў парку за маляўнічай сажалкай, пешшу хвілін пяць. Як раней выглядала ўзведзеная ў канцы 19 стагоддзя пабудова, адлюстроўваюць чорна-белыя здымкі, якія лёгка знайсці ў інтэрнэце. Цяпер на ўласныя вочы пабачыш толькі сцяну галоўнага фасада і восьмівугольную двух’ярусную вежу з высокімі прыступкамі. Дарэчы, вежу дабудавалі пазней за палац – у 1907 – 1911 гадах.
Калі Пламя называлі Беліцай
Назву Пламя месцейка атрымала ў рэвалюцыйным 1917 годзе. Да таго часу з сярэдзіны 16 стагоддзя, калі ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах, называлася Беліца. Належала розным уладальнікам, а найбольшы росквіт зведала ў перыяд гаспадарання шляхцічаў Свяцкіх, які доўжыўся з сярэдзіны 19 стагоддзя да 1917 года. У гэты час Беліца была вядома як культурны і прамысловы цэнтр.
У палацы, узведзеным пры Карле Свяцкім, часта гасцявалі студэнты, пісьменнікі і мастакі з суседніх дзяржаў. Дзе размясціць і чым здзівіць гасцей, для гаспадароў праблемай не з’яўлялася. 18 вялікіх пакояў, прыгожая бальная зала, багатая карцінная галерэя, бібліятэка з трыма тысячамі кніг. Сын гаспадара Станіслаў збіраў калекцыю зброі, якая размяшчалася на другім паверсе вежы, а таксама любіў назіраць за птушкамі.
Выраблялі ў Беліцы масла і сыр, якія пад брэндам «Dobra Bielica, K. Swiackiego» былі вядомы ва ўсёй Расійскай імперыі.
І Купала тут быў
На руінах вежы побач прымацаваны дзве шыльдачкі. На адной значыцца, што комплекс былой сядзібы «Беліца» з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а прычыненне шкоды караецца па законе. Чытаючы, іранічна ўсміхаюся. Таму што палац, уцалелы ў гады рэвалюцыі, калі яго гаспадары вымушаны былі ўцякаць у Польшчу; у вайну, калі ў яго сценах размяшчаўся нямецкі гарнізон; у мірны час, калі служыў і сельскагаспадарчым тэхнікумам, і школай, і Домам культуры, разбурылі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку знялі дах рэстаўратары, на тым аднаўленчыя работы завяршыліся. Астатняе зрабілі прыродныя ўмовы і мясцовае насельніцтва. Большую частку будынка расцягнулі на цэглу.
Другая шыльда распавядае: «У маёнтку шляхціча Карла Свяцкага ў 1903 – 1904 гадах працаваў малодшым прыказчыкам народны паэт Беларусі Янка Купала». Напэўна, маляўнічыя мясцовыя краявіды таксама натхнялі на творчасць.
І цяпер месцейка будзе прывабным для творчай натуры пісьменніка ці мастака. Вабіць яно падарожнікаў-аматараў, якія жадаюць знаёміцца, можа быць, не з самымі вядомымі, аднак па-свойму цікавымі адметнасцямі роднага краю. І становіцца тым пунктам, які зноў хочацца ўключыць у маршрут.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.