Весела і спартыўна развіталіся з 2022 годам актывісты раённых ветэранскай арганізацыі, БРСМ і БРПА. Спартакіяда «Узрост спорту не перашкода» падарыла шмат пазітыву і ўдзельнікам, і суддзям, і балельшчыкам.
Пляцоўкай вясёлых эстафет стала спартшкола. Тры рознаўзроставыя каманды чакалі дзесяць выпрабаванняў на хуткасць і спрыт.
– Конкурсы вясёлыя. Цікава гуляць разам з пажылымі людзьмі. Прыходзіць разуменне, што і ў сталым узросце шмат чаго можна дасягнуць, – дзеліцца ўражаннямі дзевяцікласнік СШ № 2 Мікіта Сачыўка. – Са спортам я сябрую. Шэсць гадоў займаюся футболам.
Былы намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Галіна Курыльчык у спартыўных спаборніцтвах удзельнічае з задавальненнем.
– Такія мерапрыемствы дораць пазітыў. Да перамогі не імкнуся, цікава проста гуляць, – заўважае яна. – У паўсядзённым жыцці ёсць месца для спорту. З мужам займаемся скандынаўскай хадой, на велатрэнажоры. Калі прыязджаюць унукі, ладзім футбольныя матчы.
Са спартыўнымі заданнямі каманды спраўляліся хутка, апярэджваючы адна адну на некалькі секунд. У фінале пераможцы і ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а таксама медалі, брэндавыя календары і салодкія ласункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.