Авторизация
 

«Уклянка» – месца, дзе ажывае душа

 У загаловак вынесены слоган, якім рэкламуе сваю аграсядзібу ў вёсцы Снегі міярчанін Міхаіл Ролік. Мы, мясцовыя жыхары, ведаем, што гэты населены пункт невялікі, у ім толькі чатыры хаты паблізу граніцы з суседнім Браслаўскім раёнам. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй, могуць пабачыць рэшткі былой драўлянай панскай сядзібы ці наведаць даўнія курганныя могілкі ў наваколлі. Аматараў прыроды прывабяць навакольныя лясы і вялікае возера Укля. Але ці дастаткова гэтага для таго, каб закрануць душу чалавека?

 

Вы не ўлічваеце, што сельскі агратурызм разлічаны найперш на гараджаніна, які стаміўся ад кругласутачнага шуму транспарта, гоману натоўпу і вірлівага жыцця паўсюдна, – пачаў для мяне рэкламную кампанію гаспадар «Уклянкі». – Гэты гіперурбанізаваны чалавек імкнецца хаця б на нейкі час вырвацца з абдымкаў бетонных гмахаў і шкла, каб пажыць на прыродзе. Адзін з масквічоў так і тлумачыў выбар маёй аграсядзібы: мару выспацца ў цішыні.
Вось я і прапаную даступны бюджэтны тыднёвы адпачынак для сем’яў інжынераў, урачоў, рабочых. Ім раней шырока карысталіся жыхары Масквы, Піцера і яго ваколіц, Мурманска і іншых гарадоў, прыязджалі нават з Дагестана і Навасібірска. Як правіла, маімі гасцямі станавіліся сямейныя людзі з дзецьмі, увогуле ветлівыя, культурныя, цікаўныя і без завышаных патрабаванняў.

 

Што ім прапаноўвалі?

 
– Мая аграсядзіба – дом на шэсць спальных месцаў з бялізнай, камінам, тэлевізарам са спадарожнікавай антэнай, мясцовым водаправодам, душам і цёплай прыбіральняй. Харчаваннем мае кліенты, як правіла, займаюцца самі. Для гэтага маюцца газавая і пліта на дрывах, посуд і гарачая вада для мыцця. Абсталявана летняя кухня з тэрасай, ёсць мангалы, вогнішча. Чым не экзотыка юшка, шашлык ці барбекю з водарам дымка. Жадаючым скарыстацца бабулінымі рэцэптамі прапаную набор кацялкоў. Дастаткова мэблі, каб з камфортам паесці ў будынках, на тэрасе ці на паветры.
Асобна ўладкавана лазня, на возеры ёсць пляжы і лодка. На агародзе спецыяльна вырошчваю цыбулю, агуркі і іншую гародніну.
Калі мае пастаяльцы прыязджаюць

 
у Міёры аўтобусам ці цягніком, на сваёй машыне прывожу і адвожу іх, аднак транспартных паслуг не аказваю. Затое дапамагаю арганізаваць экскурсіі на гару «Маяк», вадаспад на Вяце, да капліцы ў Навалацы, у Дзісну. Увогуле падказваю маршруты на іншыя мясцовыя славутасці. А рыбалка, грыбы-ягады, купанне тут на месцы.
У Снегах склаўся своеасаблівы кластар па абслугоўванні адпачывальнікаў. Калі не хапае месца ў мяне, выручае Валянцін Кавалёнак. Як патрэбна маторная лодка для рыбакоў – падключаецца мясцовы жыхар Павел Андруковіч. Ён дапаможа набыць рыбу, мёд, яблыкі.

Нават перапытваю: кажаце, што можа не хапаць спальных месцаў, нібы і няма пандэміі.
– Каронавірус унёс свае карэктывы ў развіццё сельскага агратурызму. Цяпер адпачывальнікаў-расіян практычна няма. Аднак паслугі аграсядзіб па-ранейшаму запатрабаваны. Напрыклад, да мяне папярэднія заказы пачынаюць паступаць у студзені, для гэтага стварыў сайт у інтэрнэце. Самая гарачая пара пачынаецца з чэрвеня, хаця многае залежыць і ад надвор’я.
Не пустуе аграсядзіба зімой. Гэта час для самых непатрабавальных адпачывальнікаў – аматараў падлёднай лоўлі рыбы. Для іх патрэбны мінімальныя ўмовы, каб толькі пераначаваць, увесь дзень яны на возеры. На Уклі водзяцца сазаны, ляшчы, шчупакі, плоткі, гусцяра, краснапёрка… З эканамічнага пункту гледжання ўлоў у два-тры і нават больш кілаграмаў такой рыбы не апраўдваецца выдаткамі на рыштунак, дарогу і жыллё: усё кампенсуе запал. Некаторыя мужчыны нават сыноў-падлеткаў прывозяць.
Цяпер наперадзе не такі працяглы, затое даволі дарагі адпачынак – навагодні. Попыт на яго заўсёды ёсць, не стрымліваюць нават больш уедлівыя цэны.

 

Вось дайшлі і да гэтай далікатнай тэмы. Якія цэны на адпачынак ва «Уклянцы»?

 
– Скажу так – памяркоўныя. Дакладней даведаецеся на сайце. З кожным заказчыкам дамаўляюся асабіста, бо прапаную шмат зніжак, асабліва вялікія яны для пастаянных кліентаў. Калі меркаваць па тым, што сядзіба не пустуе, кошт жыцця ў ёй не пужае людзей.
Дарэчы, рэкламу пра свае паслугі размяшчаю на дзесяці сайтах, толькі спадзяюся больш на «сарафаннае радыё» – станоўчыя водгукі адпачывальнікаў сярод калег, сяброў і суседзяў больш эфектыўныя.

На першы погляд, займацца агратурызмам лёгка: сустрэў адпачывальнікаў, перадаў ім ключы, атрымаў грошы. І ўсё?
– Для агратурызму найперш патрэбна матэрыяльная база. Я свае будынкі ўзвёў уласнымі рукамі, цяпер іх трэба падтрымліваць, даглядаць, рамантаваць. Неабходна пастаянна адсочваць дзейнасць камунікацый – электрасеткі, водаправода, газазабеспячэння, ацяплення. Выцепліць лазню, падрыхтаваць бялізну, пасадзіць і даглядаць агарод, зімой прачысціць дарогі і сцежкі…
Спраў і клопатаў хапае. Галоўнае, каб усё гэта падабалася, прыносіла не толькі аддачу, але і задавальненне.

 

Што патрэбна, каб падчас адпачынку «ажывала душа» ў людзей?

 
– Я пабываў у Турцыі, Егіпце, Ізраілі. Там за салідныя грошы экзатычны для нашага чалавека адпачынак са спёкай, голым пяском ці каменнем, настойлівымі прапановамі нешта купіць. Калі не мець на мэце аздараўленчыя працэдуры, пазнавальныя экскурсіі, усё гэта хутка надакучвае.
Да нас недалёкая дарога, навокал звыклая зеляніна, багатая на дары прырода, цішыня, якую парушаюць толькі птушкі і ветрык, занятак па душы. Што яшчэ патрэбна, калі ёсць возера, лодка і сонца над галавой!
З усім гэтым у памяці і на фота- здымках вяртаюцца дадому адпачывальнікі «Уклянкі».

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял з адкрытых інтэрнэт-крыніц

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта