Міёрскі раён задзейнічаны ў пілотным праекце «Васільковы край», які рэалізуе ўпраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Усяго ў праект уключылі 12 рэгіёнаў вобласці, якія вызначаюцца прывабнымі для турыстаў мясцінамі.
– Праект «Васільковы край» скіраваны на папулярызацыю турыстычных магчымасцяў рэгіёнаў праз інтэрнэт, – расказвае інструктар па турызме ФСК «Міёры» сектара спорту і турызму райвыканкама Кацярына Курдутава. – Распрацоўваюцца маршруты, віртуальныя туры, аўдыёгіды. У раёне вызначылі 20 турыстычных аб’ектаў, куды будуць нанесены QR-коды, з дапамогай якіх можна даведацца пра кожную з адметнасцей. Сярод іх – касцёлы ў Міёрах і Ідолце, сядзібы ў Дзедзіне і Камянполлі, экасцежка «Азяраўкі» і візіт-цэнтр «Ельня», і іншыя. У горадзе ўстановяць указальнікі, што падкажуць турыстам дарогу да цікавых месцаў. Дапамогуць зарыентавацца карты, якія з’явяцца на чыгуначнай і аўтастанцыях. На гугл-картах будуць указаны асноўныя маршруты, адметнасці і месцы для сэлфі. Да прыкладу, у Міёрах гэта скульптура «Жураўліная вернасць», набярэжная.
Разам з Міёрскім у праект уключаны Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі, Ушацкі раёны і горад Віцебск. Арганізатары намераны стварыць мабільны дадатак «Васільковый край – Life» з інфармацыяй пра ключавыя тураб’екты рэгіёнаў. Тэрмін рэалізацыі – 2021–2023 гады.