На фізкультурна-аздараўленчым комплексе трэніроўкі па аэробіцы праводзяць тры інструктары-метадысты Віктар Уладзіміравіч Маскалёў, Вольга Фёдараўна Савейка і Дзмітрый Уладзіміравіч Федарэнка. Дарэчы, першыя два яшчэ раз на тыдзень праводзяць заняткі і па аквааэробіцы. Другі год у поўную сілу займаюцца зацікаўленыя сваім здароўем і фігурай дзяўчаты і жанчыны, ёсць і такія, хто ў гэтым сезоне набыў абанемент упершыню. З кастрычніка, пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ і прыбірання агародніны на прысядзібных участках, зноў праводзяцца заняткі, у груп, якія займаюцца толькі аэробікай — два разы на тыдзень, а ў каго дадаецца аквааэробіка — тры па паўтары гадзіны.
Дамовіцца і заказаць абанемент можна ў адміністратара па тэл. 4-02-10. Выбраны і зручны час. Так, у В. Ф. Савейка — гэта панядзелак, серада і чацвер з 19.00 да 20.30, у Д. У. Федарэнкі — аўторак і чацвер з 20.30 да 22.00, а ў В. У. Маскалёва займаюцца ў панядзелак, сераду і пятніцу з 15.30.
Наведалася на аэробіку да групы, дзе займаюцца жанчыны, якім за сорак. Яны пад музыку выконвалі практыкаванні, зададзеныя інструктарам Віктарам Уладзіміравічам Маскалёвым. Крыху стомленыя, але з усмешкай і задавальненнем некаторыя з групы падзяліліся сваімі адчуваннямі.
Ала Лабунька:
— Зарад бадзёрасці, не так хварэю, у мінулым годзе, напрыклад, на бальнічным не была. Дыетамі не захапляюся, але заўважыла, што пахудзела.
Аліна Уткіна:
— Выходжу з бассейна — як нанава нараджаюся. Адчуваю лёгкасць і прыліў энергіі. Выкарыстоўваем і гідрамасаж некалькі хвілін. На пенсіі, але яшчэ працую і абавязкова знаходжу час, каб наведаць заняткі.
Жанна Анішчанка:
— На пенсіі, але адчуваю сябе пасля заняткаў цудоўна. Ні адна жанчына не вітае прыбаўленне вагі целы, а зарадка, безумоўна, толькі ідзе на карысць і не дае паправіцца.
— Магчыма, крыху сумнавата, што адны і тыя ж практыкаванні трэба паўтараць, хаця існуе іх цэлы комплекс. Галоўнае, што задзейнічаны ўсе групы мышц. Прыемна паглядзець на жанчын і дзяўчат з роўнай асанкай, стройных, а не на згорбленых, хаця многа такіх у росквіце сіл. Важна фізічнымі практыкаваннямі загартоўваць свой арганізм, — даў такую ацэнку Віктар Уладзіміравіч.
Спынемся падрабязней на аэробіцы і аквааэробіцы. Займаюцца імі заўсёды пад музыку. Дарэчы, гэтыя віды маюць найбольш эфектыўны набор практыкаванняў для тых, хто хоча паправіць сваё здароўе, скінуць лішнія кілаграмы і атрымаць бадзёрасць. Найбольшую папулярнасць апошнім часам набывае аквааэробіка. Зусім нядаўна яна стала даступнай і жыхарам райцэнтра. Многія людзі не ведаюць, наколькі гэта цудоўна — мець паблізу басейн, хоць і невялікі.
Рухаючыся ў вадзе, чалавек затрачвае больш энергіі, чым на сушы, бо супраціўленне атрымліваецца больш у дванаццаць разоў. Гэта садзейнічае хутчэйшаму спальванню калорый і зніжэнню вагі. Між тым, калорыі будуць страчвацца і на тое, каб сагрэць цела чалавека, бо звычайна вада мае ніжэйшую тэмпературу. Бывае, некаторыя поўныя людзі саромеюцца займацца ў гімнастычнай зале, затое свабодна сябе адчуваюць у вадзе, дзе цела схавана ад іншых вачэй. Арганізм загартоўваецца, паскараюцца абмен рэчываў, цыркуляцыя крыві і лімфы, умацоўваецца нервовая сістэма. Дыханне становіцца больш рытмічным і глыбокім, развіваецца дыхальны апарат і ўмацоўваецца сардэчна-сасудзістая сістэма. Кантактуючы з вадой, скура атрымлівае масаж, які ўвільгатняе яе, робіць больш эластычнай і пругкай, дапамагае пазбавіцца цэлюліту, бо дастаткова вялікія нагрузкі ідуць менавіта на прэс і сцёгны.
Карысна займацца аквааэробікай пажылым людзям, якіх асабліва непакояць захворванні. Напрыклад, толькі ў вадзе можна добра распрацаваць тазасцегнавы сустаў, які з узростам губляе сваю рухомасць. Трэніруючыся ў вадзе, чалавек рухаецца практычна ва ўсіх плоскасцях, нагружаючы практычна ўсе групы мышцаў.
Узгадайце лета, калі плаваеце ў возеры ці рацэ. Пагружаючыся ў ваду, чалавек супакойваецца, адмоўныя эмоцыі пакідаюць яго, мышцы цела расслабляюцца, адыходзіць накопленая за дзень фізічная стомленасць.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.