Авторизация
 

Заняцца сап сёрфінгам прапануюць гаспадары аграсядзібы "Ірына" ў Міёрскім раёне

 Сёлета спаўняецца пяць гадоў аграсядзібе «Ирина», што ў вёсцы Дворышча, паблізу Міёр. Маленькімі, але ўпэўненымі крокамі справа набірае абароты. Нядаўна тут з’явіўся новы від адпачынку для тых, хто любіць водны прастор і актыўна праводзіць вольны час. Сап сёрфінг! Гэта від спорту, калі чалавек стаіць на сап бордзе (спецыяльны від дошак, падобна, як для сёрфінгу, толькі крыху большыя па памерах), і рухаецца па вадзе з дапамогай вясла. Аграсядзіба размяшчаецца на беразе возера. Тут можна палюбавацца лебядзінай парай, качкамі і палавіць рыбку, а сап сёрфінг практыкуецца на міёрскім возеры. 

Зазірнём на сядзібу Ірыны Паляковай і яе дачкі Алены. Вітае гасцей на ўваходзе арка з зеляніны. Утульны дворык з кветнікам і лавачкай. Гаспадары праводзяць далей. Паказваюць прасторную гасцёўню ў лазні, палок з бярозавым венікам, дзе любяць парыцца адпачывальнікі. Пасля выходзім на прасторны лужок. Тут альтанка, мангал і ўсё неабходнае для паўнацэннага адпачынку на ўлонні прыроды. Ірына Уладзіміраўна распавядае:


– Стварэнне сядзібы не было спантанным. Знаёмства з тэмай аграэкатурызму ў мяне пачалося ў 2012 годзе. З Галінай Паўлоўскай – на той момант яна была ўжо вопытнай гаспадыняй аграсядзібы ў Пераброддзі – я пабывала на трэнінгу ў Мінску. Затым трапіла на семінар з палякамі, якія дзяліліся вопытам. Удзельнічала ў многіх іншых мерапрыемствах па агратурызме. Сваімі ўражаннямі дзялілася з дачкой Аленай. Паразважаўшы, вырашылі стварыць аграсядзібу. Тым больш месца ў нас зручнае – паблізу возера, што найбольш спрыяе для рэлаксацыі гарадскога жыхара. Шлях да сённяшняга выніку не быў простым. Скарысталіся спецыяльным крэдытам «Белаграпрамбанка» на развіццё аграэкатурызму. Распрацавалі маршруты для гасцей у Верхнядзвінскі раён, на балоты «Мох» і «Ельня», прапаноўваем папарыцца ў лазні. Яшчэ маем шмат задумак. Клопатаў шмат, таму шчыруем з Аленай не пакладаючы рук, дапамагае і сын Аляксей з сям’ёй.


 Калі Ірына прымае гасцей, то Алена займаецца тэлефоннымі дамовамі і арганізацыйнымі пытаннямі:
– Актыўна прымаць гасцей пачалі тры гады таму. Спачатку шмат часу занялі рэканструкцыя і рамонтныя работы. Мама была на той час старастай вёскі, шмат кантактавала з гаспадарамі аграсядзіб. Цікавыя знаёмствы і сустрэчы. Памятаем нашых першых наведвальнікаў – гэта былі хлопцы з розных гарадоў Беларусі, што вучыліся на ваенных. Ім вельмі спадабаўся адпачынак і яны пажадалі нам росквіту і поспехаў у справе. Захопленыя аднойчы, мы не спыніліся на дасягнутым. З кожным годам дадаём нешта новае ў праграму адпачынку. Госці выбіраюць, што ім бліжэй. Напрыклад, трэці сезон да нас прыязджае мастачка Ганна Чапурная з Брэста. Пад яе кіраўніцтвам праводзяцца пленэры ў нашых мясцінах для творцаў з розных гарадоў краіны.
Самае прыемнае і важнае – бачыць іскрынкі радасці ў вачах адпачывальнікаў, чуць шчырыя словы ўдзячнасці, чытаць каментарыі ў нашай групе на фэйсбуку «Агроусадьба «Ирина» і на сайце Holiday.by. Безумоўна гэта дадае імпэту ў пашырэнні карты маршрутаў для шаноўных гасцей нашай сядзібы! Сардэчна запрашаем да нас!

Пакупацца ў балотным возеры – здорава і здарова

Падзяліліся ўражаннямі ад сёлетняга летняга адпачынку на сядзібе «Ирина» мінчане і гродненцы. Станоўчыя эмоцыі іх захлёствалі. Дыялогі доўжыліся ад паўгадзіны да гадзіны.

Анастасія Храмцова, г. Мінск:
– Нас тры сямейныя пары. Планавалі адпачынак у Браславе, але вольных месцаў на сядзібах не аказалася. Пошук у інтэрнэце прывёў у «Ирину». Паглядзелі здымкі, паразмаўлялі з гаспадарамі па тэлефоне. Адчулі, што людзі захоплены сваёй справай. Нам гэта спадабалася. На адпачынак выбраліся на дзяржаўныя святы – з 3 па 5 ліпеня.
Асабліва запомніўся другі дзень адпачынку. Пад кіраўніцтвам лесазнаўцы Касі Казачонак выправіліся на балота «Мох». Трэба адзначыць, што раней ніхто з нас не бываў у такім экзатычным месцы. Спачатку надвор’е «пачаставала» дажджом, але не азмрочыла станоўчы настрой. Да чацвёртага возера распагодзілася, і жадаючыя пакупаліся. Па рэкамендацыі гіда папілі балотнай вады. Кася цікава расказвала пра расліны, паказвала іх. Уразіла расянка. Па вяртанні жанчына пачаставала рыбай халоднага вэнджання і журавінавым морсам. Вяртацца ў горад не хацелася…


Для нас, гараджан, усё пабачанае і паспрабаванае – эксклюзіў. Вельмі пашанцавала вам, што жывеце ў такіх маляўнічых мясцінах! Нас вельмі зацікавіў фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Пастараемся яго наведаць.

Яўгенія Галілеева, г. Мінск:
– Звычайна ў водпуск выпраўлялася ў замежжа. Вірус закрыў граніцы і такую магчымасць. Тады вырашыла адпачыць на прыродзе. І не пашкадавала. На сайце Holiday.by выпадкова трапіла на старонку аграсядзібы «Ирина». Зацікавілі фота. Патэлефанавала Алене, якая расказала мне свае прапановы. З сынам Аляксандрам да Міёр даехалі на аўтобусе. Першы дзень знаёміліся з новай абстаноўкай, ваколіцамі. Ад віду на возера галава проста кругам ішла. Не вытрывала і пайшла туды з вудай. На кручок трапіліся акунькі і плотка. Эмоцыі перапаўнялі. Гаспадыні пачаставалі нас дамашнім віном, смачнымі хатнімі стравамі.


У праграме адпачынку значылася вандроўка на балота. Раней для мяне гэта асацыявалася з брудам і камарамі, а асабістае знаёмства ўсё перамяніла. Да паходу я рыхтавалася: паглядзела ў інтэрнэце здымкі, падумала, што нічога страшнага. Крочым па балоце пад кіраўніцтвам Каcі Казачонак. Твары маіх спадарожнікаў спакойныя – перастала баяцца і я. Жанчына падрабязна расказвала пра флору і фаўну балота. Вельмі цікава. Захапленне адчувала і пасля купання ў балотным возеры. Плаваю я добра і вада аказалася незвычайнага колеру, але вельмі прыемная. Паспрабавала нават на смак.


Наведалі вадаспад на рацэ Вята. Не думала, што такое ёсць у Беларусі! Затым з Аленай накіраваліся на Верхнядзвіншчыну ў Росіцу і Сар’ю. Два велічныя храмы звонку, унутры аказаліся даволі простымі. Я не лічу сябе рэлігійным чалавекам, аднак трагедыя ў Росіцы, дзе разам са святарамі ў гады вайны былі спалены людзі, мяне шакіравала. Адным вечарам наведала, прагульваючыся па набярэжнай, міёрскі касцёл. Вельмі прыгожа.
Алена прапанавала мне паспрабаваць пакатацца на сап бордзе. Я заплыла на сярэдзіну возера. Але нешта пайшло не так – перакулілася. Экстрым адчула па-сапраўднаму, ды выбралася без праблем.
Ад знаходжання на ўлонні прыроды і розных цікавых мясцін атрымала вялікую асалоду. Без прыхарошвання адзначу, што гэта адзін з маіх найлепшых адпачынкаў!

Алеся Дзерангоўская, г. Гродна:
– З мужам Віктарам, дзецьмі Дамінікай і Альгерам, бацькамі Аленай Асокінай і Генрыхам Шубзда мы мэтанакіравана выпраўляліся наведаць балота «Мох» і Ельню. Перад гэтым пачыталі пра іх у інтэрнэце і паглядзелі відэа. Тры пакаленні, дзе старэйшы тата, якому ўжо 70 гадоў, крочылі нага ў нагу па запланаваных маршрутах. Наведалі Сар’ю, парк на беразе Заходняй Дзвіны ў Верхнядзвінску. Уразіла сакавітая прырода на вадаспадзе на рацэ Вята. І вось нашы доўгачаканыя балоты. На Ельні ішлі спачатку па насціле, пасля па імху. Дабраліся да азёр Курганістага і Белага. Вельмі-вельмі ўразіліся. Так прыгожа адлюстроўваюцца астраўкі ў воднай роўнядзі азёр. Гэта проста цуд! І на Ельні няма камароў.


Зусім іншае балота «Мох». Тут мы ішлі з кіёчкамі. Гід Кася расказвала пра ўсё, што бачылі. Ніхто не скардзіўся, што шлях цяжкі, бо было цікава! У балотным возеры пакупаўся нават наш дзядуля Генрых.
Нам вельмі спадабалася паездка і гаспадыні Ірына і Алена. Шчыра дзякуем ім за адпачынак. Хочам яшчэ прыехаць у вашы мясціны, але трапіць на балота ўжо з начлегам.

Фотаматэрыял з архіва сям'і ПАЛЯКОВЫХ.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 29 сентября 2021
Алексей, Виктор, Григорий, Иосиф, Сергей, Людмила

Именины 28 сентября 2021
Андрей, Виссарион, Герасим, Григорий, Дмитрий, Иван, Игнатий, Иосиф, Леонид, Макар, Максим, Никита, Николай, Петр, Порфирий, Степан, Федот, Евдокия, Людмила, Мария, Яков, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта