Ва ўстановах адукацыі раёна клапоцяцца як пра веды і выхаванне дзяцей, так і пра іх адпачынак. З 1 чэрвеня распачалі работу аздараўленчыя лагеры.
У першую змену – з 1 па 20 чэрвеня – аздараўленчыя лагеры працуюць на базе СШ № 3 імя Я. Томкі, Дзісненскай, Павяцкай, Язненскай, Узмёнскай школ і раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. У іх адпачнуць і ўмацуюць здароўе 106 непаўналетніх. Пры адборы ў першую чаргу аддавалі перавагу дзецям са шматдзетных, малазабяспечаных, няпоўных і сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям-інвалідам.
На базе СШ № 3 імя Я. Томкі з 15 чэрвеня да 6 ліпеня будзе дзейнічаць лагер працы і адпачынку, 20 выхаванцаў якога сумясцяць вольны час з карыснай працай.
– У лагер працы і адпачынку запрашаюць школьнікаў з 14 гадоў. Працоўная дзейнасць уключана ў штодзённы расклад. СШ № 3 імя Я. Томкі арганізуе лагер пры са- дзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Гэта азначае, што работа выхаванцаў будзе аплочвацца, – тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Валянціна Пятрова. – Трэба заўважыць, што цяперашняя эпідсітуацыя ўнесла шмат дапаўненняў у дзейнасць аздараўленчых лагераў. Павышаны санітарныя патрабаванні, забаронены экскурсіі, за выключэннем паездак на школьным аўтобусе на прыродныя аб’екты, мерапрыемствы можна праводзіць толькі ў межах аднаго атрада. Не наведаюць выхаванцаў прадстаўнікі іншых служб. Аднак могуць перадаваць сваю інфармацыю для размяшчэння на сайце ўстановы адукацыі.
Прышкольныя аздараўленчыя лагеры будуць працаваць у тры змены. Другая распачнецца з 1 ліпеня і завяршыцца 22-га, трэцяя пройдзе з 3 па 22 жніўня. Адпачывальнікаў прымуць ва ўсіх базавых і сярэдніх школах раёна.