Авторизация
 

Сем цудаў Міёршчыны: даведнік для турыстаў

 Кожны край мае свае цуды. Свае адметнасці, створаныя прыродай ці чалавекам. Рэдакцыя склала спіс сямі цудаў Міёршчыны, куды ўключылі найбольш вядомыя і прывабныя мясціны нашага раёна.

 Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Міёрах

Каталіцкі храм, узведзены ў 1907 годзе, можна лічыць галоўнай адметнасцю райцэнтра. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Высокія вежы храма бачны з розных кропак горада і ваколіц. Прагульваючыся па добраўпарадкаванай тэрыторыі касцёла, убачыце помнік ненароджанаму дзіцяці, які з’явіўся тут у 1997 годзе, і мемарыяльную дошку ў памяць пра воінаў-землякоў, што змагаліся на франтах Другой сусветнай вайны, устаноўленую ў 2019-м.

 Міёрская набярэжная

Візітнай карткай Міёр называюць набярэжную даўжынёй у паўкіламетра, адчыненую ў 2003 годзе. З таго часу яна стала ў гараджан улюбёным месцам для прагулак і спатканняў, па ёй спяшаюцца прайсціся турысты, любуючыся на скульптуру Маці Божай, каштанавую алею, паўвостраў і азёрныя хвалі. Хто стаміўся, адпачне на лавачцы ля закаханых ліхтароў.

 Крыніца Святога Яна

Геалагічны заказнік прыроды мясцовага значэння, размешчаны на сходзе межаў Міёрскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, – асаблівае месца для праваслаўных вернікаў і цікаўных турыстаў. Аддаленасць ад ажыўленых трас не збаўляе жадання пачаставацца чыстай вадой, якая, згодна з павер’ямі, дапамагае спраўляцца з хваробамі, акунуцца ў купель, адчуць асаблівую атмасферу гармоніі і спакою. Асабліва шматлюдна тут у студзені на Вадохрышча і ў ліпені на Нараджэнне Іаана Прадцечы. Дарэчы, тэмпература вады круглы год істотна не мяняецца – +4 – 6 градусаў.
Па сцверджаннях геолагаў, узрост гэтага помніка прыроды не менш за 2 тысячы гадоў.

 Балота Ельня

Самае вялікае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе зацягвае сваімі велічнасцю і непаўторнасцю. Тут расце карлікавая бяроза, гняздуюцца белая курапатка і чорнаваллёвая гагара, а падчас асенняй міграцыі спыняюцца дзясяткі тысяч птушак. Вясной балота ўсыпае сняжок кветак багуна, а ўвосень рассыпаецца па імху журавінавы бісер.
Самы просты і зручны спосаб бліжэй пазнаёміцца з Ельняй – прагуляцца па экасцежцы. Драўляны насціл пакладзены прама на балоце, мае даўжыню ў паўтара кіламетра і заканчваецца маляўнічым пейзажам з астраўкамі на азяраўках.

 Горад Дзісна

За Дзісной замацаваўся статус самага маленькага горада Беларусі. Але не гэты факт прываблівае сюды турыстаў. Тут можна прайсціся па стогадовым мосце з драўляным пакрыццём і брукаваных вулачках, пакатацца на пароме, палюбавацца на адметную архітэктуру, пакланіцца цудатворнай іконе Маці Божай «Адзігітрыі» і мошчам мучаніка Канстанціна Жданава ў храме Уваскрасення Хрыстова, пабачыць валы старажытнага Верхняга замка і руіны старой бальніцы, упадзенне ракі Дзісны ў Заходнюю Дзвіну. І гэта яшчэ не ўсё.

 Вадаспад на рацэ Вята
Водная жамчужына Беларусі. Так часам называюць Міёрскі вадаспад вышынёй у 2 метры і шырынёй у 10. Гэта самы вялікі і шумны вадаспад у краіне. Створаны не прыродай, а чалавекам. Аднак гэты факт ніяк не адбаўляе яго маляўнічасці і прывабнасці.
Гісторыя вадаспада пачалася са штучнай плаціны, створанай на рацэ Вята для вытворчых патрэб. Затым з’явілася гідраэлектрастанцыя, якая забяспечвала электрычнасцю ваколічныя населеныя пункты, у тым ліку і Міёры. Перастала яна дзейнічаць у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

 Вёска Лявонпаль

Адразу некалькі гісторыка-культурных каштоўнасцей размясціліся ў невялікай вёсцы Лявонпаль і яе ваколіцах. Узведзеная ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя сядзіба Лапацінскіх у стылі барока. Драўляная Траецкая царква 1774 года пабудовы. Дзевяціметровая мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 года.

Фотоматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта