Ветеранам Миорщины возраст не мешает заниматься спортом

 У спарткомплексе «Атлант»прайшла трэцяя раённая спартакіяда ветэранаў. Удзельнічалі восем каманд ад пярвічных арганізацый, некаторыя з іх аб’яднаныя. А гэта 45 чалавек. Ёсць нагода гаварыць пра масавасць, пра тое, што людзі ва ўзросце не страцілі цікавасці да спартыўных адзінаборстваў, з’яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця, імкнуцца разам і з карысцю бавіць час заслужанага адпачынку. 

Спартсмены даўно знаёмыя між сабой, на пастраенні імкнуліся выглядаць салідна, а ў спаборніцтвах дэманстравалі малады запал.
На афіцыйным адкрыцці спартакіяды вітаў удзельнікаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, пажадаў паспяховых выступленняў. Арганізатар і натхняльнік мерапрыемства, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур гаварыў пра пэўныя традыцыі і падзякаваў за актыўнасць. Вядучая – начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Ларыса Малецкая – акрэсліла арганізацыйныя пытанні, прадставіла судзейскую калегію на чале з Анатолем Шкетавым і сакратаром Святланай Матуль.
Спартакіяда праходзіла па шасці відах спорту: па лёгкай атлетыцы, фігурным ваджэнні веласіпеда, дартсе і кідках у баскетбольнае кольца на базе спарткомплексу «Атлант» і яшчэ – у ціры і ля тэнісных сталоў у СШ № 2.


 Найбольшае напружанне адчувалася ў аматараў малой ракеткі. Прафесіяналізм тут быў самым наглядным, ва ўсіх сустрэчах пераможцам выйшаў прадстаўнік каманды аддзела па адукацыі Тадэвуш Пухальскі. Наступныя ў турнірнай табліцы – Уладзімір Кандрацкі ад пярвічкі льнозавода і Фёдар Сушко ад «Пад’ельцаў».


Самым трапным стралком з пнеўматычнай вінтоўкі аказаўся былы ваенны Васіль Барчук з «Пад’ельцаў». З ім поруч па выбітых ачках ішоў Леанід Мятла з каманды аддзела па адукацыі. Крыху адстаў былы сувязіст Антон Шадурскі.


Пастаянныя трэніроўкі патрэбны, каб мяч трапляў у баскетбольнае кольца. Не буду сцвяджаць, што не сыходзіў з баскетбольнай пляцоўкі напярэдадні спартакіяды былы работнік ільнозавода Леанід Дземідзёнак, а што не прамахваўся – факт. За ім першае месца. На другім Сяргей Драба ад аддзела ўнутраных спраў, на трэцім – дзісенец Леанід Мішутаў.


 У дартсе ўсё вызначае цвёрдая рука, нават калі яна жаночая. Гэта пацвердзіла прадстаўнік ветэранскай пярвічкі аддзела па адукацыі Галіна Гур’ева, якая набрала рэкордныя 68 ачкоў. Удвая менш у Леаніда Дземідзёнка (льнозавод) і Валянціна Рынкевіча (РАУС).
Двухколавага каня найбольш удала асядлаў Мікалай Вашкель з Дзісны, адпаведна хутчэй за ўсіх адолеў усе перашкоды. Нязначна адсталі Эдуард Масла, які абараняў гонар пярвічкі райсельгасхарчу, і Часлаў Пахірка ад «Пад’ельцаў».


Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы – бег на 60 метраў у мужчын і на 50 у жанчын. Тут бясспрэчным лідарам аказаўся загартаваны на вялікіх спаборніцтвах прадстаўнік пярвічкі з ААТ «Пад’ельцы» Часлаў Мароз. Яго вынік 9,93 секунды – рэкорд спаборніцтваў. Сярод найлепшых бегуноў Мікалай Каранкевіч і Сяргей Драба.


 У жанчын на фінішы першай была Людміла Калачова са зборнай каманды Дзісны, другой – Тамара Яроменак ад пярвічкі льнозавода і трэцяй – Вера Усціновіч (РАУС).


 Удзельнікі спартакіяды, якія занялі індывідуальныя прызавыя месцы ў спаборніцтвах, узнагароджаны медалямі – усяго іх 21, дыпломамі і сувенірамі. Нечаканасцю стала агульнакамандная перамога льнозавадчан – яны набралі 20 балаў па колькасці занятых асабістых месц. У гэтым заслуга кіраўніка пярвічкі і капітана каманды Мікалая Каранкевіча, які сам займаецца спортам і натхняе іншых.


Мінулагодні пераможца – зборная каманда ветэранаў Дзісны – сёлета перамясцілася на другое месца. У яе 25 балаў. На трэцім з 26-цю аказалася каманда аддзела па адукацыі. Лідары адзначаны кубкамі і дыпломамі. Без узнагарод не засталіся і іншыя ўдзельнікі.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.