Наблюдать за журавлями и собирать клюкву ходят одной дорогой - через Конахи

 Ад вёскі Канахі да Ельні, здаецца, рукой падаць. Пешшу прайсці – хвілін 40 – 50 трэба. Аднак не знойдзеш тут мясцовага жыхара, які не збіраў на балоце журавіны. Гэта як жыць побач з чыстай крыніцай і ні разу не выпіць з яе вады.

Незнаёмцы ў ціхай вёсцы прыцягваюць да сябе пільную ўвагу. Але не ў Канахах. Праз месцейка ідзе дарога на экасцежку, і сяльчане прывыклі да ажыўленага руху з вясны да позняй восені.

 На Савецкай ціха,
на Зялёнай – гулка

Пачынаюцца Канахі з аўтобуснага прыпынку. Грамадскі транспарт заходзіць сюды два разы на тыдзень. Такі ж графік у аўтамагазіна. Затое легкавыя машыны летам і ўвосень ледзь не штодня снуюць.


Ажыўлены рух на Зялёнай. Па ёй едуць па журавіны і на экасцежку. Дапамагае зарыентавацца ўказальнік у пачатку вуліцы.
На Савецкай, што ідзе ўправа ад аўтобуснага прыпынку, цішэй. Больш вуліц у вёсцы няма.


 – У першы дзень збору журавін тут як на кірмашы было, – заўважае мясцовая жыхарка Наталля Пацеенак.
Разам з Наталляй Аляксандраўнай прагульваемся па месцейку. Цёплы вераснёўскі дзень. Бязветрана і сонечна. Паветра – не надыхацца. З абодвух бакоў абступаюць дарогу яшчэ зялёныя дрэвы і кустарнікі.


У Канахах наша спадарожніца ведае кожны дом і кожную сцяжынку. Тут нарадзілася, тут сустрэла свой залаты ўзрост. Была старэйшынай вёскі. Тут пражываюць бацькі, родныя брат і сястра.


– Раней штогод журавіны і грыбы збірала. Цяпер здароўе не тое, – заўважае сяльчанка. – Аднавяскоўцы сёлета ўжо на балота хадзілі. Кажуць, ягад няшмат.

Па журавіны ў лапцях

Словы Наталлі Аляксандраўны пацвярджае Аліна Драба, якую сустракаем на вуліцы.
– Людзей многа, а журавін мала, – кажа яна. – Крыху набрала, і дадому. Для сябе ягады збіраю. Перакручваю на мясарубку, цукар дадаю. Пасля з вадой разводзім.


 Добра знаёмы з балотам пяцёра дарослых дзяцей Аліны Пятроўны. Мацярынскі клопат жанчыны адзначаны Ордэнам Маці. Цяпер у яе дзесяць унукаў і двое праўнукаў.


На лавачцы пад зялёнай кронай кустарніка прыселі Леаніда Гаўрылаўна Блажэвіч і Людміла Сцяпанаўна Блажэвіч. Сваячкі, суседкі, сяброўкі. Абедзвюм за семдзесят. Працавалі ў мясцовым калгасе. Леаніда Гаўрылаўна даіла кароў, Людміла Сцяпанаўна таксама была даяркай, затым паляводам, пасля даглядала цялят. Трымалі ўласную гаспадарку. Цяпер толькі куры засталіся.


– Агароды яшчэ садзім. А як жа! Інакш баршчэўнік усё апануе, – кажуць яны.
Прывыклі пажылыя сяльчанкі да турыстаў і ягаднікаў, што па іх вуліцы праходзяць-праязджаюць.
– Неяк чалавек з кладкі ішоў, – расказвае Леаніда Гаўрылаўна. – Пытаюся: «Адкуль Вы: з Латвіі ці з Літвы?» А ён па-нашаму не гаворыць. Па-свойму растлумачыў. Мы зразумелі, што ён з Новай Зеландыі.


– Шмат машын з мінскімі нумарамі праязджае, – дадае Людміла Сцяпанаўна. – Бывае, у палову шостай раніцы ўжо на балота едуць.
Самі жанчыны на экасцежцы, якую называюць кладкай, былі толькі раз. На адкрыцці. А па балоце ў дзяцінстве і маладосці кіламетраў прайшлі нямала.


– Да моху дайду, лапці абую і збіраю ягады, – успамінае адна. – У лапцях зручна. Яны лёгкія і высыхаюць хутка.
– Па журавіны сям’ёй хадзілі. Аднаму вынесці іх цяжка, – гаворыць другая. – Ягады здавалі. І лазу дралі на здачу. Усё на рубель трэба. Гэта цяпер едуць вучыцца. А раней за што? Мне ў восьмы клас куфайку купілі, дык рада была.

Лёгка дыхаецца
ў роднай вёсцы

Ідзём далей па нешырокай вуліцы Зялёнай. Па расповядах старэйшых жыхароў, асфальт тут 30 гадоў таму паклалі. Да таго часу бездараж была.


 Нас чакаюць Дзмітрый і Зінаіда Крукі. Запрашаюць за столік на падворку, частуюць духмянымі антонаўкамі і сакавітым вінаградам.
Дзевяць гадоў як пераехалі з Наваполацка на малую радзіму.


– У Дзімы маці пажылая, 90 гадоў. Догляд патрэбны. Вось і вярнуліся. Два гады таму яна памерла, – расказвае гаспадыня. – Дом гэты ў сваячкі купілі, бо мамін зусім стары быў. У горад цяпер не хочацца. Здаецца, там дыхаць няма чым.
Штодня ў клопатах. Карова, козы, качка з качанятамі, сабакі і каты, агароды і вінаграднік, клумбы з кветкамі – усё патрабуе догляду і часу.


Зімой, калі на падворку спраў менее, гаспадыня шые і рамантуе адзенне. Разам тэлевізар глядзяць. Інтэрнэт наўмысна не падключаюць.


– Не патрэбны ён нам. А то ўсю гаспадарку закінем, – смяецца Дзмітрый Дзмітрыевіч.
Прыязджаюць дзеці і ўнукі, любяць гасцяваць на сельскім прыволлі сваякі.
– Шкада, што моладзі ў вёсцы мала. Многія сем’і бліжэй да горада павыязджалі. Гэта зразумела, але ж хочацца, каб тут людзей больш было, – гаворыць Зінаіда Мікалаеўна.


Завіталі на пасядзелкі родныя сёстры – 78-гадовая Салюнія Ламановіч і Рэгіна Варонька, якой 86. Жывуць праз дарогу. Выраслі ў Канахах у сям’і, дзе гадавалася сямёра дзяцей. З малых гадоў ведалі сялянскую працу і сцежкі да балота.
– З журавін жылі, – кажуць яны.


Лёс па-рознаму склаўся. Салюнія Іванаўна выйшла замуж у Докшыцкі раён. Але жыццё не склалася, вярнулася дадому. У Рэгіны Іванаўны муж мясцовы, не стала яго ў 1990 годзе. Абедзвюм дапамагаюць дзеці.

Кіслы ласунак
для Дзяніскі

Вяртаемся на вуліцу Савецкую. Тут пражываюць дзве сям’і з дзецьмі-школьнікамі. Адна з іх – Мікалая і Таццяны Развадоўскіх. Таццяна – родная сястра нашага гіда па вёсцы Наталлі Аляксандраўны. Разам са старэйшай дачкой Надзеяй і гадавалым унукам Дзяніскам засталі яе на падворку суседзяў Анатоля і Ганны Дзямідаў.


Маленькі хлопчык любіць тут забаўляцца. Асабліва скакаць на сельскім батуце. Так дарослыя жартам празвалі металічную сетку ад старога ложка. А яшчэ падабаюцца Дзяніску журавіны. І гуляе з імі, і частуецца. Кісленька, але да смаку.
Ягады новага ўраджаю прынесла Надзея.


– З дзяцінства журавіны збіраю. Мясцовасць добра ведаю, таму хаджу адна і заблукаць не баюся, – усміхаецца маладая маці. – Часам бяру з сабой малодшую сястрычку Лізу. Ёй на балоце цікава. Учора ў школу трэба было, плакала, што без яе па журавіны пайшлі.


Пражывае Надзея ў Наваполацку. Пакуль у водпуску па доглядзе дзіцяці, больш часу праводзіць у бацькоў. І па гаспадарцы дапаможа, і ягад назбірае, і Дзяніску на чыстым паветры здаравей. А дзядуля з бабуляй унукам пацешацца.

***
Ягаднікаў і турыстаў буднім днём у вёсцы не засталі. Першых трэба пільнаваць ледзь не на золку ці бліжэй да вечара. Другіх – у выхадныя дні. На гул машын вяскоўцы не скардзяцца. Наадварот, так весялей.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.