Авторизация
 

Грант Еўрасаюза будзе асвоены на Міёршчыне

 У сакавіку мы інфармавалі, што райвыканкам выйграў грант Еўрасаюза амаль на мільён еўра для ажыццяўлення ў супрацоўніцтве з “Аховай птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам праекта “Разам для супольнасці і прыроды: спрашчэнне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадства”. 

На мінулым тыдні стала вядома, што ўжо сфарміравана каманда, якая на працягу трох гадоў будзе займацца яго практычнай рэалізацыяй. Сур’ёзны конкурсны адбор прайшлі 7 чалавек. У асноўным, гэта мясцовыя актывісты, неабыякавыя да лёсу роднага краю. Ролю кожнага скаардынаваў менеджар праекта, вядомы ў Беларусі эксперт па пытаннях устойлівага развіцця на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, аўтар шматлікіх тэматычных публікацый, кандыдат эканамічных навук Алег СІВАГРАКАЎ. На вытворчы сход у офіс кампаніі, які размясціўся на другім паверсе раённага вузла паштовай сувязі, зазірнулі і нашы карэспандэнты.

 На рэалізацыю праекта “Разам для супольнасці і прыроды: спрашчэнне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадства” выдаткаваны амаль мільён еўра.

У працэсе абмеркавання арганізацыйных момантаў Алег Уладзіміравіч нацэльваў тэматычных каардынатараў быць паслядоўнымі, каб хутчэй аб’яднаць намаганні ў агульную талаку. У поспеху вялікай справы вырашальны ўнёсак кожнага.


– Людзі – галоўны рэсурс праекта. Сабраць каманду -- важная частка перадстартавай падрыхтоўкі і істотны блок работы ў перыяд ажыццяўлення задуманага, – патлумачыў рэдакцыі Алег Уладзіміравіч. – Верым, што побач з намі аказаліся тыя, з кім можна горы варочаць.
У тым вялікі вопыт у На-дзеі Дударонак, якая выступае мясцовым каардынатарам праекта, накіроўвае дзеянні каманды. Яшчэ на пасадзе дырэктара Браслаўскага краязнаўчага музея яна працавала па праграмах малых грантаў, міжнародных праектаў. Марына Гернат —каардынатар канцэпцыі “Зялёная інфраструктура”, мерапрыемствы якой звязаны непасрэдна з ДПУ “Ельня”. Арганізуе добраўпарадкаванне экасцежкі і будаўніцтва вышак. У цэлым яе работа прыродаахоўнай тэматыкі, у лік якой выхаванне экалагічнай культуры сярод школьнікаў і дарослых.


Уладзіслаў Уткін арганізатар спартыўных мерапрыемстваў. Значная частка яго работы звязана з паляпшэннем адпаведнай інфраструктуры раёна і горада, у тым ліку добраўпарадкаванне пляжаў, стадыёнаў.


Алена Пацяёнак цяпер каардынатар па падтрымцы мясцовай ініцыятывы. На ёй адказная місія папярэдняй растлумачальнай работы сярод насельніцтва па пытаннях развіцця роднага краю. У рамках запланаваных мерапрыемстваў адукацыйныя семінары, як афармляць праектныя заяўкі, падаваць ідэі і прапановы, якія з пункта гледжання жыхароў раёна, неабходна рэалізаваць на мясцовым узроўні. Будзе конкурс ініцыятыў. У рамках праекта 10 разумных і цікавых работ па развіцці рэгіёну атрымаюць фінансавую падтрымку.


Наталля Будзько каардынатар па сацыяльнай інфраструктуры. Пад яе эгідай пройдуць семінары, сустрэчы ў школах, з жыхарамі раёна, а таксама святы, у тым ліку экалагічны фестываль “Журавы і журавіны”.


Інфармацыйнае суправаджэнне праекта забяспечыць Алена Лаўрыновіч, якая ўжо займаецца распрацоўкай веб-сайта. Фінансавую дзейнасць курыруе бухалтар Людміла Хован. У нашай камандзе і адміністрацыйны асістэнт Святлана Чакушка, якая на рабочым месцы ў сталіцы ўзгадняе ўсе праекты дакумента на дзяржаўным узроўні.


 Канцэпцыя заклікана забяспечыць стабільны рост дабрабыту жыхароў Міёршчыны. На што робіце стаўку ў першую чаргу, каб дасягнуць намечанага?
– Галоўная задача: развіваць сваё ўнікальнае, чаго больш нідзе няма, – тлумачыць Алег Уладзіміравіч. – Мясцовыя перавагі – у прыродзе. За ёй і канкурэнцыя. У раёне ганарацца Ельняй, на слыху і брэндавы фестываль “Журавы і журавіны Міёрскага краю”. Турыстаў і замежных гасцей з году ў год трэба нечым здзіўляць. Патрэбны новыя ідэі. Старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава прапанавала арганізаваць музей Ельні, які можа стаць галоўнай мясцовай славутасцю. Стварыць комплекс архітэктурных і сэрвісных стандартаў, якія паспрыяюць доступу ва ўстанову і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і пажылым.


Рыхтуем брэндбук. Гэта такі даведнік, дзе сістэматызуецца ўся неабходная інфармацыя пра міёрскі брэнд, якая дапаможа сфарміраваць выразнае ўяўленне пра яго галоўную місію, каштоўнасці і філасофію, падкрэсліць самабытнасць краю, фірменны стыль мясцовай прадукцыі, паслуг. Папрацуем і над узмацненнем іміджу і папулярызацыяй фэстаў у Дзісне і Пераброддзі.


Захаваць прыродны асяродак і павысіць прывабнасць славутых мясцін дапамогуць добраўпарадкаванне і мадэрнізацыя міёрскага паўвострава, іншых зон адпачынку на азёрах. Павышэнню якасці жыцця насельніцтва паспрыяе падтрымка сацыяльнай інфраструктуры. У планах рэканструяваць і пабудаваць турыстычныя і спартыўныя пляцоўкі. Будзе набыта машына “хуткай медыцынскай дапамогі”.
Плённае ажыццяўленне задуманага дапаможа пашырыць кола магчымасцей для ініцыятывы прадпрымальных людзей. А гэта непасрэдным чынам паўплывае на ажыўленне эканомікі раёна.


Важна, што нас разумее і падтрымлівае мясцовае кіраўніцтва. Усе кампаненты праекта будуць аб’яднаны па сродках агульнай Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага краю, якую зацвердзіць Савет дэпутатаў. Яе рэалізуюць на працягу трох гадоў. Для павышэння кампетэнцыі па тэматычных пытаннях пройдуць навучальныя семінары і стажыроўкі экспертаў, актывістаў і прадстаўнікоў мясцовай улады ў Беларусі і краінах Еўрасаюзу. Напрыклад, партнёры з Латвіі маюць багаты вопыт работы па развіцці сельскіх тэрыторый.


Стартавае мерапрыемства па ўстойлівым развіцці Міёрскага краю пройдзе ў канцы чэрвеня, на якое запросім мясцовых жыхароў, прадстаўнікоў Еўрасаюза, экспертаў і практыкаў з іншых рэгіёнаў, журналістаў.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Запісала Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта