У спорце важна гуляць па правілах. Ім надаецца асаблівая ўвага, і ў гэтым – аб’ектыўнасць перамогі. Акрамя правіл гульні ў кожным відзе спорту ёсць агульныя правілы – прававыя акты, якія рэгулююць адносіны ў гэтай сферы.
Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў і Нацыяльнальны цэнтр прававой інфармацыі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Цэнтр атрымаў статус афіцыйнага інфармацыйнага партнёра мерапрыемства.
Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі адкрыў свабодны доступ да ўсяго масіву дакументаў спартыўнага права ў спецыяльным банку дадзеных “СПАРТЫЎНАЕ ПРАВА” ў ЭТАЛОН-ONLINE. Цяпер грамадзяне Беларусі і госці краіны змогуць даведацца пра спорт і прававое рэгуляванне гэтай сферы. Штосьці карыснае для сябе знойдзе кожны: і кіраўнік спартыўнай арганізацыі, і трэнер, і прафесійны спартсмен, і глядач.
Гэта законы Рэспублікі Беларусь, асноватворныя акты Главы дзяржавы, пастановы Ураду і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, міжнародныя прававыя акты, іншыя дакументы ў актуальным стане па розных спартыўных пытаннях: рэгуляванне працоўных адносін у сферы спорту, гарантыі і сацыяльная абарона спартсменаў, накірункі дзяржаўнай палітыкі ў адносінах развіцця спорту ў цэлым; прававое рэгуляванне выкарыстання допінгу, а таксама лакальныя нарматыўныя прававыя акты, цікавыя аўтарскія матэрыялы па спартыўна-прававой тэматыцы.
Напрыклад, вы даведаецеся, якія міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе, як ажыццяўляецца бязвізавы ўезд у краіну ў рамках правядзення Гульняў, якія рэчывы забаронены да выкарыстання ў спорце і як супрацьдзейнічаць допінгу, як правільна накіраваць спартыўную дэлегацыю за мяжу для ўдзелу ў мерапрыемствах.'
Замежныя ўдзельнікі і балельшчыкі могуць азнаёміцца з гэтымі дакументамі ў прававой сістэме ЭТАЛОН-ONLINE на сваёй роднай мове пры дапамозе ўбудаванага перакладчыка.
Фота з інтэрнэта.
Нацыянальны цэнтр
прававой інфармацыі.