Авторизация
 

"Перш чым патрабаваць штосьці ад іншых, зрабі гэта сам"

 Перш чым патрабаваць штосьці ад іншых, зрабі гэта сам. Такім прынцыпам кіруецца настаўнік фізкультуры Сяргей СЦЕПУЛЁНАК. Трыццаць год Сяргей Аляксандравіч вядзе ўрокі фізкультуры ў роднай Узмёнскай школе. Спорт і фізічная актыўнасць — яго лад жыцця. Займаецца спартыўнай гімнастыкай, падымае гіры, у цёплую пару пачынае дзень з прабежкі. Дадатковая нагрузка на мышцы — справы па гаспадарцы і на пчальніку. А мозг трэніруе дакументальнай літаратурай.

НА сёлетняй “Міёрскай лыжні” Сяргей Сцепулёнак зноў выйшаў у лідары ў сваёй узроставай групе. Узмёнскія школьніцы занялі п’едэстал пераможцаў сярод дзяўчат 14-17 год. Парадавалі і вучні-пачаткоўцы. Выхаванцы Сяргея Аляксандравіча хутчэй за многіх прыбягаюць да фінішу на раённых кросах, выступаюць у складзе міёрскай каманды на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.


— Да сваёй справы трэба ставіцца адказна, тады будзе належны вынік, — заўважае настаўнік. — Выкладаю фізкультуру ва ўсіх класах — з першага па дзявяты. Урокі праходзяць па класічным плане: спачатку размінка, затым лёгкая атлетыка, спартыўныя гульні. У добрае надвор’е ідзём на стадыён. На ўроках нагадваю дзецям пра важнасць фізкультуры для здароўя і агульнага развіцця. Сучасныя школьнікі часцей праводзяць вольны час за камп’ютарамі ці ў тэлефонах замест таго, каб паганяць у двары мяч. Таму агульны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі ў іх ніжэй. Аднак на ўроках многія стараюцца.


ЦІКАВАСЦЬ да прадмета залежыць ад асобы настаўніка. Сяргей Аляксандравіч усур’ёз пасябраваў са спортам у старэйшых класах і з той пары трымае сябе ў добрай фізічнай форме. Прафесію выбіраў свядома. Сельскага хлопца не збянтэжыў высокі конкурс на факультэт фізічнага выхаваня Віцебскага педінстытута (сучасны ВДУ імя П.М. Машэрава). Вытрымаў экзамены і стаў студэнтам. На першым курсе ў вучобе давялося зрабіць перапынак — прызвалі ў армію. Два гады адслужыў у войсках сувязі ў Хабараўскім краі. Затым вярнуўся ў інстытуцкія аўдыторыі і спартзалы, усур’ёз захапіўся спартыўнай гімнастыкай. На апошнім курсе сумяшчаў вучобу з працай ва Узмёнскай школе. Штотыдзень ездзіў на заняткі ў Віцебск і вяртаўся дадому.


— У інстытут паступаў з дакладнай мэтай: атрымаць прафесію і працаваць на малой радзіме, — расказвае Сяргей Аляксандравіч. — Некаторыя мае сябры цяпер за мяжой, яны кажуць, больш за ўсё пашанцавала мне, бо жыву там, дзе вырас. Яшчэ Васіль Быкаў пісаў, што чалавеку лепш за ўсё ў родных мясцінах.


ПРЫЕМНА ўражвае, што настаўнік фізкультуры не толькі на ўроках, але і ў паўсядзённасці размаўляе на беларускай мове. Па словах субяседніка, пашану да роднага слова прывіў брат Алег. Вучыўся ён у Пецярбурзе ў інстытуце сувязі, сярод студэнтаў былі выхадцы з розных краін былога СССР. Жыў у адным пакоі з эстонцам, той здзіўляўся, чаму беларускі хлопец гаворыць на рускай мове. Тады Алег сам пачаў па-беларуску размаўляць і брата да гэтага прывучыў.


Яшчэ ў школьную пару ў Сяргея Аляксандравіча з’явілася патрэба чытаць. Захапляўся творчасцю Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч. Знаёмы з работамі Ніцшэ і Шапенгаўэра. Цікавіцца дакументальнай гістарычнай літаратурай. Сучасных гісторыкаў чытае ў электронным варыянце або слухае аўдыёкнігі.


З ДЗЯЦІНСТВА бярэ пачатак захапленне пчалярствам.
— Мой бацька быў пчаляром у калгасе, часта хадзіў з ім на працу, пераймаў навыкі. Трымаю ўласны пчальнік, — расказвае субяседнік. — Па паводзінах пчол вызначаю, ці хутка вясну чакаць. Напрыклад, калі яны пачынаюць рыхтавацца да зімы ў сярэдзіне лета, значыць, халады затрымаюцца надоўга. Сёлета вясна прыйдзе своечасова.


Акрамя пчол патрабуюць догляду іншыя гадаванцы — карова, каза, свінні. Працу на зямлі аблягчае ўласная тэхніка. Дапамагаюць жонка Тамара Канстанцінаўна і сыны. Старэйшы Мікіта скончыў Полацкі дзяржуніверсітэт, працуе на шкловалакне. На апошнім курсе ў ПДУ вучыцца Вадзім, атрымлівае будаўнічую спецыяльнасць. Малодшы Павел — шасцікласнік.


ХУТКА сыдзе снег, прачнецца зямля, і ў Сяргея Аляксандравіча дабавіцца гаспадарчых клопатаў, а разам з імі і фізічнай нагрузкі. Жартам кажа, што ў навучальным годзе працуе на стаўку, а летам — на дзве. Каб дзень складаўся ўдала, пачынае яго з прабежкі.


— З вясны да восені ў 6.30 раніцы, справіўшыся па гаспадарцы, скіроўваюся на прабежку ўздоўж Заходняй Дзвіны, — гаворыць субяседнік. — Асабліва падабаецца бегаць, калі зелянеюць дрэвы і спяваюць салаўі. У такую пару адолець пяць кіламетраў — адно задавальненне. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта