Авторизация
 

Таццяна БАНДАРЭВІЧ з Дзісны праводзіць “Урокі здароўя”

 Урач са шматгадовым стажам Таццяна БАНДАРЭВІЧ добра ведае, што таблеткі і працэдуры не здольны поўнасцю вылечыць. Медыцына пазбаўляе ад сімптомаў захворвання, а прычына застаецца. 

Правільнае харчаванне, пазітыўны настрой, фізічная актыўнасць — складнікі здаровага ладу жыцця. Які з іх галоўны? Усе раўназначныя. Ад нас саміх залежыць наша самаадчуванне. Як трымаць сябе ў добрай форме, доктар расказвае наведвальнікам дзісенскага філіяла аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання на занятках гуртка “Урокі здароўя”.

Раз на тыдзень прыхільнікі здаровага ладу жыцця прыходзяць на гурток за карыснымі ведамі, якія прымяняюць на практыцы. Заняткі бясплатныя. Урач выступае як валанцёр.


Шосты год Таццяна Бандарэвіч на заслужаным адпачынку. Працягвае займацца самаадукацыяй. Дзеліцца сваім вопытам з тымі, хто неабыякавы да ўласнага здароўя.


— Тэмы заняткаў розныя, — расказвае доктар. — Шмат гаворым аб правільным харчаванні. Займаемся сустаўной гімнастыкай, выконваем іншыя фізічныя практыкаванні ў залежнасці ад сваіх магчымасцей. Надаём увагу псіхалагічнаму настрою, бо многія хваробы пачынаюцца з негатыўных думак і эмоцый. Так, анколагі афіцыйна заяўляюць, што адна з найбольш распаўсюджаных прычын раку — недараваныя крыўды, якія чалавек носіць у сабе.


Нярэдка “Урокі здароўя” праходзяць за чаем. Заварваюць лекавыя расліны і размаўляюць пра іх уздзеянне на арганізм. Любяць іван-чай. Таццяна Піліпаўна сама яго нарыхтоўвае. Заўважае, што гэты напой не мае супрацьпаказанняў. Паколькі не ўтрымлівае кафеін, яго могуць дазволіць сабе і гіпертонікі, і аматары позняга чаяпіцця.


У МЕДЫЦЫНСКАЙ сферы Таццяна Бандарэвіч адпрацавала трыццаць пяць год. І цяпер звяртаюцца за парадамі былыя пацыенты, таму жартам называе сябе тэлефонным доктарам. Медыцына — яе захапленне. Лічыць, што ў гэту прафесію прывёў лёс.


— У старэйшых класах вырашыла быць банкаўскім работнікам. Вучылася на падрыхтоўчых курсах у інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Збіралася паступаць на факультэт “Фінансы і крэдыт”, — успамінае субяседніца. — Выбраць медыцыну параіла першая настаўніца. Чамусьці прыслухалася да яе слоў і падала дакументы ў Віцебскі медінстытут. Конкурс вялікі быў. Экзамены здала паспяхова і стала студэнткай.


 ЗА гады вучобы Таццяна Піліпаўна ўпэўнілася, што выбрала сваю справу. Атрыманыя ў інстытуце веды і навыкі паглыбляла і ўдасканальвала падчас працоўнай дзейнасці.


— Калі не было каму ехаць на тыя ці іншыя курсы, накіроўвалі мяне. Ведалі, што пагаджуся, — усміхаецца доктар. — Вучылася з задавальненнем.


І цяпер вучоба працягваецца. Не толькі па медыцынскай частцы. Сваім другім захапленнем Таццяна Бандарэвіч называе кнігі. Чытае з малых гадоў. Прыгадвае, што яшчэ ў школу не хадзіла, а ў бібліятэку ўжо запісалася. Шмат кніг дома на паліцах. Запоўнена электронная кніжка. Любімыя аўтары — Дж. Голсуорсі, Э. Рэмарк, Р. Бах. Часта перачытвае іх творы. Цікавіцца псіхалогіяй, багата літаратуры па здаровым ладзе жыцця.


СВОЙ заслужаны адпачынак урач праводзіць актыўна. Новы дзень пачынае з сустаўной гімнастыкі. Цёплай парой занята на дачы, халадамі займаецца скандынаўскай хадзьбой. Сочыць за харчаваннем і настроем. Разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання выступае на канцэртах і ездзіць на экскурсіі.


— Пажылы чалавек не павінен быць абузай ні для сябе, ні для сваіх родных, ні для дзяржавы. Таму важна сачыць за сабой, клапаціцца пра ўласнае здароўе. Заняцца гэтым ніколі не позна, але лепш пачынаць з маладога ўзросту, — раіць Таццяна Піліпаўна. — Выходзячы на заслужаны адпачынак, людзі часам парываюць сувязі са знешнім светам, замыкаюцца ў сабе. Наадварот, патрэбна больш цікавых і прыемных зносін. Важна засяродзіцца на пазітыўных эмоцыях, забыцца на зайздрасць і крыўды. Трэба працягваць самаразвіццё, тым больш— з’яўляецца час, якога раней не хапала.


ПРА гэта ўрач нагадвае на сваіх “Уроках здароўя”. Слухаюць яе ўважліва і з цікавасцю, таму што добрае фізічнае і псіхалагічнае самаадчуванне — залог актыўнага і шчаслівага даўгалецця. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта