Чем порадовали в спорте работники учреждений образования Миорщины

 Закончылася круглагадовая спартакіяда сярод работнікаў устаноў адукацыі раёна. Праводзілася яна ў канікулярны час па валейболе, тэнісе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, шахматах і шашках. Не ўсе педкалектывы з-за малой колькасці, аддаленасці ці спецыфічна жаночага складу змаглі выставіць паўнацэнныя каманды па некаторых відах праграмы, але ўсе прынялі ўдзел. Шчыра дзякуй за гэта.

Спартакіяду распачалі валейбалісты. Спаборнічалі на базе СШ №3 імя Я. Томкі. Найбольш упэўнена адчувалі сябе з мячом ля сеткі спартсмены СШ №2, выступалі нават больш паспяхова, чым гаспадары пляцоўкі. Таму занялі першую прыступку п’едэстала. Каманда СШ №3 імя Я. Томкі другая, трэцяе прызавое месца за Узмёнскай школай.


Каманды па настольным тэнісе сфарміраваць было значна прасцей, бо кожную школу прадстаўлялі толькі два спартсмены — жанчына і мужчына. Вызначалі самых-самых у СШ №2. І тут гаспадары першынство не ўпусцілі дзякуючы Славаміру Коласу і Валянціне Рудзёнак. Серабро заваявалі дзісенцы: намаганні Івана Гіржды (другое асабістае месца) падтрымала Валянціна Івашчук, яна трэцяя сярод жанчын. Трэцім сярод мужчын аказаўся Сяргей Сцепулёнак з Узмён, а другой у жанчын — Юлія Янушонак з Туркова. Пры гэтым па ачках трэцяе месца заняла каманда Дворнасельскай школы.


Спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі аказаліся самымі масавымі. Удзельнічала дзевяць каманд, па два спартсмены ў кожнай. Мужчыны паражалі мішэні стоячы, жанчыны—седзячы “з рукі”. Родныя сцены дапамаглі перамагчы дуэту з СШ №2, асабістыя першыя месцы заваявалі Аляксандр Паршута і Валянціна Рудзёнак. За імі размясціліся сярод мужчын Аляксандр Гваздоўскі з Завуцця і Васіль Найдзёнак з Узмён, сярод жанчын—Таісія Шокель з СШ №3 і Алена Матылёнак з Сіцькова. У камандным заліку на другім месцы Узмёнская школа, на трэцім — Завуццеўская.


Нядаўна праходзілі спаборніцтвы сярод педработнікаў па настольных відах. Па шашках асабістыя прызавыя месцы сярод мужчын занялі Юрый Рачыцкі з СШ №3 імя Я. Томкі, Леанід Мятла з СШ №2 і Уладзімір Замковіч з Узмён; сярод жанчын — Алена Шамшур з Сіцькова, Алена Белая з Завуцця, а Жанна Апалька (СШ №2) з Ірынай Грэцкай (Узмёны) падзялілі трэцяе. Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам — СШ №2, Сіцькоўская і Узмёнская школы.


Нарэшце, шахматы. У асабістым заліку сярод мужчын перамаглі Аляксандр Гур’еў (Міёрскі яслі-сад №1), Васіль Даўбешка (Сіцькоўская школа) і Васіль Найдзёнак (Узмёнская школа). Сярод жанчын перамогу трымалі Наталія Чысцякова з СШ №3 імя Я. Томкі, Вера Яленская з Сіцькова і Рыта Машарава з Чапукоў. Каманды-пераможцы размясціліся адпаведна — Сіцькова, Узмёны і Дворнае Сяло.


Агульнакамандныя месцы калектываў вызначаліся па найбольшай суме ачкоў па кожным відзе спорту. Таксама ўлічваўся ўдзел работнікаў устаноў адукацыі ў спаборніцтвах у складзе зборнай каманды аддзела ў сёлетняй раённай круглагадовай спартакіядзе сярод калектываў фізкультуры арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Такім чынам, самы важкі рахунак атрымаўся ў спартсменаў СШ №2, яны на першым месцы. Другое прызавое заняла Узмёнская школа, трэцяе — СШ №3 імя Я. Томкі. Не менш важнае значэнне спартакіяды-2018 у тым, што ўсе педкалектывы скарысталіся магчымасцю сустрэцца з калегамі не толькі для вырашэння прафесійных пытанняў.

Алена ФЁДАРАВА,
старшыня райкама прафсаюза
работнікаў адукацыі і навукі. 

На здымку: спартсмены СШ №2.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.