Сдача мобильного кемпинга у Зачеревьи уже во второй половине сентября

 Яшчэ нядаўна вёска Зачарэўе ў Перабродскім сельсавеце славілася ў асноўным лясамі, багатымі на грыбы і ягады. Але паступова яе імідж мяняецца з-за размяшчэння на беразе самага вялікага на Міёршчыне возера Абстэрна. Спачатку тут з’явілася аднайменная база адпачынку, потым некаторыя мясцовыя жыхары і прыезджыя дачнікі сталі пераабсталёўваць  сядзібы для арганізацыі адпачынку. І вось новы крок для прываблівання турыстаў — стварэнне мабільнага кемпінга.

СТАТЫСТЫКА. У Зачарэўі знаходзіцца 21 сядзіба, налічваюцца 43 жыхары, з іх 20 працаздольных, 15 пенсіянераў і восем непаўналетніх. Дзве сям’і шматдзетныя, пяць жанчын у водпуску па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў.


Нагадаю, што дагавор аб будаўніцтве мабільнага кемпінга падпісалі апошнім ліпеньскім днём Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі і дырэктар ДЛГУ “Дзісенскі лясгас” Ігар Бачарэнка. Польскі бок выдзеліў для стварэння турыстычнага аб’екта 40 тысяч еўра, а лясгас абавязваўся з прыцягненнем падрадных арганізацый сёлета выканаць усе работы.


 У жніўні некалькі разоў наведалі ўчастак на беразе возера Абстэрна ў Зачарэўі, адведзены для кемпінга. Месца прыгожае, ад недалёкіх могілкаў агароджана радочкам пакуль невысокіх туй, побач малады сасоннік, грыбны вільготнай восенню, за мятровым абрывам хвалі лашчаць жоўценькі пясочак пляжа. Часткова захавалася старая дарога на Браслаў, яе і прыстасоўваюць для новых патрэб. Былі бачны першыя прыкметы стварэння турыстычнага аб’екта: работнікі лясніцтваў абкасілі бераг, пасля пашырэння кавалак даўняй “напалеонаўскай” дарогі стаў пляцоўкай для стаянкі машын, з’явілася некалькі бетонных пліт непасрэдна для кемпераў (аўтамабільных прычэпаў для жылля), спачатку прывезлі дзве альтанкі з бярвення, падвялі сілавую электралінію, даставілі буйнае каменне для дызайнерскіх мэт і дробнае — для будаўнічых.


Гаспадыня сядзібы, што знаходзіцца на ўзвышшы побач з будучым кемпінгам, Ларыса Іванова запэўнівала, што работнікі лясгаса тут працавалі. А яе дзеткі любяць гуляць у прывазным пясочку.


 30 жніўня, у чацвер, на беразе ажыўлена. З раніцы вялікагрузныя самазвалы Міёрскага ПМС прывезлі ўрадлівы грунт. На трактары каўшом Валерый Асіпенка дастаўляў яго для падсыпкі да бетонных пліт пяці пляцовак, дзе зямлю разраўноўвалі і ўшчыльнялі работнікі з бліжэйшых лясніцтваў. Яны ж укладвалі дробнае каменне для пандусаў. Усімі справамі кіраваў галоўны інжынер лясгаса Дзяніс Леановіч.


— Устанавілі тры альтанкі, завезлі яшчэ адну, на наступным тыдні мяркуем абсталяваць усе пяць, — пералічвае Дзяніс Сцяпанавіч. — Прыступілі да ўладкавання лесвічак, каб да іх было зручна спускацца. Купляем пантоны для пірса, якім потым зоймемся. Вырабляем домікі для душавой і санвузла, для работнікаў кемпінга. Потым іх на месцы зманціруем.


Гэты пералік не поўны. Аднак і ён сведчыць, што на будоўлі аўрал, бо плануемая здача ў эксплуатацыю — у другой палове верасня.
Да будучага кемпінга з райцэнтра (ад РДК) 20 кіламетраў, адолець такую адлегласць пры захаванні прадугледжанага дарожнымі знакамі хуткаснага рэжыму можна за 20 хвілін. 

Фотаматэрыял аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.