20 і 21 мая ў Оршы праходзіў фінал абласных спаборніцтваў на прыз "Скураны мяч". Папярэдне праводзіліся сустрэчы ў падгрупах, і пераможцы — шэсць каманд (хлопчыкі 1999-2000 гадоў нараджэння) з Пастаў, Міёраў, Віцебска, Оршы, Чашнікаў і Дуброўна — сустрэліся, каб вызначыць мацнейшага.
Спачатку гулялі ў падгрупах. Міярчане перамаглі дубровенцаў 2:1. Галы забілі А. Жураўскі і В. Шокель. Наступны поспех з'яўляўся заслугай траіх — А. Жураўскага, П. Жабёнка і Я. Пішчулёнка, калі выйгралі ў Чашнікаў з лікам 3:1.
У фінале гулялі з Паставамі, але і тут не паддаліся юныя міярчане. Два галы ў вароты саперніка забіў капітан каманды А. Жураўскі, і ў выніку 2:1. У мінулым годзе хлопцы таксама сталі чэмпіёнамі вобласці, і сёлетняй перамогай пацвердзілі свой статус. Дарэчы, на секцыі па футболу ў ДЮСШ займаюцца пераважна вучні СШ №3 — У. Ляшук, Р. Жылевіч, Я. Будзько, Я. Дабравольскі, І. Чарняўскі, Я. Пішчулёнак, П. Жабёнак, В. Шокель, В. Крупенька, А. Жураўскі (капітан), У. Баданін, з СШ №2 А. Пахірка і з СШ №1-А. Капцюг. Трэба адзначыць, што для Р. Жылевіча, Я. Будзько, У. Баданіна і А. Капцюга спаборніцтвы такога маштабу — першае вялікае выпрабаванне, бо астатнія хлопчыкі ў мінулым годзе ўжо ўдзельнічалі ў такім жа чэмпіянаце.
Па выніках турніру лепшым варатаром быў прызнаны Уладзіслаў Ляшук, а лепшым нападаючым Аляксей Жураўскі, які забіў найбольшую колькасць галоў. Каманда ўзнагароджана граматай і кубкам, а ігракі — медалямі і ў падарунак атрымалі яшчэ маляўнічую кнігу "Віцебшчына Алімпійская". Гонар вобласці юныя футбалісты з Міёраў будуць абараняць у верасні на чэмпіянаце рэспублікі.