Авторизация
 

Вандроўка па аграсядзібах Міёршчыны

 Рабочай, прыемнай і цікавай атрымалася апошняя субота ліпеня для загадчыка сектара спорту і турызму Ларысы МАЛЕЦКАЙ, інструктара-метадыста па турызме ФСК “Міёры” Алены ЛАЎРЫНОВІЧ, намесніка дырэктара РДК Аляксея ГАЙДЗЕЛЯ і карэспандэнта “Міёрскіх навін”. У аграсядзібах раёна праходзіў Дзень адчыненых дзвярэй. Адправіліся знаёміцца з умовамі і перавагамі сельскага адпачынку.

ПЕРШЫ пункт маршруту — аграэкасядзіба “Орцаўская прыстань”. Гаспадар Іосіф Шабуцкі сустракае ля весніц. Адразу звяртаеш увагу на пафарбаваны драўляны плот, аздоблены фігуркамі рыбак і рыбалоўнай сеткай. “Отдыхать хорошо, а хорошо отдыхать — ещё лучше”, — сведчыць надпіс на падвясной шыльдзе ручной работы. Некалькі крокаў да возера. На беразе лазня. Папарышся — і акунайся ў прахалодны вадаём. Ёсць вышка для аматараў паныраць.


“Орцаўскую прыстань” ацэняць аматары актыўнага адпачынку. У двары валейбольная сетка, баскетбольнае кальцо, більярдны і тэнісны сталы, мішэнь для дартса. Спадабаецца тут сем’ям з дзецьмі. Для малых — арэлі, гамак, пясочніца. Вабіць дваровы дэкор з самаробнымі бусламі, казачнымі домікамі, жывымі кветкамі, плеценымі лазовымі кольцамі на дзевяностагадовых дубах.


— Сезон адпачынку з мая па жнівень. Рады гасцям і ў іншую пару, — гаворыць Іосіф Шабуцкі. — На аграсядзібе не толькі адпачываюць. Можна адзначыць вяселле, юбілей ці іншую ўрачыстасць. Такія заказы паступаюць. Прапаноўваем экскурсіі па раёне. Возім на вадаспад, у Лявонпаль на сядзібу Лапацінскіх, у райцэнтр.


Адпачываць “Орцаўская прыстань” запрашае з 2011 года. Прыязджалі турысты з Германіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Латвіі, буйных гарадоў Беларусі. Па словах гаспадара, у апошнія гады ў нашых людзей попыт на вясковы адпачынак зменшыўся. Разам з тым ёсць пастаянныя сябры. Напрыклад, пяць год запар штолета прыязджаюць сем’і з Мінска і Пецярбурга.


 АГРАЭКАСЯДЗІБА “Антонаўка” ў Мілашове прымае гасцей трэці год. Сярод адпачывальнікаў ужо з’явіліся сябры.
— Другі год прыязджае сям’я з Пецярбурга. Спадабалася тут. Знаёмяцца з іншымі мясцінамі. Ездзілі разам у Друю, Браслаў. У такіх вандроўках і мы даведваемся шмат цікавага пра свой край, — расказвае гаспадыня Таццяна Тычко.


Сядзібай займаюцца разам з мужам Анатолем. Гэта яго рукамі зроблены ў двары металічныя фігуры буслоў, падстаўка для кветак у выглядзе карэты, стыльная альтанка, казачны замак, домік на курынай лапцы.


Зялёны газон плаўна спускаецца да возера. Па гэтым бы схіле зімой на лыжах ці санках праехаць. Пра зімовыя забавы гаспадары думаюць. А на лета — лодка, рыбалка, валейбол, лазня, экскурсіі.


— На адпачынак у кожнага свае планы. Камусьці дастаткова лазні і шашлыкоў, іншым хочацца не толькі пазагараць і ў валейбол пагуляць, але і кругагляд пашырыць, — гаворыць Таццяна. — Аднак усе цікавяцца, ці ёсць на сядзібе лазня і вадаём паблізу.


 І ПАПАРЫШСЯ, і ў возеры асвяжышся на аграсядзібе “Райскі куточак” у Ідолта. Яшчэ можна сарваць свежы агурок з градкі, пасмажыць шашлык на мангале, пракаціцца на веласіпедзе па ваколіцах, спатоліць смагу духмяным ліпавым чаем, да якога гаспадыня Ірына Максімовіч прапануе піражкі з яблыкамі.


— Дом купіла для дачы. Спатрэбіліся сур’ёзны рамонт, генеральная ўборка падворка. Калі прывяла ўсё ў парадак, адкрыла аграсядзібу, — расказвае субяседніца. — Турысты ў асноўным з буйных беларускіх гарадоў. Гродна, Гомель, Мінск, Магілёў. Прыязджаюць сем’ямі. Хто на тры-чатыры дні, іншыя на тыдзень.


“Райскі куточак” разлічаны на шэсць адпачывальнікаў. Ад летняга дажджу схавае ўтульная альтанка, калі пахаладае, сагрэе камін у хаце.
 У РУСКАЙ печы на сядзібе “У Мароза” ў Лявонпалі гатуюць шашлыкі, калі на дварэ непагодзіцца. За вакном ясна — хутчэй на вуліцу, дзе зелена і прасторна. Жывыя сцены шыпшыны і вінаграднікаў, падрастаюць туі, урадзіў агрэст, усыпаны сакавітымі пладамі яблыні. Можна налавіць рыбкі ў Заходняй Дзвіне, што непадалёку, і зварыць у катле юшку. 


Гаспадары Алег і Жанна Маразы з задавальненнем праводзяць на сваёй сядзібе выхадныя і водпускі разам з дзецьмі і кошкай.
— Гэта дом дзядулі і бабулі. Тут прайшло маё дзяцінства, — расказвае Алег. — Аграсядзіба дзейнічае чатыры гады. Адпачывалі мінчане, прыязджалі таксама з Наваполацка, Міёр. Пасябравалі з турыстамі з Пецярбурга.


— Самі жывём у Глыбокім. Прыемна з кватэры выбрацца на сельскі прастор, — усміхаецца Жанна. — Мэту зарабіць не ставім. Запрашаем сюды родных і сяброў.


 ПАДЧАС адпачынку ва Узмёнах “У Пятровіча” даведаешся шмат цікавага пра рэчы хатняга ўжытку даўняй пары. У калекцыі гаспадара Віктара Савуціча — самавары, вагі, швачная машынка, газавая лямпа і іншыя прадметы, аб прызначэнні якіх часам і не здагадаешся. Для адпачывальнікаў — камфортныя спальні, прасторная зала, спартыўныя веласіпеды. Вялікі попыт на лазню.


— Акцэнт — на экалогію, — падкрэслівае Віктар Пятровіч. — Дрэва ў пакоях лакам не апрацоўваў. Некаторыя госці з горада тут забываюцца, што ў іх праблемы са сном.


Пра тое, колькі часу, сіл і сродкаў затраціў Віктар Савуціч на стварэнне “беларускай швецыі” (так мясцовыя жыхары называюць аграсядзібу) сведчыць альбом з фотахронікай. Нават не верыцца, што стыльная сядзіба з прадуманым ландшафтным дызайнам дзесяць год таму была звычайнай сельскай хатай з кустоўем і старымі дрэвамі ў двары.


 ЦІКАВА, як год праз пяць будзе выглядаць “Жураўліная Ельня”. Аграсядзібу на хутары Сухія, што ў ваколіцах Дворнага Сяла, Андрэй Літвінаў зарэгістраваў 1 снежня 2017 года.


— Дому каля ста год. З сябрам купілі яго спецыяльна для аграсядзібы. Дарэчы, гэта першая ў раёне сядзіба побач з балотам, — расказвае гаспадар. — Працягваем добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Аднак атмасферу далёкага мінулага захаваем. Вырошчваем авёс для коней, на якіх будзем катаць адпачывальнікаў, пасадзілі бульбу. Па прафесіі я повар. Частую гасцей стравамі, прыгатаванымі ў рускай печы. У жніўні чакаю турыстаў з Германіі.


Навокал цішыня і зялёная прастора. Дзьме свежы вецер, і зусім не адчуваюцца абяцаныя +27 градусаў спякоты. Рукой падаць да Ельні. Увечары закурлыкаюць журавы. Яны штодня пралятаюць міма хутара, і каб палюбавацца на высакародную птушку, не патрэбны бінокль.

Вандроўка расцягнулася амаль на цэлы працоўны дзень. Стомленасць не дакучала. Цікавыя сустрэчы сілкуюць энергіяй. Адпачываць таксама трэба ўмець. Гаспадары аграсядзіб рады ў гэтым дапамагчы.

ЛІЧБЫ

Лідар па колькасці аграэкасядзіб у Віцебскай вобласці — Браслаўскі раён. Зарэгістравана 301 адзінка. На Міёршчыне 47 аграсядзіб. Гэта другое месца ў вобласці. Найбольшая колькасць у Перабродскім сельсавеце — 12. У Павяцкім — 7, У Язненскім — 6.
У 2015-2017 гадах аграэкасядзібы Міёрскага раёна прынялі 3 248 турыстаў. З іх 396—замежныя грамадзяне. Найбольшая колькасць адпачывальнікаў з Расійскай Федэрацыі. Наведваліся турысты з Латвіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Швецыі, Ізраіля, ЗША, Шры-Ланкі.

КАМЕНТАРЫЙ:

Ларыса Малецкая, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама

—Кожная з аграэкасядзіб мае свае адметнасці, каларыт, па-свойму прывабная для турыстаў. У “Орцаўскай прыстані” прадугледжаны ўмовы для актыўнага і спакойнага адпачынку сем’яў з дзецьмі, моладзі і дарослых. З перспектывай глядзяць у будучыню гаспадары “Антонаўкі”, шмат зрабілі па добраўпарадкаванні тэрыторыі, маюць цікавыя задумы. У “Райскім куточку” вабяць даступныя цэны. Адпачынак “У Мароза”—гэта вяртанне ў пару вясковага дзяцінства, ва ўтульныя дом і двор, сагрэтыя бабулінай пяшчотай і клопатам. Гаспадар сядзібы “У Пятровіча” добраўпарадкоўвае не толькі ўласны падворак, але і бераг Заходняй Дзвіны. Пажадана, каб у гэтым дапамагалі мясцовыя жыхары. “Жураўліная Ельня”, на мой погляд,—цудоўны варыянт актыўнага адпачынку для мужчын, захопленых рыбалкай, фотапаляваннем, вывучэннем свету прыроды. Радуе, што гаспадары аграсядзіб не спыняюцца на дасягнутым, рэалізоўваюць новыя ідэі. Пажадаем ім вялікага наплыву адпачывальнікаў. Для гэтага трэба актыўней заяўляць пра сябе на інтэрнэт-прасторы. Сацыяльныя сеткі, спецыялізаваныя сайты дапамогуць даведацца пра прывабныя мястэчкі Міёршчыны большай колькасці беларускіх і замежных турыстаў.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 769
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 57 583
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 25 655
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 702
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 24 512
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 21 336
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 701
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 августа 2018
Василий, Иван, Кирилл, Платон, Роман, Степан, Тарас, Федор

Именины 14 августа 2018
Александр, Дмитрий, Леонтий, Тимофей, Федор, Софья

Госці краін
free counters
Партнеры сайта