Первая спартакиада ветеранов труда Миорщины

 Першая спартакіяда ветэранаў працы сярод пярвічных арганізацый Міёршчыны аказалася шматлюднай. 26 верасня на агульным пастраенні ў спартыўнай зале ФСК "Міёры"дзесяць каманд намерыліся памерацца сіламі па сямі відах спорту. Гэта лёгкая атлетыка (бег на 50 і 30 метраў адпаведна для мужчын і жанчын), шашкі, дартс, фігурнае ваджэнне веласіпеда, настольны тэніс, закідванне мяча ў баскетбольнае кольца і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Спаборніцтвы праходзілі на бегавой дарожцы і пляцоўцы стадыёна, непасрэдна ў спартзале ФСК, а таксама ў спартзале і ціры СШ №2.

 На спаборніцтвы сабраліся людзі, якім і раней даводзілася арганізоўваць ці ўдзельнічаць у падобных і іншых мерапрыемствах, пераважна знаёмыя між сабой. Цяпер гэта актыў ветэранскіх пярвічак. Пры адкрыцці іх сардэчна вітала, пажадала поспехаў і байцоўскага настрою намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур заклікаў прадэманстраваць, што пажылыя людзі — узор вядзення здаровага ладу жыцця, ім яшчэ ўласцівы малады запал і энтузіязм.
Ролю галоўнага суддзі выконвала дырэктар спартыўнай школы Святлана Матуль, яна распавяла пра парадак і месцы правядзення спаборніцтваў, пазнаёміла з суддзямі па відах спорту.


 Першымі выйшлі на старт легкаатлеты. На бегавой дарожцы сярод мужчын не было роўных Мікалаю Каранкевічу, кіраўніку ветэранскай арганізацыі льнозавода. Ён аказаўся больш імклівым за прадстаўніка спартыўнай сферы Валянціна Шумілава, які абараняў гонар пярвічкі аддзела адукацыі, спорту і турызму. У тройку лідараў увайшоў і Мікалай Цівончык з ААТ "Узмёнскі край".
Сярод жанчын самымі хуткімі аказаліся Тамара Яроменак — прадстаўнік ільнозавода, Галіна Савейка з ПМК-55 і Галіна Курыльчык з раённага вузла паштовай сувязі.


У камандным заліку п'едэстал гонару занялі прадстаўнікі льнозавода, ПМК-55 і аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Даўжэй за ўсіх змагаліся за перамогу шашысты, яны апошнімі закончылі спаборніцтвы. Лідзіравалі паштавік Анатоль Пупін у мужчын і электрасувязіст Рэгіна Варонька ў жанчын. Другой аказалася пара з аддзела адукацыі, спорту і турызму — Тадэвуш Мароз і Людміла Якаўлева, трэцімі — Часлаў Пахірка з ААТ "Пад'ельцы" і Рэгіна Будзько з ільнозавода. Камандныя месцы размеркаваліся ў наступным парадку—аддзел адукацыі, спорту і турызму; раённы вузел электрасувязі; раённы вузел паштовай сувязі.


 Дартс толькі здаецца лёгкім, патрэбны вопыт і цвёрдая рука. Гэтыя якасці ў поўнай меры прадэманстравалі Святлана Яроменак з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Леанід Курыльчык з РВПС і Антоній Шадурскі з РВЭС. Яны і прынеслі адпаведныя прызавыя месцы сваім камандам.


Майстрамі фігурнага ваджэння веласіпеда аказаліся былы паштовы работнік Даната Арцімовіч, Эдуард Масла, які прадстаўляў па месцы жыхарства ААТ "Пад'ельцы", Валерый Алеська ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Яны дадалі пераможныя балы сваім камандам.


Напружана праходзілі спаборніцтвы за тэніснымі сталамі. Тут, зразумела, не было роўных Тадэвушу Пухальскаму — ён жа ад аддзела адукацыі, спорту і турызму! Другі вынік у паштавіка Аляксандра Спірыдовіча, трэці — у былога льнозавадчаніна Уладзіміра Кандрацкага. Яны заваявалі адпаведныя месцы і сваім камандам.


Выкладчык фізкультуры СШ №2 Сяргей Філіпаў пры падтрымцы сваіх вучняў так арганізаваў спаборніцтвы па закідванні мяча ў баскетбольнае кольца, што ўдзельнікам дапамагаў запал, а выпадковасцей не магло быць. Кожны па максімуме праявіў свае здольнасці. І вось вынік: у тройцы лідараў Леанід Дземідзёнак з ільнозавадской пярвічкі, Уладзімір Пахірка з ААТ "Пад'ельцы" і Раіса Мікуцкая з ЦРБ. Зноў у такім жа парадку і камандныя пераможныя месцы.


Стральба — справа пераважна мужчынская, нават калі вінтоўка пнеўматычная. Гэта прадэманстравала і ветэранская спартакіяда. На ёй найбольш вынікова пабілі мішэні Валерый Алеська ад каманды аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Антоній Шадурскі ад РВЭС і Раман Фурс ад РАУС.


 Судзейскай калегіі пад кіраўніцтвам Святланы Матуль давялося добра папацець, пакуль падвялі вынікі, асабістыя і камандныя, спартакіяды, падрыхтавалі ўзнагароды. Спартсмены, якія занялі прызавыя месцы, адзначаны адпаведнымі медалямі і дыпломамі, ім уручаны сувеніры. Каманды-пераможцы ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага вузла паштовай сувязі і ААТ "Пад'ельцы"за першыя тры прызавыя месцы заахвочаны не толькі дыпломамі, але і выпечкай ад Міёрскага хлебазавода. Адзначаны падзякамі за ўдзел у спартакіядзе і тортамі ў якасці стымула ветэранскія пярвічкі цэнтральнай раённай бальніцы, РВЭС, РАУС, ААТ "Узмёнскі край", ПМК-55, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.


Па агульным меркаванні, першая спартакіяда ветэранаў працы прайшла арганізавана. У тым вялікая заслуга не толькі прэзідыума раённага савета ветэранскай арганізацыі і яго старшыні Часлава Кашкура, ініцыятара мерапрыемства, але і надзейных памочнікаў з ад-дзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аб'яднання прафсаюзаў, фонду міру, БРСМ, ГА "Белая Русь", хлебазавода, спартыўнай школы, СШ №2. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.