На раённых спаборніцтвах “Снежны снайпер” у пачатку года Мікалай Вашкель заняў першае месца. За выдатны поспех пашчасціла яму трапіць на абласныя, і там ён, як кажуць, не падкачаў — заваяваў трэцяе прызавое. У канцы лютага ў складзе зборнай вобласці трапіў на рэспубліку.
Спачатку зборы праводзіліся ў Віцебску. Чатыры дні трэніраваліся: вучыліся трапна страляць, на лыжах хутка пераадольваць тры кіламетры. У рэспубліканскіх спаборніцтвах, што праходзілі пад Мінскам, удзельнічалі дзве ўзроставыя падгрупы — малодшая і старэйшая. Менавіта ў складзе другой знаходзіўся і Мікалай.
Як згадвае юны спартсмен, у старэйшай падгрупе з усёй рэспублікі налічвалася 50 чалавек, сярод якіх былі і дастаткова моцныя сапернікі. У першы дзень стралялі, і Мікалай заняў шостае месца, а на наступны праводзіліся лыжныя гонкі, а вынік —34-ае. У агульным заліку сярод аднагодак на рэспубліцы заняў 16 месца. У падарунак атрымаў касцюм біятланіста. Старэйшая каманда вобласці заняла чацвёртае месца, а малодшая — першае. Па агульнай суме набраных балаў вобласць выйшла на першае месца.
Рыхтаваў Мікалая да спаборніцтваў настаўнік Віктар Уладзіміравіч Маскалёў. Прыблізна месяц рэгулярна праводзіліся трэніроўкі, і поспех бачны, як на далоні. Мікалай — спартыўнае будучае Чапукоўскай СШ-сада, бо вучыцца яшчэ толькі ў восьмым класе. Застаецца пажадаць новых перамог і поспехаў, а разам з тым — узнагарод. На здымку:М. Вашкель з настаўнікам В. У. Маскалёвым.