Авторизация
 

Вандроўка па Міёршчыне: Перабродскі сельсавет

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветНаш край славіцца прыгожай прыродай, рукатворнымі помнікамі і працавітымі, таленавітымі людзьмі. Ахапіць усё і адразу вокам ці розумам проста немагчыма. А калі па часцінках, — складзецца агульны і яркі малюнак таго, што кожны жыхар раёна называе сваёй малой радзімай.
Сёння рэдакцыя адкрывае новую рубрыку з мэтай нагадаць пра самае адметнае. 

 

Тым больш, што наступіла лепшая для гэтага пара. Наваколле зелянее, квітнее, зямля дэманструе плён намаганняў. А нашым чытачам прапануем пабачыць тое, што адлюстраваў аб'ектыў рэдакцыйнага фотаапарата, ацаніць нататкі з журналісцкага блакнота. Будзем удзячны, калі вы дапоўніце, дадзіце параду, падкажаце пра незаўважанае, недаацэненае.
Вандроўка пачалася. Працяг абавязкова будзе.


Вядучы рубрыкі Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветГІСТАРЫЧНЫ  РАКУРС

 

Пераброддзе

ёска ўпершыню згадваецца ў прывілеі польскага караля Сігізмунда-Аўгуста 25 чэрвеня 1571 года, па якім за дапамогу мясцовымі жыхарамі войску пры пераправе праз брод населенаму пункту даравана магдэбургскае права. Яно пацверджана і пашырана 3 чэрвеня 1792 года Станіславам-Аўгустам з наданнем мястэчку герба: сцяг з яго ініцыяламі развіваецца над трыма вежамі, што ўзвышаюцца над мураванымі сценамі. А вакол надпіс "Сцяг свабоды і адзінства". Асноўныя элементы таго герба захаваны ў сучасным. Ён зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №277 ад 2 чэрвеня 2009 года. Вось яго афіцыйнае апісанне: "Герб вёскі Пераброддзе Міёрскага раёна ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога на зялёнай аканечнасці адлюстравана залатая харугва з сярэбранымі галунамі. У цэнтры харугвы размешчана манаграма чырвонага колеру з літар "S", "А" і "R".


Сцяг Пераброддзя таксама блакітны з выявай герба ў цэнтры. Унізе палотнішча—дзве хвалістыя белыя паласы. У геральдыцы яны сімвалізуюць азёры.


Наогул, магдэбургскае права і герб — для беларускай вёскі з'ява даволі ўнікальная. У дадзеным выпадку гэта больш пажаданне стаць горадам у цудоўным азёрным краі. Але скарыстацца ім Пераброддзе па многіх прычынах не змагло. Кожнае стагоддзе яго палілі і рабавалі чужынцы, выгарала і само. Вёска, сяло, мястэчка, цэнтр войтаўства, воласці і прыходу, пры ўсім гэтым,—"вольны горад". Таму і людзі тут жылі вольныя, неспакойныя, непакорлівыя, нязвыклыя да сляпога падпарадкавання. З цяжкасцю царскія ўлады выкаранілі ў Пераброддзі ўніяцтва. Затое ў больш позні час тут мірна ўжываліся мясцовыя беларусы, праваслаўныя і католікі, прыезджыя рускія стараверы, яўрэі.
Пераброддзе славілася трывалымі песеннымі традыцыямі. У царкве ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ўтварыўся выдатны хор, з якога потым выйшлі народныя артысты Васіль Юневіч і Міхаіл Шуманскі. І сам ён меў званне народнага, на працягу больш за паўстагоддзе актыўна ўдзельнічаў у аглядах і конкурсах, нават рэспубліканскіх і міжнародных.


У пасляваенны час Пераброддзе—цэнтр калгаса "Кастрычніцкая рэвалюцыя" (утвораны ў 1949 годзе) і сельсавета.
Перабродскі сельсавет сёння—гэта абшары плошчай 219,28 квадратных кіламетраў, дзе ў 31 вёсцы і на 19 хутарах жывуць 1434 чалавекі. На тэрыторыі сельсавета размешчаны падсобная гаспадарка ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс"; часткова—угоддзі ВУПКУ "Міёрскі"; дзіцячы санаторый "Расінка" і база адпачынку "Актам"; вытворчы ўчастак "Пераброддзе" УП ЖКГ; Перабродскае лясніцтва; ТАА "Абстэрна"; чатыры сялянска-фермерскія гаспадаркі; прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг у сферы аўтаперавозак; Перабродскае аддзяленне паштовай сувязі; ФАПы ў Пераброддзі, Забалоцці і Камянполлі; Перабродскі СДК; Забалоццеўская сельская бібліятэка-клуб і Перабродская бібліятэка; магазіны ў Пераброддзі і Міёрках-2; кафэ "Прыазёрнае" ў Пераброддзі.


У сельсавеце 18 азёр, самыя вялікія з іх Абстэрна, Набіста-Дзедзіна і Важа, ландшафтны заказнік "Балота-Мох". Помнікамі прыроды з'яўляюцца Буянаўскі пагорак, Воўчая гара (210 м над узроўнем мора—самы высокі прыродны аб'ект Міёршчыны), валун-следавік ля Пераброддзя.
З Забалоцця паходзіць знакаміты скульптар і паўстанец Генрык Дмахоўскі, з Дзедзіна—святар і пісьменнік Пётра Просты (Ільдэфонс Бобіч), стваральнік музея Францыска Скарыны ў Лондане біскуп Часлаў Сіповіч і адзін з самых вядомых сучасных пісьменнікаў Польшчы Рышард Курыльчык.


Традыцыйным стаў штогадовы фестываль народнай творчасці "Перабродская зорка" з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці Міёршчыны, суседняга Даўгаўпілса, нават Расіі.

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветМЕТАЛАПРАКАТНЫ  ЗАВОД

 

Сама будоўля важная для краіны, таму ход работ знаходзіцца пад пастаянным кантролем спецыялістаў і кіраўнікоў не толькі абласнога, рэспубліканскага ўзроўню. Аб'ект па раённым маштабе вялікі, таму вынікі працы кожнага дня мноства людзей нібы і не надта прыкметныя, аднак  відавочныя. Будучае прадпрыемства набывае ўласцівыя яму абрысы.

 

Генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Шымуковіч адзначае, што тут яшчэ працягваюцца земляныя і бетонныя ў зямлі работы. У асобных месцах даводзіцца выбіраць шматметровы слой торфу і замяшчаць яго больш шчыльным грунтам. Таму штодзень аўтамашыны завозяць на аб'ект да тысячы кубаметраў пяску.


Заліўка бетонам паляў ужо не такая вострая праблема: пад асноўныя аб'екты іх выраблена больш за 1800, засталося каля чатырохсот. Няшмат, таму работы вядуцца ў звычайным рэжыме.


Галоўнай падзеяй апошняга часу стаў выхад работ на ўзровень вышэй за "нуль", гэта азначае—на паверхню. Беларускія спецыялісты са сталічнага ТАА "Стальныя будынкі" вядуць мантаж расійскіх металічных канструкцый на цэнтральнай майстэрні, потым да іх будуць мацавацца сценавыя панэлі. У пабудову салідных памераў ужо паступае начынне, завезены з-за мяжы два магутныя маставыя грузапад'ёмныя краны. "Прыстыкаваны" да будучай майстэрні адміністрацыйна-бытавы корпус выйшаў на ўзровень другога паверха.


Ідзе падрыхтоўка металаканструкцый для асноўнага вытворчага корпуса з такім разлікам, каб іх мантаж можна было пачаць не пазней сярэдзіны ліпеня. Аб'ёмы вялікія, для перавозкі каркаса пракатнага цэха чыгункай спатрэбілася б каля сотні вагонаў!

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветДРЭВААПРАЦОЎКА

Выканаюць любы заказ

Міёрскія камунальнікі надалі другое жыццё памяшканням рамонтных майстэрняў колішняга калгаса "Кастрычніцкая рэвалюцыя" ля Пераброддзя. Яшчэ ў красавіку 2010 года тут пачаў дзейнічаць участак УП ЖКГ па дрэваапрацоўцы. Створаны ўмовы для работы і адпачынку 16 чалавекам. Абсталяванне дазваляе ім вырабляць для ўласных патрэб арганізацыі і на заказ насельніцтву амаль любыя піламатэрыялы — дошкі неабразаныя і абразаныя, на падлогу ці столь, вагонку, блок-хаус, брусы розных памераў. Па індывідуальным заказе могуць нават  падрыхтаваць зруб для драўлянай пабудовы з ацыліндраваных бярвенняў. Вельмі важна, што цэны на ўсё гэта не мяняліся на працягу трох гадоў.

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветАГРАЭКАТУРЫЗМ

"Мацейкава сяліба"

У Перабродскім сельсавеце дзейнічаюць сем аграсядзіб, якія, як правіла, размешчаны паблізу азёр непасрэдна ў Пераброддзі, Зачарэўі, Мурашках, Дворышчы, Янове. Яны прадастаўляюць прыезджым жыллё з пэўнымі зручнасцямі, харчаванне, лодкі для рыбнай лоўлі, арганізоўваюць для іх збор ягад і грыбоў, экскурсійныя паездкі, і не толькі.


Самай вядомай сярод аграсядзіб даўно з'яўляецца перабродская "Мацейкава сяліба". Не толькі таму, што яна выходзіла пераможцам у розных абласных конкурсах,—сцвярджае гаспадыня Галіна Паўлоўская.—Прымаю гасцей з дзецьмі звычайна з мая па кастрычнік. Для дарослых і малых створаны належныя ўмовы. Арганізоўваю экскурсіі па наваколлі, а непасрэдна на месцы ёсць гульні для дзяцей, лодкі і катамаран для прагулкі па возеры і для рыбнай лоўлі. Непадалёку багаты на грыбы і ягады лес. Узаемадзейнічаю пры аказанні паслуг з суседзямі з Браслаўшчыны.


Але найбольшай вядомасцю карыстаюцца сярод калег майстар-клас па макрамэ і летнік па валянні з лямцу,—працягвае Галіна Уладзіміраўна.—Больш за тое, пачынаю ствараць куток рамёстваў. Шкада толькі, што сёлетняе надвор'е падвяло халадамі—сезон адпачынку пачаўся значна пазней. 

 

ЛЕТНІ  АДПАЧЫНАК

Ёсць у пляжа гаспадар

Калісьці УП ЖКГ арандавала для арганізацыі прамысловай і аматарскай рыбнай лоўлі самае вялікае на Міёршчыне возера Абстэрна. Адной з умоў дагавора было патрабаванне ўладкаваць месцы масавага адпачынку насельніцтва на гэтым вадаёме. Тады камунальнікі і пачалі добраўпарадкоўваць пляж ля Пераброддзя. Высеклі хмызнякі, прыбралі водную прыбярэжную расліннасць, завезлі пяску, зрабілі прыбіральні і кабіны для пераапранання, павець, пірс. Апошнія гады ўсё гэта актыўна выкарыстоўваецца і па вартасці ацэнена шматлікімі аматарамі летняга купання. Людзі цешацца цёплай вадзіцай на мелкаводдзі, загараюць. Па выхадных сюды наведваецца магазін на колах.


Каб не здарылася непрыемных выпадковасцей, напярэдадні купальнага сезона камунальнікі навялі парадак на пляжы. Спецыялісты АСВОДа ачысцілі дно возера ад металічнага, шклянога і бытавога хламу. У планах—паклапаціцца і пра ўладкаванне стаянкі для аўтатранспарта.

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветДЗІЦЯЧЫ  САНАТОРЫЙ  «РАСІНКА»

У лідарах

Дырэктар Юрый Баранаў заслужана ганарыцца, што "Расінка" па выніках 2016 года заняла першае месца сярод дзіцячых санаторыяў Беларусі. Тут забяспечваецца высакаякаснае лячэнне не толькі непаўналетніх з праблемамі органаў стрававання і дыхання, сардэчна-сасудзістай і касцёва-мышцавай сістэм і іншага. У гэтыя дні на беразе возера Абстэрна аздараўляюцца, атрымліваюць карысныя працэдуры 220 малых і 70 дарослых, у тым ліку з-за мяжы. Хутка чакаюць 80 дзетак з Расіі. Дзякуючы гэтаму санаторый лідзіруе ў раёне па аказанні турыстычных паслуг, у тым ліку экспартных.


Разам з тым да нас звяртаецца нямала мясцовых жыхароў не толькі з Міёр, а таксама з Браслава і Полацка,—запэўнівае Юрый Леанідавіч.—Кваліфікаваны персанал і сучаснае абсталяванне дазваляюць аказваць ім дапамогу, вядома, платную.


Сапраўды, у санаторыі даўно абсталявана спелеапячора, асвоены ручны, механічны і водны масажы, інгаляцыя, парафіналячэнне, лячэбная хада, ёсць лазня-саўна, ванны, басейн, які плануецца павялічыць, спартыўныя зала і пляцоўка з мноствам трэнажораў… Свая мінеральная вада. Дзейнічае лор-кабінет, прымае зубны ўрач. Лабараторыя зробіць неабходныя аналізы… Нават пералічыць усё няпроста, бо пастаянна абнаўляюцца і папаўняюцца абсталяванне і працэдуры. Вялікая ўвага надаецца якаснаму і паўнацэннаму харчаванню.


Як толькі прыйдзе летняе цяпло, пачне дзейнічаць пляж. Ёсць лодкі, катамараны. Наўкола грыбна-ягадныя лясы, рыбныя азёры.
Дзеці і дарослыя штодзённа заняты ў розных мерапрыемствах, культурных і спартыўных праграмах. Патрэбна душэўнае супакаенне і настаўленне,—іх можна атрымаць у нядаўна ўзведзенай капліцы. У якасці актыўнага адпачынку дзецям арганізоўваюць экскурсіі ў райцэнтр ці ў Браслаў, а дарослым прапануюць паездкі па ўсёй рэспубліцы, хаця найбольш часта яны імкнуцца пазнаёміцца са славутасцямі і храмамі Полацка.

 

Путешествие по Миорщине: Перебродскиий сельсоветЭНТУЗІЯСТЫ

Музей у бібліятэцы

Забалоцце найперш вядомае тым, што тут нарадзіўся ў 1810 годзе знакаміты скульптар і паўстанец Генрык Дмахоўскі. На моцным фундаменце са скляпення маёнтка гэтага шляхецкага роду цяпер узвышаецца будынак, які выкарыстоўваўся ў розных мэтах. Цяпер у ім сельская бібліятэка, гаспадыняй якой працяглы час з'яўляецца Людміла Белая. Яна не толькі вопытны культработнік з вялікім стажам работы, але і краязнавец-энтузіяст.

 

У першай сваёй іпастасі Людміла Міхайлаўна не проста забяспечвае школьнікаў кнігамі па праграмах, а дарослых—чытаннем па душы. Яна прапагандуе літаратуру наогул, і мэтанакіравана—творчасць мастакоў слова Міёршчыны. Іх кнігам адведзена спецыяльная паліца. Як культработнік арганізоўвае вечары адпачынку, навагоднія і купальскія мерапрыемствы. Сцэнарыяў для іх напісала безліч з улікам пажаданняў вяскоўцаў і па ўласных задумах. Не адмаўляецца і ад прапаноў прафесійных часопісаў, радзей звяртаецца да паслуг інтэрнэта.
Паўтара дзясятка гадоў кіруе Людміла жаночым аб'яднаннем "Сяльчанка", якое згуртоўвае цікавай арганізацыяй сустрэч і практычнай накіраванасцю работы сталых жанчын і малодзенькіх дзяўчатак.


Асобным напрамкам дзейнасці бібліятэкара стала імкненне захаваць ўсё, што звязана з багатым мінулым родных мясцін і бытам тутэйшага люду. Вынік—амаль што краязнаўчы музей, які цяпер займае не менш месца, чым кніжныя паліцы. Перш за ўсё ўвагу прыцягвае "Бабулін куток" - вырабы жанчын старэйшага пакалення. Побач - вышыўка, сурвэткі, хусткі. Людміла сцвярджае, што дзякуючы такой выставе яны зноў вяртаюцца ў моду. Адной з хустак нават папрасілі пакарыстацца.


Далей—рэчы побыту з "арсеналаў" гаспадароў і гаспадынь. Побач—старыя радыёпрыёмнікі, фотаапараты, гадзіннікі, нават пішучая машынка. Нібы і нядаўна імі карысталіся, але дзе яны больш захаваліся?
Тут жа—колішнія здымкі, дакументы, грашовыя знакі. Рэлігійнымі атрыбутамі яшчэ нават карыстаюцца. Спецыяльны стэнд для іх як камера захоўвання.


Дзіцячыя цацкі—рэчы непрацяглага ўжытку. А тут у іх другое жыццё, побач з кніжкамі для малечы…
Увогуле, усё лепш паглядзець асабіста. А як жа памяць пра даўняга гаспадара маёнтка і слыннага земляка Генрыка Дмахоўскага? Яму таксама прысвечана невялікая экспазіцыя, на большую экспанатаў пакуль не набралася. Здзіўляцца гэтаму не трэба, рабаваць маёнтак пачалі яшчэ французы ў 1812-м. А каб больш прасякнуцца атмасферай даўняга часу, можна наведаць старыя скляпенні.

 

 

 

 

 

 

скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 647
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 33 543
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 316
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 11 319
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 10 915
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 10 317
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 860
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 сентября 2017
Александр, Андрей, Василий, Григорий, Евгений, Иван, Лев, Макар, Михаил, Николай, Петр, Степан

Именины 19 сентября 2017
Андрей, Архип, Всеволод, Давид, Денис, Дмитрий, Иван, Кирилл, Константин, Макар, Михаил, Фекла

Госці краін
free counters
Партнеры сайта