Галоўная > Сямейны лад > Традыцыйныя візіты, прафілактычныя размовы

Традыцыйныя візіты, прафілактычныя размовы


25-03-2014, 11:03. размясціў: gazeta

Міліцэйская біяграфія старшыны Руслана Захарэвіча бярэ адлік з 2002-га года. Пачынаў міліцыянерам-дзяжурным у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля, дзякуючы ўменню ладзіць з тэхнікай, стаў вадзіцелем. Руслан Раманавіч завочна атрымлівае вышэйшую юрыдычную адукацыю ў Віцебскім універсітэце імя П. М. Машэрава. Наяўнасць дыплома стане пропускам на афіцэрскую пасаду.

 

Штотыднёва па чацвяргах з 19.00 да 21.00 сем'і, якія знаходзяцца на ўліку ў сацыяльных служб, чакаюць гасцей. Адным вечарам разам з участковым інспектарам ІСН Андрэем Міронавічам Ільніцкім і намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгай Казіміраўнай Чапулёнак у рэйд адправілася карэспандэнт газеты.

 

Першая сям'я, куды завіталі, не так даўно разглядалася на камісіі з-за скандалу, які ўчыніў бацька ў нецвярозым стане. Тады ён абяцаў, што гэта не паўторыцца. На момант нашага візіту бацькі і трое дзетак былі дома. Цеплілася печ, ад якой па пакоях расцякалася прыемнае цяпло. Гаспадар займаўся рамонтам абутку. Расказаў, што паедзе лячыцца ад алкагольнай залежнасці, цяпер шукае работу, звяртаўся ў некаторыя арганізацыі, але адказ яму пакуль не далі.

 

Цёпла і ўтульна было ў доме жанчыны, якая нядаўна нарадзіла дачушку і забрала з дзяржустановы трох старэйшых дзетак. Якраз атрымалася застаць сужыцеля жанчыны. Праўда, так яго наўрад ці можна назваць. З сям'ёй пакуль не пражывае, але сказаў, што збіраецца пераехаць да маці сваіх дзяцей. Жанчына была засмучана тым, што ў той вечар яе спадарожнік збіраўся пайсці дадому адзначаць уласны дзень нараджэння. Пакуль прадстаўнікі камісіі гутарылі з дарослымі, малыя ў суседнім пакоі гулялі ў школу.

 

"Ну вось, выгляд свежанькі, прыгожы", — прывітаўшыся, сказала Вольга Казіміраўна маладой жанчыне. Маці, бацька і маленькія дзеткі знаходзіліся дома, і на гэты раз усё было ў парадку. Відаць, ранейшы выпадак, калі камісія застала бацькоў у нецвярозым стане, стаў для іх урокам. Спыталі, як цяпер справы са спіртным. "Дорага яно", — пажартаваў у адказ гаспадар. Калі грашовыя сродкі і далей будуць траціцца правільна, сям'ю здымуць з уліку.

 

Дзверы наступнай кватэры адчыніў гаспадар. У жыллі прыбрана, акуратна. Жонка была на працы. Сам малады мужчына пакуль працаўладкавацца не можа. Гаварыў, што звяртаўся ў некаторыя арганізацыі і цэнтр занятасці, але безвынікова. Раней ён жыў і працаваў у Віцебску, а калі ажаніўся, вярнуўся ў родны горад, бо жонка адсюль з'язджаць не захацела. Будзе працягваць пошукі работы.

 

Гаспадыню дома знайшлі ў суседзяў. Сказала, што зайшлася туды на некалькі хвілін. Можа і так, бо ў хаце святло не загасіла і пакінула ўключанай газавую пліту, на якой гатавалася вячэра. Трымалася жанчына ўпэўнена, нават тое, што не так даўно яе бачылі ў нецвярозым стане, адмаўляла. Заверыла, што паціху прыводзіць у парадак дом, куды нядаўна пераехала. Яе непаўналетняга сына дома не было. Сказала, што той знаходзіцца ў старэйшай сястры. Туды мы і накіраваліся, бо сям'я маладой жанчыны таксама знаходзіцца на ўліку.

 

Маці дома не засталі, адсутнічала па ўважлівай прычыне. За трыма дзецьмі прыглядаў яе малодшы брат. А яшчэ вартаваў сваіх юных гаспадароў маленькі чорны сабачка. У доме было цёпла, а вось над чысцінёй і парадкам маладой гаспадыні трэба папрацаваць.

 

"Цішэй. Малая спіць", — папярэдзіла жанчына, адчыніўшы дзверы кватэры. Як потым прызналася, думала, што гэта муж наведаўся. З нядаўняга часу бацька яе дзяцей стаў нежаданым госцем, бо невядома, з чым ён прыйдзе. Неадэкватныя паводзіны мужчыны вельмі палохаюць яго сям'ю. Жанчына падавала на развод, калі яшчэ была цяжарная, але муж не пажадаў скасоўваць шлюб. За падказкай, як паступаць у такой сітуацыі, параілі звярнуцца да юрыстаў.

 

"А што гэта вы на ўлік трапілі як нядобранадзейная сям'я?" — запыталі ў гаспадара наступнай кватэры. "Я на заробках быў, адкуль ведаю, што робілася", — адказаў ён і дабавіў: — Пілі тут…" З гаспадыняй пагутарыць не ўдалося, бо яна была на працы. Мужчына расказаў, што ў сужыцельніцы праблемы з былым мужам, які не выплочвае аліменты на дзяцей. Іх агульнай дачушцы амаль тры гады, але ў садку, па словах бацькі, пакуль чарга. Паабяцалі дапамагчы вырашыць гэтае пытанне.

 

Апошні адрас у спісе — сям'я, у якой двое непаўналетніх сыноў. Адзін вучыцца ў ліцэі, другі яшчэ школьнік. Маці хлопчыкаў нідзе не працуе, але да школы дайсці часу не знаходзіць. Бацькоў папярэдзілі, што трэба кантраляваць вучобу дзяцей і часцей бываць у школе.

 

Кацярына СУРАВЕЦ


Вярнуцца назад