Галоўная > Сямейны лад > Кветкавае шчасце сям'і Малахоўскіх з Волкаўшчыны

Кветкавае шчасце сям'і Малахоўскіх з Волкаўшчыны


17-08-2017, 08:30. размясціў: gazeta

 Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

На вуліцы Маладзёжнай у Волкаўшчыне абавязкова звернеш увагу на невялікі цагляны дом з драўлянай бірузовай верандай у акружэнні кветак. Побач з сядзібай высокія ліпы, у двары — вінаграднікі. Тут жывуць Віктар Тадзівонавіч і Алена Фрасанаўна МАЛАХОЎСКІЯ.

Усмешлівая гаспадыня паказвае кветнік. Расказвае, што цвіло на клумбах вясной, што шмат квецені папсавалі дажджы, што хутка распусцяцца гладыёлусы. Кветкі яе акрыляюць.


— Паглядзіш — якія яны прыгожыя! І адразу настрой добры, — гаворыць гаспадыня. — Люблю кветкі. Муж і дзеці на святы заўсёды мне іх дораць. І ў букетах, і ў вазонах.


Віктар Тадзівонавіч таксама за кветкавую эстэтыку. Падтрымлівае жонку ў справе добраўпарадкавання сядзібы. Кожны год на ёй з'яўляецца што-небудзь новае. Напрыклад, падстаўкі для петуній з колаў ад воза. 


 — Трапіліся на вочы старыя колы, і ўзнікла ідэя, як іх прымяніць, — кажа гаспадар.


Паміж двума падстаўкамі драўляная лаўка. Адпачываюць на ёй зрэдку, бо дома шмат спраў. Гадуюць дзвюх кароў, свіней і птушку, даглядаюць агарод і цяпліцы з памідорамі, збіраюць маліну ў садзе, ліпавую квецень ля дома і духмяныя травы на лузе, падтрымліваюць парадак у хаце і двары.  


Віктар Тадзівонавіч дома бывае больш. Працуе ў "Актаме" па графіку суткі праз трое. Успамінае, як вяртаўся познім вечарам, а раніцай зноў на працу:


— Амаль трыццаць год прайшло ў мясцовым калгасе. Вадзіцелем быў, летам — на камбайне. Сена для сваіх кароў касілі і вазілі ўначы. Іншага часу не выпадала.


У Алены Фрасанаўны адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Загадвае сельскім магазінам. Родам з Пераслова, у Волкаўшчыну прыехала ў сярэдзіне 80-х. За прылаўкам і заўважыў яе будучы муж. У іх была цікавая вясёлая маладосць. Прыгадваюць, як ездзілі з канцэртамі па ваколічных вёсках з іншымі самадзейнымі артыстамі.


Пераадолелі цяжкасці 90-х. Калі ў калгасе па некалькі месяцаў не плацілі заробак і з даходаў мелі толькі дапамогу па догля-дзе за дзіцяці. Але і тады летам у двары красавалі кветкі. А за зіму гаспадар змайстраваў трактар, які застаецца незаменным памочнікам.
Умелым рукам падуладны і метал, і дрэва. Пару год таму з сынам на гарышчы пабудавалі два ўтульныя пакоі. З драўлянымі сценамі і ацяпленнем. Зімой гэта самае цёплае месца ў хаце.


— Дом у нас невялікі, а сям'я расце. Вось і пашырылі тэрыторыю, — заўважаюць гаспадары.


 На шафе вясельны здымак у рамцы. На ім сын Леанід з маладой жонкай Алай і сваімі роднымі. Ажаніліся мінулым летам. Малодшая дачка Ганна тады скончыла ўніверсітэт. Дзеці дружныя, шмат падарожнічаюць і стараюцца часцей наведвацца да бацькоў. З Віцебска, дзе працуе ў мостабудаўнічым упраўленні Лёня, і з Мінска, дзе ўладкавалася архівістам Аня, шлях няблізкі. Але што такое адлегласць у параўнанні з цеплынёй і энергетыкай бацькоўскага дома. Выхаваныя працай, дзеці з ахвотай бяруцца за гаспадарчыя справы. Сушаць сена, поляць агарод, капаюць бульбу. І любяць фатаграфавацца ў прыгожым двары з кветкамі.
За домам драўляная альтанка. Гаспадар змайстраваў яе з бярвенцаў, што не пайшлі на дровы. Побач мангал. На ім смажаць шашлыкі. У госці часта прыязджае радня. Частуюць іх натуральным вінаградным сокам і сваёй фірменнай стравай— фаршыраваным шчупаком.
Напрыканцы жніўня Малахоўскія адзначаць 29-ю гадавіну сумеснага жыцця. Ва ўтульным доме, з віншаваннямі ад блізкіх. І, вядома, з кветкамі, што застаюцца іх спадарожнікамі, радуюць вока і цешаць душу.

скачать dle 11.3
Вярнуцца назад