У 2014 годзе сотым у аддзеле загса зарэгістраваны шлюб Міхаіла Грышачкіна з Павяцця і Ірыны Талочкі з Міёр. Жыве маладая сям’я ў нашым райцэнтры. Працягваюць рамонт у кватэры, што засталася ў спадчыну, і мараць пра дом з садам і кветнікам.
—Цёця!—з парога вітае ўсмешлівая бялявая дзяўчынка. Смела бярэ мой блакнот і выводзіць ручкай свае ўзоры. —Маляваць—любімы занятак нашай Лерачкі. Зірніце на шпалеры,—смяецца маці Ірына.—Дачушцы два гадкі. Расце актыўнай і цікаўнай. Любіць дзяцей. А лепшы сябар—кот Моня. З ім у хаванкі гуляе. Шэры брытанец з вялікімі жоўтымі вачыма паглядае недаверліва. Чужынцам на сваёй тэрыторыі не рады. —Ката муж падарыў на 8 сакавіка,—гаворыць Ірына.— Гэта быў сюрпрыз. —У жонкі таксама атрымліваецца здзіўляць падарункамі,—заўважае Міхаіл.—Парадавала аўтамабільнымі чахламі-масажорамі. Дзень нараджэння сям’і Грышачкіных—22 лістапада. Адзначаюць утраіх за святочнай вячэрай. У буднія дні тата на працы, а мама—з дачушкай. Міхаіл па спецыяльнасці настаўнік фізкультуры. Скончыў Полацкі дзяржуніверсітэт, працаваў у Паташнянскай школе. Калі ўстанову зачынілі, уладкаваўся вадзіцелем у раённую бальніцу. Ірына—эканаміст. Вышэйшую адукацыю таксама атрымала ў ПДУ. Па вечарах разам глядзяць мульцікі, па чарзе чытаюць Леры казкі. Вучаць алфавіт і лічбы. Любяць праводзіць час на дачы ў Орцах, збіраць у лесе грыбы і ягады. Існуе меркаванне, што штамп у пашпарце шкодзіць узаемаадносінам. Грышачкіны не згодны. Хатнія абавязкі строга не дзеляць. Міхаіл можа і сняданак прыгатаваць, і падлогу вымыць. Сямейны бюджэт плануюць разам. — Ад бытавых спрэчак нікуды не падзенешся. Трэба вучыцца саступаць, — адзначаюць муж і жонка. — Калі ёсць давер і ўзаемаразуменне, у сям’і будзе згода.