Ценный бриллиант совместной жизни Лакотак из Милеек Новопогостского сельсовета
gazeta 17-05-2016, 09:55 0 Сямейны лад / Юбілей

Адметна, што пяць год таму, калі Анатоль Сямёнавіч і Зінаіда Паўлаўна адзначалі 55-годдзе шлюбу, ставілі подпісы ў кнізе шаноўных юбіляраў аддзела загса. Супала гэтая падзея з днём вяселля іх унука. Павел Мацук і Ганна Цвяткова стварылі сям'ю 6 жніўня, а сёлета ў іх "драўлянае вяселле".
Візіт на сядзібу
На зялёнай свежай траўцы пасвіцца кароўка і конік. У доме ўжо чакаюць работнікаў рэдакцыі. Незнаёмых гасцей гучным брэхам вітае калматы вартавы. Яшчэ зусім нядаўна па двары гулялі курачкі, але напаткала іх бяда—загінулі ад зубоў шашка. Лакоткі хатнюю жывёлу любяць, пакуль ёсць сілы будуць гадаваць. Жывуць юбіляры ва ўтульным доміку напрыканцы вёскі, які збудавалі самі. Прасторныя і чыстыя пакоі асвятляюць сонечныя промні праз вялікія вокны.
Гаспадары на свой узрост не выглядаюць, можна смела адкінуць па дзясятку. Але і Анатоль Сямёнавіч, якому ідзе 86-ы год, і Зінаіда Паўлаўна, якая пражыла 79 зімаў і летаў, іншы раз скардзяцца на здароўе падчас размовы. Дапамагае ім па гаспадарцы пакуль зяць Слава. Прыязджаюць і дочкі з Міёр Ніна і Зоя, наведваюцца ўнукі. Сумаваць у вёсцы не даводзіцца людзям, якія прывыклі працаваць, таму з гаспадаркай не могуць растацца. Чума летась загубіла свіней, але не пакідаюць надзеі зноў завесці рохкаючую армію.
Гаспадыня частуе нас дамашнім сырам, дзеліцца рэцэптам. Смакоцце ўвабрала ў сябе разам з кароўскім малаком, як першапачатковым інгрэдыентам, сакавітасць вясенняй траўкі і мядовы пах першых кветак. Тае ў роце…
Век звекаваць—усяго павідаць
Усё жыццё маяцца, калі ўзялі шлюб у маі,—гэта не пра нашых юбіляраў. Людзі веруючыя да такіх прыкмет абыякавыя. Жывуць, працуюць, радуюцца поспехам дзяцей. Пакляліся кахаць адно аднаго 11 мая 1956 года. Час быў яшчэ пасляваенны, шыкоўнае гулянне не спраўлялі. Як кажуць: "Пасядзелі сціпла, па-сямейнаму".
Родам Зінаіда Паўлаўна з суседняй вёскі Мазалева, дзе скончыла чатыры класы. Пра ваенны час узгадвае: "Было страшна, помню як малымі хаваліся па канавах ад немцаў…" У сям'і расло трое дзяўчынак, пасля вайны доўга не давялося вучыцца, пайшлі працаваць. Малодшыя сёстры Алена і Марыя зараз жывуць непадалёк—у Чапуках і Кацілаве, але бачацца не часта, выручае тэлефонная сувязь.
Анатоль Сямёнавіч родам з Мілеек. Дарэчы, у часы прыгоннага права адпрацоўкі на іх вёску не распаўсюджваліся, бо Мілейкі адносіліся да Перабродскіх земляў, якім было прысвоена Магдэбурскае права. Дараваная "казёншчына" дазваляла працаваць на паноў толькі па неабходнасці, а не штодзень, як іншым. Яшчэ дзед Анатоля Сямёнавіча рос у паноў, хоць паходзіў з простай сялянскай сям'і. Бацька ж ездзіў на заробкі ў Петраград, за тыя грошы і набылі зямлю, сталі самастойнымі. Таму на вёсцы Анатоль лічыўся заможным хлопцам.
З будучым мужам Зінаіда Паўлаўна сустрэлася на вечарыне. Тады і загарэўся агеньчык паміж двумя маладымі сэрцамі. Анатоль да той пары ўжо адслужыў у арміі. Сябравалі нядоўга, вырашылі пажаніцца.
Зінаіда ў дзявоцтве любіла вышываць, але ў сямейным жыцці на гэты занятак часу не хапала. Некалькі яе твораў упрыгожваюць хатні інтэр'ер. Жанчына хадзіла на палявыя работы, затым даіла кароў у мясцовай гаспадарцы, разносіла пошту. Мае ўзнагароды "Пераможца спаборніцтва" 1973-га і 1976-га гадоў.
Анатоль Сямёнавіч спачатку працаваў у калгасе радавым рабочым—касіў сена на коннай касілцы, пасля быў учотчыкам—адмяраў жнеям дзялянкі, налічваў працадні, дыспетчарам у гаражы, на будоўлях сталярнічаў—рабіў дзверы і вокны.
Меў Анатоль Сямёнавіч і талент рацыяналізатара—у калгасе зрабіў тры дрэваапрацоўчыя станкі, на якіх працавалі доўгі час і іншыя. За выдатныя заслугі быў запрошаны ў Мінск, на "агеньчык" у Віцебск, дзе ўручылі яму грамату. Сталярную працу працягваў і на пенсіі, толькі ў 2000-ым, калі стала непакоіць здароўе, пайшоў на заслужаны адпачынак.
Захапляўся Анатоль фатаграфаваннем, меў апарат "Масква-2", а навуку засвойваў па кнізе. Здымаў вяселлі, знаёмых, гасцей, суседзяў. З ахвотай Зінаіда Паўлаўна і Анатоль Сямёнавіч узгадвалі, як весела жылося на вёсцы. Кожны двор удзельнічаў у святах, часцей хадзілі адзін да аднаго ў госці. На вечарыны з розных вёсак збіраліся то ў Белеўцах, то ў Наўгародах, то ў Мазалеве… у звычайных дамах.
Працяг роду
Вельмі радаваліся бацькі, калі на свет нарадзіліся дачушкі Зоя і Ніна. Гады праляцелі, цяпер юбіляры цешацца праўнукамі. Дочкі жывуць у Міёрах, як і пераважная большасць унукаў. Занаіда Паўлаўна ўсіх пералічвае: "У Сяргея ў Орцах дочкі Насця і Паліна, Таня жыве ў Браславе і ў яе таксама дзве дачушкі—Яна і Ангеліна, у Алёны—Ліда, у Алёшы—Даша, у Пашы—Варвара і Сцёпа".
Дочкі і ўнукі наведваюць іх часта па чарзе, а вось на святы ціхі мілейкаўскі двор Лакоткаў абуджаецца гоманам.
Добрым настаўленнем для маладых служаць мудрыя словы старэйшага пакалення: "Заўсёды трэба знаходзіць мірнае вырашэнне ўсім праблемам". Такі немудрагелісты рэцэпт шчаслівага сямейнага жыцця юбіляраў.
Дарэчы, Лакоткі актыўныя падпісчыкі раённай газеты. Вочы з-за ўзросту сталі бачыць горш, таму адмовіліся ад рэспубліканскага выдання, але засталіся нязменнымі прыхільнікамі "Міёрскіх навін". За гэта ім шчыры дзякуй ад рэдакцыі і доўгіх гадоў сумеснага жыцця!
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.