Смотреть в одном направлении — основа дружной семьи
gazeta 31-12-2015, 13:23 0 Сямейны лад

— Хацелася, каб рэгістрацыя шлюбу была толькі нашым асабістым святам. Таму спецыяльна выбралі такі дзень, калі ўсе родныя і сябры будуць занятыя,—расказвае Алена.—Гуляць вяселле палічылі лішнім, гэта зусім не гарантуе сямейнага шчасця. У загс адправіліся ўдваіх, а бацькі чакалі нас дома. Распісваліся ва ўтульнай, цёплай атмасферы. Гэты момант запомніўся. Мы ведалі, што робім правільны крок, што так павінна быць.
Гісторыя кахання Юрыя і Алены пачалася са… зламанай у боце маланкі. Неяк Алена прыйшла навесці парадак у сваёй новай кватэры. Скончыўшы справу, сабралася адыходзіць, і вось падвёў бот. Зайшлася да сяброўкі, што жыла ў тым жа доме, каб падзяліцца "горам" і заўважыла маладога мужчыну, які дапамагаў рабіць рамонт. Падумала, што і ёй патрэбны ўмелыя рукі, каб прывесці кватэру ў парадак. Юрый згадзіўся дапамагчы. Тынкаваў сцены, збіраў кухню. Алена назірала за ім і прыгадвала словы роднай цёці пра тое, што сумеснае жыццё трэба пачынаць менавіта з рамонту кухні. І такая думка прамільгнула: "Не мой мужчына, а кухню робіць".
За плячыма Алены быў шлюб, які доўжыўся толькі год, выхоўваць дачушку дапамагалі бацькі. Яна і не думала, што ў хуткім часе Юрый стане для яе сябрам сэрца і верным спадарожнікам па жыцці, а для маленькай Надзейкі—добрым і клапатлівым татам. Самі не заўважылі, як дзелавыя стасункі перараслі ў блізкія і цёплыя. Сталі жыць разам. Так прайшло тры гады. З афармленнем адносін Алена не спяшалася, непакоілася, што гэта можа не лепшым чынам паўплываць на сонечнае надвор'е ў доме. Як аказалася пазней, перажыванні былі дарэмнымі. Калі даведаліся, што чакаецца папаўненне, вырашылі: час ставіць штампы ў пашпартах. Новы 2015 год сустракалі ў сваім дружным і цёплым сямейным коле. Шчаслівыя, са светлымі марамі і спадзяваннямі. У красавіку на свет з'явілася дачушка Анечка.
Маленькай пайшоў дзявяты месяц. Яна з цікаўнасцю пазірае на незнаёмых людзей, што размаўляюць з яе татам і мамай, радасна ўсміхаецца, цягне ручкі да дыктафона, каб паспрабаваць яго на смак, і зусім не баіцца вялікага аб'ектыву фотаапарата. Надзя вельмі любіць сваю сястрычку і дапамагае маці яе даглядаць. Бацькі радуюцца дачушкам, стараюцца, каб у іх было цікавае і шчаслівае дзяцінства, бо менавіта адсюль пачынаецца фарміраванне ўпэўненай і паспяховай асобы дарослага чалавека. Акрамя школьных урокаў другакласніца Надзя наведвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе вучыцца вакальнаму і харэаграфічнаму майстэрству, і фізкультурна-аздараўленчы комплекс, каб умець добра плаваць і быць здаровай. Дзяўчынка ўжо выступала на сцэне РДК, калі паўтара года таму ўдзельнічалі ў шоу-праграме "Дочкі—маці". На памяць засталіся яркія ўспаміны і дыплом у намінацыі "Самая дзіўная сям'я", які заняў месца ў пакоі Надзі на "сцяне поспехаў". Несумненна, узнагарод з часам паболее.
—Хочацца, каб у дзіцяці былі рознабаковыя інтарэсы, а не толькі камп'ютар і планшэт,—лічаць бацькі.—Таму стараемся, каб Надзя развівалася ў розных напрамках. Радуе, што ў яе ёсць цікавасць і імкненне да вучобы. Урокі рыхтуе самастойна, мы толькі правяраем.
Старэйшая сястрычка будзе добрым прыкладам для Анечкі, у якой абавязкова праявяцца свае таленты і захапленні. Можа быць, як тата будзе гуляць у валейбол ці разам адправяцца на рыбалку, або з мамай—на аквааэробіку ці ў лес па ягады, ці, як і Надзя, стане спяваць і з задавальненнем збіраць грыбы. Па добрай сямейнай традыцыі разам будуць адзначаць святы, ладзіць пікнікі.
—Аднойчы мне сказалі, што сям'я—гэта калі два чалавекі глядзяць у адным напрамку,—гаворыць Алена.—І гэта сапраўды так. Калі ў мужчыны і жанчыны агульная мэта, калі двое мараць пра адно, калі паважаюць меркаванне адно аднаго, то сям'я будзе дружнай і трывалай.
—Самае галоўнае—давер,—канстатуе Юрый.
З "цаглінак" узаемаразумення, павагі, даверу складзены фундамент сям'і Кукуць, якая сёлета 31 снежня святкуе паркалёвае вяселле. Для іх не мае значэння, дождж ці снег, плюс ці мінус будзе за акном у апошні дзень года, бо дом заўсёды сагрэты цеплынёй бацькоўскіх сэрцаў і светлымі ўсмешкамі любімых дачушак. Хочацца кахаць, клапаціцца пра дзетак, ствараць утульнасць і верыць, што блізкі 2016-ы будзе ўдалым і шчаслівым.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.