Авторизация
 

Нарадзілася я ў вялікай сям’і, у якой было багата радні. Бацькі падтрымліваюць сувязі з усімі родзічамі, дапамагаюць адзін аднаму. У горы і радасці мы разам.
Мама і бабуля беражліва захоўваюць рукадзелле маіх прабабуль.

Магія пяшчотыКалі я пайшла ў першы клас, то аднакласнікі жартавалі над маім прозвішчам. Пакрыўдзілася, калі аднойчы ў школьнай сталовай хлопчыкі прапаноўвалі свае шклянкі, у якіх быў кісель, намякаючы на маё прозвішча. Ледзь не расплакалася. Мама і тата сцвярджалі, што ў нас цудоўнае прозвішча: яго праславіў архіепіскап і мітрапаліт, які вядомы ўсяму каталіцкаму свету, Эдвард Кісель. У той час ужо разумела, што святары на зямлі людзі не выпадковыя. Першае паломніцтва ажыццявіла ў Будслаў з сям’ёй у 5 гадоў.

Пра мае перажыванні наконт прозвішча даведаліся бабуля і дзядуля, якія жылі ў вёсцы Юндзялова. Яны расказалі мне, што ўсе родныя ганарацца сваёй прыналежнасцю да роду Кісялёў, паказалі мне стары альбом і расказалі пра гісторыю сям’і. Даведалася, што іх вялікі дом стаіць на камянях былога, дзе нарадзіліся мой прадзед і дзядуля.
Мае аднакласнікі даўно перасталі жартаваць над прозвішчам, а мне хочацца ўсё больш даведацца аб сваіх продках.

Мая мама Таццяна Анатольеўна Кісель любіць ствараць прыгажосць. Мне здаецца, што ў яе сапраўдная душа беларускі.Нарадзілася яна ў Дзісне. З дзяцінства любіла назіраць, як яе бабуля і мама шылі, вязалі, вышывалі. У 1981 годзе закончыла Полацкое педвучылішча, пачала працаваць выхавальніцай падрыхтоўчай беларускамоўнай групы ў дзічячым садзе вёскі Труды. Адначасова вяла гурткі ў мясцовай сярэдняй школе. А потым была Дзісенская школа-інтэрнат, Дом рамёстваў, у якіх пад матуліным кіраўніцтвам працавалі гурткі “Цацка”, “Цудоўны ласкуток”.

Любімы мамін занятак—ласкутовае шыццё: шматлікія пледы, падушкі, прыхопкі, дэкаратыўныя дываночкі і інш. Дарэчы, такое мастацтва традыцыйнае, у яго багатая гісторыя і глыбокія карані. Такі від рукадзелля (пэтчворк) з’явіўся ў Англіі ў XI стагоддзі, па сваёй сутнасці набліжаецца да мазаікі. Вырабы з ласкуткоў упрыгожваюць інтэр’ер дома, робяць яго больш утульным, падкрэсліваюць стыль гаспадароў, індывідуальнасць.

З 2003-га мама член клуба народных рамёстваў “Святліца”. Яна прадстаўляла свае вырабы на “Славянскім базары” ў Віцебску і рэспубліканскіх “Дажынках” у Оршы. Не раз яе ўзнагароджвалі граматамі і дыпломамі, а ў 2007 годзе атрымала дыплом і прэмію райвыканкама “Лепшы народны майстар раёна”. Летась Таццяна Анатольеўна працавала педагогам-арганізатарам у Дзісенскай СШ, кожную суботу збірала ў піянерскім пакоі зацікаўленых дзяцей на заняткі гуртка па ласкутоваму шыццю. Пад яе кіраўніцтвам рабяты навучыліся вырабляць сувеніры, карысныя для дома рэчы. Мама падкрэслівае, што сувенір не проста падарунак, а напамін пра мясцовасць, дзе ён створаны, пра народ.

Магія пяшчоты
Лічу, маме пашанцавала ў жыцці, бо на яе шляху сустрэўся не толькі верны муж, добры сем’янін, але і аднадумца, блізкі па духу чалавек. Гэта мой тата Павел Вітольдавіч Кісель. Яго ўзгадавала Міёрская зямля. Ён закончыў педвучылішча, стаў настаўнікам чарчэння і працоўнага навучання. Працаваць пачаў у Міёрскай СШ №3, потым пераехаў у Дзісну, вёў, як і мама, заняткі ў Дзісенскай школе-інтэрнаце. Тата не можа проста працаваць—яму неабходна тварыць. У вольны час ён займаецца лозапляценнем. Імкненне да гэтага перадалося ад дзядулі, які займаўся разьбой па дрэву, выяўляў свае мастацкія густы ў шчырых творах. А яшчэ ствараў культавыя скульптуры—крыжы і фігуркі святых розных памераў, выразаў статуэткі.

Вось і тата, акрамя асноўнай дзейнасці, заўсёды з задавальненнем далучае да народнай творчасці дзяцей, якія займаюцца ў гуртку пры гарадскім Доме рамёстваў.

Тата са сваімі вырабамі аб’ехаў усю Беларусь, узнагароджаны граматамі і дыпломамі. У 2007-ым яму прысвоена званне “Лепшы народны майстар раёна”.
Ганаруся сваімі бацькамі. І не толькі таму, што яны вядомыя, але і таму, што шмат сіл аддаюць хлопчыкам і дзяўчынкам, каб тыя ведалі народныя традыцыі, паважалі створанае продкамі. Сапраўды, шмат радасці прыносяць простыя рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Мама—сонечны чалавек, з ёй лёгка ісці па жыцці. З задавальненнем назіраю за спрытнымі рухамі таты, калі ён пляце нешта з лазы. А гэта столікі, крэслы, тумбачкі. Сама вучуся бачыць у звычайным штосьці цікавае. Мама і тата—людзі, якія напаўняюць мяне аптымізмам, дапамагаюць верыць у сябе і свае сілы.

Дома, так павялося, вялікая падсобная гаспадарка: каровы, куры, козы, трусы, свінні і нават нутрыі.

Гісторыя нашага роду цесна звязана з зямлёй. Мае продкі па мамінай лініі з мястэчка Грыгароўшчына, што ў Шаркаўшчынскім раёне. Мой прапрадзед Іван Стэфановіч і прадзед купілі зямлю непадалёку ад Дзісны—хутар Горкі-2. Ад яго цяпер застаўся толькі разбураны склеп. А калісьці ў доме было 14 дзвярэй і 18 акон. Там нарадзілася мая бабуля. У родзе было шмат пісьменных людзей. Брат прадзеда быў святаром у Порплішчы. Цяпер сын брата майго прадзеда Дзмітрый Тарарака—настаяцель Свята-Георгіеўскага праваслаўнага храма ў Лідзе. 20 мая 2007-га нашчадкі роду Тараракаў былі запрошаны на ўрачыстасць у гонар 100-годдзя пачатку будаўніцтва Шаркаўшчынскай Свята-Успенскай царквы. Бабуля Алена Іванаўна атрымала з рук святара Васіля Стрыжнёва дакументы і звесткі аб гісторыі храма “На молитвенную память наследникам Матфея Фомича Тарарако», якія сведчаць пра тое, што бабулін прапрадзед быў актыўным будаўніком святыні ў Шаркашўчыне, уваходзіў у склад царкоўнага камітэта разам з Канстанцінам Жданавым, свяшчэннікам, якога замучылі бальшавікі ў Дзісне. Са сваімі роднымі я таксама прысутнічала на той урачыстасці. Уражваючая і незабыўная падзея.

Да глыбіні душы крануў лёс маёй прабабулі Фартунаты Апанасаўны Рудзь. Сама яна з роду шляхцічаў Чарняўскіх. Цяпер прабабуля жыве з маімі бабуляй і дзядулем у Дзісне, куды пераехала з Юндзялова.

Прадзед Францішак Рудзь меў шмат зямлі, свой хутар Цёплая Гара, што ў Шаркаўшчынскім раёне. Перад устанаўленнем савецкай улады прадзед Францішак і яго брат Юзаф вырашылі паехаць у Канаду. Прабабуля вельмі не хацела пакідаць родныя мясціны, але іншага выйсця не было. Разам паехаць не змаглі: сур’ёзна захварэў маленькі сын Юліян. Прабабуля Фартуната засталася даглядаць малога і чакала выкліку ад мужа. У дарозе прадзед Францішак цяжка захварэў, затрымаўся ў Польшчы. На жаль, не паправіўся. Брат Юзаф пахаваў яго ў Шчэціне і на пастаяннае месца жыхарства паехаў у Канаду.

Тата—выхадзец з роду дробнапамеснай шляхты Кісялёў з пасялення Камаі (Пастаўскі раён). Бабуля майго дзядулі Вітольда—літоўка па нацыянальнасці. Яны купілі зямлю ў Юндзялове (Новапагосцкі сельсавет), узвялі дом. Сям’я была набожнай, беражліва захоўвала літоўскія і беларускія традыцыі. З гэтага роду выйшаў чалавек, імя якога вядома шырокай грамадскасці—брат майго дзядулі Вітольда Эдвард Кісель. Архіепіскап і мітрапаліт, доктар гісторыі каталіцкага касцёла і тэалогіі выхаваў многіх свяшчэннаслужыцеляў, пакінуў вялікую духоўную спадчыну. Спрыяў узвядзенню семінарыі ў Беластоку.

Закончыўшы двухкласную польскую школу ў Юндзялове, Эдвард вучыўся ў Германавічах, затым былі гімназіі ў Дзісне і ў Пінску. У 1937-ым ён паступіў у Віленскую вышэйшую духоўную семінарыю і адначасова вучыўся ў Віленскім універсітэце на факультэце тэалогіі.

У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты арыштавалі духавенства і студэнтаў семінарыі, адправілі іх у турму Лукішкі. Адтуль вязняў перавозілі на работы ў Германію. У Варшаве Эдвард уцёк з-пад нагляду, цудам выратаваўся.
Не буду дакладна перадаваць біяграфічныя звесткі, нагадаю, што ў 1953 годзе Эдвард абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1976-ым атрымаў тытул епіскапа і апостальскага адміністратара Беластоцкай архідэяцэзіі.

У 1990-ым адкрыўся абноўлены старажытны касцёл, пабудаваў які ў 1593 годзе канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў Новым Пагосце. У гэты гістарычны дзень ганаровым госцем на свяце быў і епіскап з Польшчы Эдвард Кісель. Дарагая сэрцу святыня, у якой яго хрысцілі. У гэтым храме ён атрымаў першае прычасце, сюды прыходзіў з роднымі на нядзельную малітву ў дзяцінстве. У сакавіку 1992 года Папа Рымскі Ян Павел II зацвердзіў мітраполію і архіепіскапства ў Беластоцкай дыяцэзіі. Першым архіепіскапам быў прызначаны Эдвард Кісель.

28 верасня 1993 года пасля цяжкай хваробы Эдварда Кіселя не стала. 1 кастрычніка ў Польшчы быў аб’яўлены дзень траўра. А незадоўга да яго смерці атрымалі пісьмо, у якім ён бласлаўляў землякоў-прыхаджан і паведамляў, што на фасадзе касцёла ў юбілейны дзень будзе прымацавана мармуровая дошка. Па яго асабістай просьбе прафесар духоўнай семінарыі ў Беластоку Тадэвуш Крахель на падставе архіваў Віленскай духоўнай семінарыі падрыхтаваў кнігу пра касцёл Святой Троіцы ў Новым Пагосце да яго 400-годдзя. Сямейная рэліквія—самаробны крыж з распяццем і фігуркамі святых. Ксёндз з Новага Пагоста Валянцін Станкевіч папрасіў падарыць яго Новапагосцкаму касцёлу. Брат майго таты зрабіў капсулу, у якую змясцілі звесткі пра тых, хто рабіў крыж, а 23 ліпеня 2003 года на юбілейным свяце касцёла бабуля і дзядуля паклалі яе ў падрыхтаванае месца.

У нашым родзе было шмат таленавітых людзей. Многія ігралі на цымбалах, скрыпках, гармоніках, добра спявалі. Мая бабуля Алена Іванаўна—удзельніца народнага калектыву “Чырвоны гваздзік”.
З захапленнем сцвярджаю “Мая сям’я—мая гордасць”.
На здымках: Таццяна і Павел Кісель.
Алёна КІСЕЛЬ, вучаніца Дзісенскай СШ.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 564
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 81 968
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 64 948
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 050
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 702
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 174
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 245
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 октября 2019
Андрей, Борис, Василий, Георгий, Давид, Иван, Константин, Михаил, Петр, Степан, Федор, Анна

Именины 14 октября 2019
Александр, Алексей, Георгий, Иван, Михаил, Николай, Петр, Роман, Вера

Госці краін

free counters
Партнеры сайта