В семейного счастья границы не бывает

В семейного счастья границы не бывает Марш Мендэльсона, букеты кветак, воклічы "Горка!", прыемнае хваляванне і слёзы радасці. І гэта роўна праз 50 гадоў, як была дадзена ўзаемная клятва вернасці. 27 лютага ў аддзеле загса Міёрскага райвыканкама прайшла ўрачыстая рэгістрацыя юбілейнага шлюбу міярчан Івана Пятровіча і Марыі Люцыянаўны Калкоўскіх.

 

Пад гукі святочнай музыкі і апладысменты дзяцей, унукаў і правераных часам сяброў у залу ўвайшлі "залатыя маладыя". Пасталелыя і шчаслівыя, з важкім багажом пражытых год і багатым запасам мудрасці, з цёплым святлом у вачах, у якіх чыталіся радасць, дабрыня і любоў. Можа быць, у гэты раз яны глядзелі адно на аднаго яшчэ больш пяшчотна і ласкава, чым у той далёкі лютаўскі дзень, калі іх лёсы злучыліся ў адзін.


Гісторыя сям'і Калкоўскіх бярэ пачатак з вясны 1964-га. У той год у красавіку маладая дзяўчына Марыя прыехала ў Міёры на будаўніцтва мясакамбіната. Годам раней туды трапіў па размеркаванні хлопец Іван. Менавіта на яго звярнула ўвагу дзяўчына. Выпадкова яны сустрэліся ў кінатэатры. Марыя ў той вечар была адна, і Іван вырашыў не губляць магчымасці бліжэй пазнаёміцца. Тры разы хлопец вадзіў прыгажуню ў кіно, а на чацвёрты—прасіў стаць яго жонкай. Вяселле згулялі 27 лютага 1965 года.
І вось роўна праз 50 год яны зноў у загсе. Ставяць свае подпісы, толькі ўжо ў кнізе ганаровых юбіляраў раёна. Там жа распісваюцца трое іх дзяцей, пацвярджаючы, што бацькі змаглі пранесці праз жыццё сваё каханне.


Юбіляраў просяць раскрыць сакрэт сямейнага шчасця.
— Павага, узаемаразуменне, падтрымка, уменне згладжваць вострыя вуглы і цаніць адно аднаго, — ледзь не ў адзін голас адказваюць Іван Пятровіч і Марыя Люцыянаўна. 
У гэты важны і радасны дзень яны пачулі шмат добрых і шчырых пажаданняў ад родных і блізкіх людзей. Разам з моцным здароўем і мноствам шчаслівых дзён усе жадалі "залатым маладым" атрымаць статус "брыльянтавых".


Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.