Главное — погода в доме

Главное — погода в доме —   Шчасце — гэта Сям’я з вялікай літары. Калі ў доме пануюць мір і згода, ёсць узаемаразуменне і павага адзін да аднаго, то і ў астатнім справы ладзіцца будуць, — разважае пра жаночае шчасце Ірына Замастоцкая. Яна лічыць, што менавіта гармонія ў сям’і з’яўляецца крыніцай паспяховасці чалавека. І калі дома сонечна і цёпла, то не так ужо і важна, якое надвор’е за акном.

—    

Для гэтай маладой прыгожай жанчыны яе сям’я — самае галоўнае. Ірына стараецца, каб муж Уладзімір і сын Арцём не адчувалі недахопу ўвагі і пяшчоты. Яна згодна з тым, што шчаслівая сям’я — гэта вялікая праца, якая патрабуе цярпення, умення ісці на кампрамісы і разумець чалавека, што побач з табой. За амаль што пятнаццаць год сумеснага жыцця сямейнаму караблю Ірыны і Уладзіміра давялося пабываць у жыццёвых бурах, аднак ён выстаяў.

 

— Былі ў нас складаныя перыяды, — расказвае жанчына, — але мы змаглі іх перажыць. Я гэтаму вельмі рада і лічу, што ў нас шчаслівая сям’я.

Муж  і жонка з павагай адносяцца да інтарэсаў адзін аднаго. Захапленне Ірыны вышыўкай пэўны час было цікавым і для Арцёма. Але цяпер ён з большым задавальненнем адпраўляецца на рыбалку з татам.

 

Сумесны адпачынак на прыродзе даўно стаў традыцыйным, а дома муж і сын дапамагаюць спраўляцца з хатнімі клопатамі. У іх няма строгага падзелу абавязкаў. Калі Іра не паспявае прыгатаваць вячэру, то на кухні гаспадарыць Уладзімір. Ды і Арцём таксама добры памочнік.

 

Сына бацькі выхоўваюць у атмасферы даверу і сяброўства.

— Мы вучым яго заўсёды гаварыць праўду, — дзеліцца сакрэтамі выхавання Ірына, — Напрыклад, прыйшоў са школы з “двойкай”, няхай раскажа адразу. Хочацца, каб сын нам давяраў і не хаваў свае няўдачы.

Дарэчы, падрыхтоўка дамашніх заданняў у Арцёма заўсёды пад кантролем таты і мамы. Ірына дапамагае з мовамі і літаратурай. Яна сама любіць паэзію і беларускую мову. А людзі, якія прыгожа і правільна размаўляюць на роднай мове, выклікаюць у яе захапленне. Гэта невыпадкова. Цікавасць да паэзіі і мовы Ірыне прывіў міёрскі паэт Пятро Сушко, які сябраваў з яе бацькамі. Праўда, цяпер Іра больш любіць чытаць дэтэктывы і жаночыя часопісы, а з вершамі выступае на сцэне, калі прымае ўдзел у конкурсах мастацкай самадзейнасці ў складзе творчай каманды райспажыўтаварыства.

 

Ужо год Ірына Замастоцкая з’яўляецца загадчыцай магазіна “Суседзі”, у якім, напэўна, пабываў кожны міярчанін. Сюды яна прыйшла працаваць прадаўцом, а праз некалькі месяцаў атрымала павышэнне. Асноўнымі яе абавязкамі сталі заказы тавараў і складанне справаздач, што запатрабавала больш увагі, засяроджанасці і адказнасці. З гэтымі задачамі Ірына спраўляецца. Не толькі таму што ў яе характары ёсць усе вышэйназваныя якасці. Важна яшчэ любіць справу, якой займаешся.

 

— Я жыву гэтым магазінам, — расказвае субяседніца. — Мне хочацца, каб пакупнікі заставаліся задаволенымі і нашым асартыментам, і культурай абслугоўвання. Мы вывучаем  пакупніцкі попыт, стараемся быць добразычлівымі да людзей, абавязкова параім, што лепш выбраць.

 

Таму не дзіўна, што ў магазіне чэргі бываюць не толькі ў гадзіну-пік. Часам пастаянныя кліенты, якія жывуць побач, проста прыходзяць сюды, каб пагаварыць пра жыццё-быццё. Напэўна, іх вабіць цёплая сяброўская атмасфера, якую разам з Ірынай ствараюць прадаўцы Лідзія Мікель і Таццяна Латышонак. Жанчына любіць свой невялікі калектыў, можна сказаць, гэта яшчэ адна яе сям’я, дзе таксама ёсць узаемаразуменне, падтрымка і свае традыцыі. Напрыклад, на дні нараджэння вырашылі дарыць парасоны. Як сімвал аховы ад жыццёвых нягод, ад якіх ніхто не застрахаваны.

 

Ірына ў любых сітуацыях стараецца заставацца аптымісткай, праганяць хмары з жыццёвага небасхілу і ўпэўнена ў тым, што да людзей трэба ісці з дабром.

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.