У конкурсе маладых сем'яў "Валадар зямлі па-глыбоцку", што праходзіў тры дні, удзельнічалі дзве каманды з Глыбоцкага, па адной з Пастаўскага і Міёрскага раёнаў. Гонар Міёршчыны абараняла сям'я Кабяк — Наталля і Уладзімір з дзецьмі Іванам і Вікторыяй, якія ў мінулым годзе восенню заваявалі на абласным этапе першае месца, а на рэспубліцы — трэцяе. Пра апошнія падзеі расказала гаспадыня дома Наталля:
— Увогуле, конкурс планаваўся як міжнародны, аднак так склаліся абставіны, што спаборнічалі толькі беларусы. Арганізатары пазнаёмілі нас з гістарычнымі і цікавымі мясцінамі горада Глыбокае, правялі экскурсію па храмах. А потым сямейныя пары чакалі нялёгкія выпрабаванні. Самымі простымі аказаліся "Візітка" і "Інтэлектуальны конкурс". Мы праходзілі майстар-клас па ткацтве і на кроснах ткалі невялікі адрэзак палатна, а мужчыны тым часам паказвалі свае здольнасці ў старажытным рамястве — разьбе па дрэве — стваралі са звычайных паленаў лыжкі.
Наступны дзень выдаўся яшчэ больш насычаным. Зімовая рыбалка для моцнай паловы звыклая справа, а вось падаіць кароў?! Запрэгчы каня ў сані і праехаць паласу перашкод давялося разам дружнай сям'ёй. Напрыканцы, можна палічыць гэта лёгкім адпачынкам, але на самой справе і тут арганізатары наладзілі выпрабаванне: мужчыны парылі адзін аднаго і ацэньвалася, хто гэта зробіць лепш. Мы, жанчыны, заварвалі гарбату з зёлак — смакавала яе журы.
Трэці дзень конкурсу таксама прыпаднёс свае сюрпрызы: мужчыны ў звычайнай вясковай печы пяклі дранікі і бліны! Атрымлівалася па-рознаму…
На заканчэнне кожная сям'я павінна была артыстычна абыграць літаратурны твор, які ім дастаўся па жараб'ёўцы. Мы дэкламавалі верш глыбоцкай паэтэсы Ганны Зінкевіч, нам нязменна дапамагалі ў гэтым дзеці — Іван і Вікторыя.
Цікава, што ўсе тры дні праходзілі ў розных вёсках, не паспявалі прызвычаіцца да абстаноўкі. Пашанцавала нам трапіць на дэгустацыі, якія праводзілі малочна-кансервавы завод і мясакамбінат.
Па кожным конкурсе выдзялялі намінацыі і адпаведна з гэтым ўзнагароджвалі. Наша сям'я стала пераможцай двойчы і атрымала граматы "Валадар сякеры" і за творчую пастаноўку "Валадар слова".
Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.