Знакавым стаў Тыдзень бацькоўскай любові, што праходзіў у рэспубліцы з 14 па 21 кастрычніка, для міярчан Аляксандра і Марыны МАТЭЛЕНКАЎ. Яны атрымалі пасведчанне аб нараджэнні сыночка Дзмітрыя.
Дзіма – другое дзіця ў сям’і. На выпісцы з акушэрскага аддзялення ў панядзелак іх з матуляй сустракалі тата і старэйшы брат Лёша. Яму шэсць, у наступным годзе стане першакласнікам.
Першая сустрэча атрымалася цёплай і пяшчотнай. Да гэтага бачыліся толькі праз акно і па відэасувязі.
Маці і маленькі адчуваюць сябе добра. Марына ўдзячна персаналу акушэрскага аддзялення за клопат і ўвагу. Адзначае камфортныя ўмовы і абслугоўванне найвышэйшага ўзроўню.
З віншаваннямі да сямейнага свята далучылася начальнік аддзела загса Ірына Юхно. Уручыла бацькам першы ў жыцці іх сына дакумент і пажадала напоўненага цёплымі яркімі момантамі, пяшчотнымі ўспамінамі мацярынства і бацькоўства, здароўя дзеткам і дабрабыту сям’і.
Шчаслівыя дзеці вырастаюць у шчаслівых сем’ях. Выказала ўпэўненасць у тым, што з новым статусам бацькоўскае шчасце Аляксандра і Марыны павялічыцца ўдвая, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Аксана Ашурка. На памяць уручыла падарункі.